Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін дзень палітвязьня Аляксандра Васільева


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёлета ў лютым і летась у ліпені на хвалях Радыё Свабода гучэлі перадачы з цыклю “Адзін дзень у сям’і палітвязьня”. Мы працягваем гэтую тэму расповедамі пра былых палітвязьняў.

Мне давялося быць сьведкам таго, як разгортваліся падзеі вакол “справы Леванеўскага-Васільева”, кіраўнікоў Агульнанацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў, які ня быў зарэгістраваны. Яны здолелі, можа, нават самі таго не чакаўшы, падрыхтаваць масавы мітынг, на якім выліліся эмоцыі гарадзенцаў: “Лукашэнку — у адстаўку! Не — трэцяму тэрміну! Свабоды!!!” Валеры Леванеўскі гэтага пачуць ня мог, ён ужо сядзеў у пастарунку. Аляксандар Васільеў, наадварот, знаходзіўся на плошчы Леніна і ўсё чуў і бачыў на ўласныя вочы.

У судовай справе падзеі 1 траўня 2004 году ў Горадні пазьней будуць названы “масавымі беспарадкамі”, а ў канчатковым прысудзе па два гады зьняволеньня Леванеўскі і Васільеў атрымаюць “за публічную абразу прэзыдэнта”. Дарэчы, перад заканчэньнем працэсу Аляксандар Васільеў сказаў Радыё Свабоды, што любы прысуд прыме з годнасьцю і што “лічыць за гонар пацярпець за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі”. У калёніі, калі яго спыталі: “За што сядзіш?”, ён адказаў з гумарам: “За тое, што спрабаваў расхістаць пасад…”

“Каб назад адыграць, я б рабіў тое ж самае”

Палітвязень прызнаецца цяпер: сам факт, што ён быў асуджаны і трапіў у турму, быў непрыемны, але чаканы ім, паколькі, калі яны зь Леванеўскім працавалі сярод прадпрымальнікаў і займаліся палітычнай дзейнасьцю, ён даўно адчуваў з боку спэцслужбаў і міліцыі асаблівую цікавасьць да сябе. Калі спадар Васільеў зьбіраўся на апошняе паседжаньне ў суд, ужо разумеў, чым мае закончыцца працэс, таму прыняў душ, пастрыгся, выпіў апошні раз кавы, нармальнай гарбаты, усьведамляючы, што ў турме трэба будзе на гэта забыцца.



Але сёньня ён цьвёрда стаіць на сваім: “Я ніколі не шкадаваў аб тым, што зьдзейсьніў, я дзейнічаў так, як мне падказвала сумленьне. Каб назад адыграць, я б рабіў тое ж самае. Таму, калі ўлады спадзяваліся, што пахіснуць мае перакананьні, гэта дарэмна. Каб я зрабіў па-іншаму, напэўна да самога сябе ня меў бы павагі”.

Якія былі цяжкія моманты? Палітвязень успамінае: калі ў кватэры ператрус рабілі, то ня ўсе спакойна гэта перанесьлі, у дачкі Яўгеніі быў стрэс і пэўныя праблемы потым. Таму што нечакана ўварваліся чужыя людзі, усё забралі — кампутар яе, запісы, нават чыстую паперу. Яна прывыкла: дом — ёсьць дом, але зьнянацку прыходзяць нейкія дзядзькі — восем чалавек, усё перакульваюць, забіраюць. “Яна -- ранімы чалавек”, -- гаворыць бацька. Яўгенія цяпер заканчвае ВНУ, будзе юрыстам, і ён дапускае, што ў яе могуць узьнікнуць праблемы, калі давядзецца шукаць працу.

“Атрымліваецца, ў турме ўтрымліваюць людзей як трусоў”

Пасьля зьняволеньня палітвязень адчуў праблемы са здароўем. Раней зрок быў амаль “адзінка”, а як выйшаў з-за кратаў, дык зь цяжкасьцю прайшоў мэдкамісію для кіроўцаў, бо адно вока стала 0,3, другое — 0,4 дыёптрыя, таму ён можа цяпер езьдзіць толькі ў акулярах.

