Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Наша краіна так і засталася “камуністычнай вандэяй”


Ягор Маёрчык, Менск Агляд вашых тэлефанаваньняў за 12 лістапада, панядзелак

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі атрымае прыз. Пераможцу абвяшчаем штонядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкі на Свабоду”.

Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


Пачнем праграму такім тэлефанаваньнем:

Зіноўеў: “Цікава, як Дашкевіч з калёніі штраф заплаціць? У шклоўскі “Беларусбанк” паедзе ці што?”

9 лістапада Шклоўскі раённы суд аштрафаваў зьняволенага лідэра незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Дашкевіча на 60 базавых велічыняў — гэта 1 мільён 860 тысяч рублёў.

Судзьдзя Тацяна Кашкіна прызнала Зьмітра Дашкевіча вінаватым у парушэньні артыкулу Крымінальнага кодэксу Беларусі — “Адмова альбо ўхіленьне сьведкі ад дачы паказаньняў без паважных прычынаў”. Зьміцер Дашкевіч сваёй віны не прызнаў.

На пытаньне слухача адказвае адвакат Зьмітра Дашкевіча Аляксандар Галіеў:

Галіеў: “Паводле закону ёсьць пэўны тэрмін для сплаты штрафу. У тым выпадку, калі штраф ня будзе аплачаны, можа быць прызначанае іншае пакараньне, прадугледжанае Крымінальным кодэксам, — грамадзкія працы. Але я думаю, што да гэтага ня дойдзе, пытаньне гэтае будзе вырашанае.

Ёсьць дастатковая колькасьць людзей, якіх турбуе лёс Дашкевіча. Не магу сказаць, што дакладна расьпісана, што нехта іншы можа заплаціць, але такое не забаронена — а значыць, магчыма”.

Нядаўна госьцем “Вольнай студыі” быў рэжысэр Валер Мазынскі. Для спадарожнікавага каналу “Белсат” ён здымае фільм паводле твору Янкі Купалы “Тутэйшыя”. Водгук нашага слухача на апошні выпуск “Вольнай студыі”:

Алесь Харытон, Краснае: “Двойчы слухаў і двойчы атрымаў задавальненьне ад выступу Мазынскага. Віншую яго зь вялікай творчай перамогай, вельмі задаволены, што такі твор Янкі Купалы хутка зьявіцца на тэлеэкранах.

Я спадзяюся, неяк мне пашэнціць па талерцы пабачыць і ціха шалець ад цудоўнай ігры беларускіх актораў і ад цудоўнай рэжысуры спадара Мазынскага.

А наконт беларускага кіно — ён фактычна зрабіў першы крок, а першы крок заўсёды застаецца ў гісторыі. Я яму зычу ўпартасьці, бо беларускі народ — гэта ўпарты народ. Я яму зычу добрага здароўя і каб у яго былі вялікія посьпехі на ніве беларускага кіно зь беларускімі акторамі”.

Працягнем праграму водгукам на “Праскі акцэнт”. У апошнім выпуску гэтай перадачы экспэрты абмяркоўвалі падзеі ў Грузіі. Нагадаю, што на мінулым тыдні грузінскі парлямэнт пацьвердзіў уведзены прэзыдэнтам рэжым надзвычайнага становішча. Раней падчас сутычак паміж паліцыянтамі й дэманстрантамі пацярпелі каля пяцісот чалавек.

Кіраўнік Грузіі Міхаіла Саакашвілі прызначыў на 5 студзеня наступнага году датэрміновыя выбары прэзыдэнта.

Міхаіл Леках, Рыга: “Хачу адгукнуцца на перадачу “Праскі акцэнт”… Спадарства, адзін прынцыповы недахоп гэтай перадачы — вы не кранаеце эканамічных аспэктаў, катастрафічанага эканамічнага становішча ў Грузіі. За гады прэзыдэнцтва Саакашвілі эканамічнае становішча бальшыні людзей практычна не зьмянілася. Як яно было катастрафічным, так і засталося.

Для чаго я кажу гэта ўсё? Трэба глыбей капаць. Нельга павярхоўна зводзіць да таго, ці ёсьць дэмакратыя, ці няма дэмакратыі. Грузіны ў Грузіі знаходзяцца ў стане выжываньня”.

Закончым праграму такім тэлефанаваньнем:

Спадар Рыжкоўскі, пэнсіянэр, Менск: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Чарговы раз афіцыйна адзначылі так званае сьвята — дзень бальшавіцка-расейскага перавароту, да якога Беларусь ня мае ніякага дачыненьня, якое не сьвяткуецца нават у Расеі.

Мне, сьвядомаму беларусу, сумна ўсьведамляць, што наша краіна, паводле трапнага выразу Алеся Адамовіча, так і засталася “камуністычнай вандэяй”.

У нас мала што зьмянілася, нас зацягнула багна мінулага. Згадаем хоць бы назвы вуліц нашых гарадоў, усё з той эпохі. Больш за тое, цяпер адбываецца рэанімацыя сталінізму, пачварнай зьявы мінулага стагодзьдзя.

Мне сорамна, што ў нас няма незалежных галінаў улады, якія б кіраваліся законам, а ня ўказам зьверху. Адсюль беспакараныя расправы сілавікоў зь мірнымі дэманстрантамі, прысуды са стандартнымі абвінавачаньнямі: учыняў беспарадкі, нецэнзурна лаяўся, абражаў міліцыянтаў.

Самае балючае тое, што мы ня можам зьмяніць сытуацыі канстытуцыйным шляхам, бо наша выбарчая сыстэма так адладжаная, што трапіць ва ўладныя структуры кандыдатам ад апазыцыі немагчыма.

Нам, грамадзянам Беларусі, сорамна, што мы апынуліся ў такім стане. Але чаму ня сорамна чыноўнікам ад улады? Відаць, вельмі ўтульна яны сябе пачуваюць на сваіх пасадах”.
XS
SM
MD
LG