Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачку асуджанай актывісткі Партыі БНФ спрабаваў завэрбаваць КДБ


Алег Грузьдзіловіч, Менск Актывістка БНФ Натальля Ільініч зьбіраецца абскардзіць прысуд, які вынесла ёй судзьдзя Анжаліка Данілава — паўтара года папраўчых працаў з адлічэньнем у бюджэт 20% заробку. Між тым сталі вядомыя факты ціску на сям’ю актывісткі з боку КДБ.

Працэс над актывісткай Партыі БНФ Натальляй Ільініч зь вёскі Талька Пухавіцкага раёну прайшоў за адзін дзень — 9 лістапада.

Натальлю абвінавацілі ў падбухторваньні мясцовага лекара выдаць яе дачцэ Дар’і фальшывую даведку пра хваробу. На судзе доктарка гэта пацьвердзіла, і хаця Натальля Ільініч настойвала, што дачка сапраўды была хворая, суд прызнаў маці вінаватай.

Паўтара года Натальля Ільініч будзе адлічваць 20% свайго заробку ў бюджэт — прычым яшчэ не вядома, ці застанецца яна працаваць на цяперашнім месцы. Натальля Ільініч выкладае ў мясцовай школе гісторыю.

А гісторыя яе асабістага працэсу пачалася год таму з абвесткі ў інтэрнэце пра кароткатэрміновыя студэнцкія туры ў Польшчу. Дачка Натальлі Дар’я Ільініч захапілася гэтай ідэяй, але часу атрымаць дазвол на паездку ў дэканаце не хапала. Дапамагла даведка ад доктара, якую забясьпечыла маці.

Празь некалькі месяцаў пасьля туру да Дар’і прыйшоў супрацоўнік КДБ, які запытаўся пра паездку ў Польшчу.

Што было далей, распавядае Натальля Ільініч:

“Яна трохі распавяла яму пра Польшчу, ён тады кажа — давай будзеш езьдзіць, усё нам распавядаць, і ўсё ў цябе будзе добра. І сэсіі будзеш добра здаваць, і паездкі ў цябе будуць. Дачка адмовілася. А тады ён сказаў, што перадасьць даведку ў пракуратуру. Ён ужо ведаў, што даведка ёсьць у дэканаце. Гэта ён зрабіў, і да нас прыехаў сьледчы”.

Ці шкадуе Натальля Ільініч пра тое, што адбылося зь ёй, яе дачкой і доктаркай, якая выдала даведку?

“Вядома. Столькі нэрваў спалена за гэтыя паўгода. Цяжка было гэта перажыць. Ды яшчэ паўтара года выплачваць 20% ад заробку. Тут і так такія заробкі, што не хапае заўсёды”.

Да арганізатараў студэнцкіх навучальных тураў у Натальлі адна просьба — ладзіць іх падчас вакацыяў, каб студэнты ня мусілі шукаць забароненых шляхоў.

Судзьдзя Анжаліка Данілава з Пухавіцкага раённага суду ні ў якім разе ня лічыць гэтую справу палітычнай.

Паводле спадарыні Данілавай, злачынствы з падробкай дакумэнтаў — не такая ўжо і рэдкая зьява. А тое, што справу ініцыяваў КДБ, для суду ня мае значэньня, мяркуе судзьдзя:

“Я ж ня ведаю, хто і як пачаў справу. Нам справа прыйшла з пракуратуры. Суд знайшоў склад злачынства і вынес прысуд паводле закону”.

Адвакат Павал Сапелка з рашэньнем суду ня згодны:

“Не сабрана судом дастаткова доказаў віны Натальлі Ільініч. Лічу прысуд ёй неабгрунтаваным і незаконным і буду абскарджваць яго ў Менскім абласным судзе”.

• Актывістку Партыі БНФ асудзілі на папраўчыя працы, 31.10.2007 • Магілёў: моладзевую актывістку даймае супрацоўнік КДБ, 31.10.2007 • Моладзевага актывіста прымусілі праходзіць псыхіятрычную экспэртызу, 25.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG