Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3ША прапанавалі ААН асудзіць Беларусь за парушэньні правоў чалавека


Радыё Свабода Дэлегацыя ЗША прапанавала дзяржавам-сябрам ААН абмеркаваць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. На разгляд дэлегатаў Трэцяга камітэту Генеральнай асамблеі ААН вынесены праект рэзалюцыі, у якім гаворыцца, што ў Беларусі працягваюцца сытэматычныя парушэньні правоў чалавека, а таксама ўціск і перасьлед СМІ, апазыцыі і праваабаронцаў, паведамляе цэнтар навінаў ААН.

Аўтары дакумэнту выражаюць “глыбокую занепакоенасьць з нагоды працягу выкарыстаньня сыстэмы крымінальнага правасудзьдзя для таго, каб прымусіць замаўчаць палітычную апазыцыю й праваабаронцаў, у тым ліку ў форме самавольнага затрыманьня, невыкананьня належных працэсуальных нормаў і зачыненых палітычных судовых працэсаў над вядучымі прадстаўнікамі апазыцыі й праваабаронцамі”, паведамляе РИА Новости.

У праекце рэзалюцыі гаворыцца пра “далейшую эрозію дэмакратычнага працэсу” й сьцьвярджаецца, што мясцовыя выбары ў Беларусі ў 2007 годзе прайшлі з выкарыстаньнем мэтадаў запалохваньня апазыцыі і уціску незалежных СМІ.

Аўтары праекту, сярод якіх ЗША, краіны Эўразьвязу й Японія, нагадалі Менску пра гвалтоўнае зьнікненьне трох палітычных апанэнтаў прэзыдэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі ў 1999 годзе й журналіста ў 2000 годзе.

У віну Беларусі пастаўлены ўціск і закрыцьцё няўрадавых арганізацый, арганізацый нацыянальных мяншыняў, незалежных сродкаў масавай інфармацыі, рэлігійных груп, апазыцыйных палітычных партый, незалежных прафсаюзаў і студэнцкіх арганізацый. У сьпісе “перасьледаваных уладамі” фігуруе Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт.

Летась Генэральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю, якая асуджала Менск за парушэньне дэмакратычных свабодаў. Расея галасавала “супраць”.

Сталы прадстаўнік Беларусі пры ААН Андрэй Дапкюнас заклікаў адклікаць праект рэзалюцыі па Беларусі, заявіўшы, што галасаванне па краінавых рэзалюцыях — гэта чарговая спроба легітымізацыі расколу дзяржаў — сябраў ААН, паведамляе інтэрнэт-сайт naviny.by.

• Дж.Буш з трыбуны ААН сярод дыктатарскіх краінаў згадаў Беларусь, 25.09.2007 • Ініцыятыву “Мы памятаем” запрасілі на сэсію Рады ААН у правах чалавека, 25.09.2007
XS
SM
MD
LG