Чаму так? Аляксандар Васільеў узгадвае 108-у камэру СІЗА ў гарадзенскай турме, дзе прабыў два месяцы. Там адна лямпачка ў куту, а памяшканьне — шэсьць на шэсьць мэтраў. Па нормах належыць утрымліваць ня больш за васемнаццаць чалавек, а пры ім было трыццаць пяць і болей. Палітвязень расцэньвае гэта, як катаваньне. Таму што ў законе напісана: на кожнага асуджанага павінна быць ня менш за два квадратныя мэтры, а насамрэч — адзін мэтар і менш. На лецішчы ён цяпер займаецца гадоўляй трусоў, на аднаго дарослага трэба 0,7-0,8 квадратнага мэтра. Атрымліваецца, ў турме ўтрымліваюць людзей як трусоў, робіць выснову палітвязень.

У тых умовах, што існуюць, чалавек папросту губляе здароўе. У цеснаце, антысанітарыі, напрыклад, распаўсюджваюцца сухоты. Прыйшоў здаровы, выйшаў на волю з хваробай. Побач з палітвязьнем у 108-й камэры як раз быў хворы на сухоты. І да ўсяго яшчэ не хапала паветра. Уяўляеце, гаворыць спадар Васільеў: “У гэтай клетцы ўсе паляць, я ня мог ім забараніць, я адзін некурэц, у мяне алергія, няма чым дыхаць. Праз створаныя там скоцкія ўмовы я страціў частку свайго здароўя, трапіў пазьней у турэмны шпіталь…”

“У Беларусі стараюцца ў турмах прынізіць, абразіць, растаптаць”

Пасьля вызваленьня польскія калегі запрасілі яго ў Беласток, дзе ён наведаў турму і ўбачыў, што там “сапраўды Эўропа, цывілізацыя”. Там умовы ўтрыманьня зусім іншыя. Адзін толькі прыклад: у беластоцкай турме нармальныя людзкія вокны. Аляксандар Васільеў зьдзівіўся: у гарадзенскай усё закратаванае і мэталічнымі плястынамі дадаткова, сьвятло з вуліцы не трапляе зусім. Палякі кажуць: у іх таксама гэтак было раней, пры камуністах, але ўсё перарабілі. Аляксандар Васільеў разважае: ”У Беларусі стараюцца ў турмах прынізіць, абразіць, растаптаць. А там злачынцу ізалююць, але каб зьдзекавацца зь яго — такога няма”.

Людзі, якія ўдзельнічаюць у расправе з іншадумцамі, у будучыні павінны быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці, лічыць палітвязень. “Люстрацыя” — справядлівая рэч. Немагчыма забыць тых, хто ў турмах “прэсаваў”, хто ствараў невыносныя ўмовы. Палітвязень падкрэсьлівае пры гэтым: і ў Воршы, і ў Горадні яму сустракаліся розныя супрацоўнікі пэнітэнцыярнай сыстэмы — адны прытрымліваліся закону, іншыя — наадварот. Прозьвішчы гэтых людзей зафіксаваны, зазначае Васільеў, іншымі зьняволенымі таксама, тым жа Міхаілам Марынічам, зь якім яны сядзелі разам у Воршы…

Два дні палітвязьня

Два дні засталіся ў памяці палітвязьня з тых драматычных падзеяў. Першы — калі пасьля суду кінулі ў турму, у гэтак званы каранцін: у куту груд сьмецьця, смурод, ні матрацаў, нічога. Шэсьць чалавек у камэры: два на тры мэтры. Гэта быў адразу, канечне, шок. Потым агледзеўся: на другім ярусе хлопец з выгляду гадоў пятнаццаці-шаснаццаці, бялявы. І палітвязьню падумалася: калі той трымаецца, калі лёс такі, значыцца трэба трымацца. Адчуў у турэмным ізалятары, што лепшая абарона — гэта сьціснуць ў кулак нэрвы, супакоіцца і — будзь што будзе.

