Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне моцны сьнегапад пакінуў без электрычнасьці больш за 350 паселішчаў


Радыё Свабода, Гомельшчына За апошнія суткі ў Гомельскай вобласьці выпала каля 30 сантымэтраў сьнегу. Паводле клясыфікацыі, гэта лічыцца надзвычайным здарэньнем прыроднага характару.

Найбольшая вышыня сьнежнага покрыва назіралася ў Жлобіне, Брагіне, Чачэрску.

У выніку моцнага сьнегападу без электрычнасьці засталіся 368 населеных пунктаў, у тым ліку каля паўтара дзясятка шпіталяў, паўсотні школ, 111 жывёлагадоўчых памяшканьняў.

Пашкоджана 188 кілямэтраў электраліній – найчасьцей з прычыны паваленых моцным ветрам са сьнегам дрэваў, што абрынуліся на электраправады.

Раніцай з абласнога цэнтру своечасова не дабраліся аўтобусы ў Рудню-Споніцкую Веткаўскага раёна, Цяруху й Бухалаўку Гомельскага раёну ды ў шэраг іншых паселішчаў.

Нават апоўдні ў любым мікрараёне Гомелю з-за сьнегу складана было выбірацца на вуліцу.

Распавядае сталая жыхарка Валатавы спадарыня Надзея:

“Месім сьнег паціху, памалу. Трэба, каб пачысьцілі. Але гэта, напэўна, складана ўручную. Дворнік – пажылая жанчына, і ёй, канешне, не пад сілу гэтая праца лапатаю, я так думаю. Патрэбна нейкая мэханізацыя”.

Сьнегапады сталіся прычынаю і падвышэньня колькасьці дарожных здарэньняў, прычым з чалавечымі ахвярамі.

Гаворыць прэсавы сакратар Гомельскай абласной дзяржаўтаінспэкцыі Іна Голік:

Голік: “Вадзіцель аўтамабіля “ВАЗ” учыніў сутыкненьне з тралейбусам маршруту нумар 10. У выніку загінуў сам вадзіцель, 1985 года нараджэньня. Двое пасажыраў памерлі ў дарозе ў бальніцу”.

Карэспандэнт: “Умовы надвор’я таксама сталіся прычынаю трагедыі?

Голік: “Часткова і з-за гэтага. Там чысьцілі сьнег. Акрамя таго, вадзіцель перавысіў хуткасьць. Больш падрабязна я не магу паведаміць, бо цяпер яшчэ ўсе абставіны высьвятляюцца. Ва ўчорашні дзень у нас адбыліся 23 ДТП, у выніку якіх 3 чалавекі загінулі, адзін – паранены. Сёньня сьнегаўборачная тэхніка працуе”.

Гомель 11.11.2007. Расчыстка сьнегу пасьля моцнага сьнегападу На здымку: расчыстка сьнегу ў Гомелі
XS
SM
MD
LG