Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Л.Заіка: Урад хоча правесьці канцэнтрацыю капіталу гвалтоўным шляхам


Алесь Дашчынскі, Менск Як паведамілі ў прэс-службе Міністэрства эканомікі, толькі 9348 індывідуальных прадпрымальнікаў з больш як 200 тысяч скарысталіся льготным парадкам і вырашылі стварыць прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. Прадпрымальнікі працягваюць рыхтавацца да мітынгаў пратэсту.10 лістапада скончыўся тэрмін, калі індывідуальныя прадпрымальнікі маглі падаць дакумэнты на перарэгістрацыю згодна з прэзыдэнцкім указам №302.

Гэты ўказ часова даваў ільготы для стварэньня прыватных унітарных прадпрыемстваў.

Толькі 9348 індывідуальных прадпрымальнікаў падалі дакумэнты на перарэгістрацыю згодна з прэзыдэнцкім указам №302

Як паведамілі ў прэс-службе Міністэрства эканомікі, толькі 9348 індывідуальных прадпрымальнікаў скарысталіся гэтай магчымасьцю. На 1 кастрычніка 2007 году ў Беларусі было каля 204 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў.

У Менску 2779 індывідуальных прадпрымальнікаў вырашылі ствараць прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы згодна з указам. Гэта — з 42 тысяч.

Начальнік упраўленьня прадпрымальніцтва Менгарвыканкаму Аляксандар Каліноўскі сказаў:

“Гэта зусім не азначае, што яны ня будуць рэгістраваць тых жа прыватных унітарных прадпрыемстваў у агульным парадку — а ня ў спрошчаным, як гэта прадпісана 302-м указам прэзыдэнта”.

А як спадар Каліноўскі ставіцца да ініцыятывы прадпрымальнікаў правесьці ў Менску 19 лістапада на плошчы Бангалор і 10 сьнежня на Кастрычніцкай плошчы мітынгі пратэсту?

“Я ня супраць, калі гэта ў межах дзейнага заканадаўства. Спытаць дазволу й правесьці акцыю — калі ласка. Гэта нармальная і цывілізаваная форма дачыненьняў улады і прадпрымальнікаў”, — кажа Аляксандар Каліноўскі.

“Гэта правал кампаніі ўладаў, мэта якой — перавод у прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы”

Адзін зь лідэраў прадпрымальнікаў Алесь Макаеў ставіць пад сумнеў афіцыйныя лічбы:

“Гэта правал кампаніі ўладаў, мэта якой — перавод у прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. Прадпрымальнікі не пайшлі за гэтым пернікам уладаў. Умовы перарэгістрацыі яны стварылі спрыяльныя, а ўмоваў працы не стварылі.

Нават тым 9 тысячам, што перайшлі, я прагназую праз паўгоду банкруцтва, большасьці зь іх. Нам трэба абудзіць цяпер вялікую салідарнасьць прадпрымальнікаў.

Галоўны пратэст — супраць такой вар’яцкай палітыкі ўладаў адносна прадпрымальнікаў, 760-га ўказу, які тэрмінова трэба адмяніць. Зьнішчаюць прадпрымальнікаў як клясу”.

”Вінаваты ўрад, палітыкі, што далі магчымасьць разьвівацца капіталу толькі ў гэтай люмпэнскай форме!”

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка мае такое меркаваньне:

“Праблема ў тым, што ўрад хоча правесьці індывідуальных прадпрымальнікаў праз працэс канцэнтрацыі капіталу гвалтоўным шляхам.

Вінаваты ўрад, палітыкі, што далі магчымасьць разьвівацца капіталу толькі ў гэтай люмпэнскай форме. У іх няма нічога, акрамя шапіка.

У такой сытуацыі трэба аддаць іхную будучыню рынку на разарваньне. Рынак іх разарве. Нехта прарвецца, узбуйніць свае капіталы. А нехта пойдзе на дзяржаўнае прадпрыемства”.



• Прадпрымальнікі рыхтуюцца да мітынгаў пратэсту, 09.10.2007
XS
SM
MD
LG