І другі памятны дзень — гэта дзень вызваленьня, калі нечакана выклікалі —зьбірайся, вывелі за КПП і адпусьцілі. Гэта было ў Менску на Кальварыйскай. Паехаў на аўтавакзал, зайшоў у блінную, узяў бліны, і яны здаліся такімі смачнымі, смачней за іх, здаецца, у жыцьці нічога ня еў. Першы дзень на свабодзе, ён таксама вельмі запомніўся Аляксандру Васільеву.



Слонім, 15 траўня 2006 году: Аляксандар Васільеў сустрэўся з Валерыем Леванеўскім, якога ў гэты дзень выпусьцілі на волю.

А хоць штосьці карыснае з турэмнага жыцьця можна ўзгадаць? Бадай што, пагаджаецца Васільеў. У Воршы ў бібліятэцы зьбіраліся чалавек дзесяць, абмяркоўвалі рознае, стварыўся дыскусійны клюб і было вельмі цікава, гаворыць палітвязень. З многімі людзьмі даводзілася размаўляць у турме, адсоткаў дзесяць — чыноўнікі: адзін трапіў за хабар, другі нешта прапусьціў, нехта за махінацыі нейкія. Але часта саджаюць за дробязь, за сорак-шэсьцьдзесят даляраў, прычым на вялікія тэрміны. “Улада гаворыць аб сваёй бязьмежнай любові да народу, але тым жа часам на тысячу насельніцтва ў нас асуджаных у чатыры разы болей, чым у Польшчы”, -- падсумоўвае Васільеў.

“Мне ў турме споўніліся 59 гадоў”

Самому яму дапамагло вытрываць у зьняволеньні тое, што быў упэўнены ў сваёй рацыі. “Я ніякага злачынства, з пункту гледжаньня закону, не зьдзяйсьняў. Мяне асудзілі па палітычных матывах, — з перакананьнем вымаўляе Васільеў: Хаця міністар унутраных справаў сьцьвярджае, што ў нас няма палітзьняволеных, яны ёсьць. У гутарках з турэмнымі афіцэрамі я заўжды казаў: я маральна не пераможаны, не зламаны, і нават калі мяне паставяць да сьценкі — не адмоўлюся ад свайго. Мне ў турме споўніліся 59 гадоў, свае перакананьня я мяняць не намераны. Мая перакананасьць дапамагала выжыць у нечалавечых, я лічу, умовах”.

Але гэта яшчэ ня ўсё. Палітвязень гаворыць, што ўдзячны Радыё Свабода, ды іншым журналістам за тое, што нагадваюць пра палітзьняволеных. “Паколькі ўлады ўсё робяць, каб замаўчаць праўду: нідзе ў дзяржаўных мэдыях гэтыя пытаньні не закранаюцца. Атрымліваецца: няма палітзьняволеных, няма й праблемы. Бо як толькі забудуцца на палітзьняволеных, ва ўладаў разьвяжуцца рукі, яны змогуць зрабіць зь імі што захочуць”, -- перакананы Аляксандар Васільеў. -- А пакуль Казулін, Клімаў, Статкевіч, Дашкевіч, ды іншыя сядзяць у турмах за свае палітычныя перакананьні, ім патрэбна падтрымка . Яны даказваюць, што ня ўсе ў Беларусі загнаны ў кут, што ёсьць людзі, якія ведаюць, што могуць пацярпець, але ўсё роўна не баяцца выказваць сваё меркаваньне”.

Спадар Васільеў піша Аляксандру Казуліну, яму самому дапамагалі лісты ад сяброў, атрыманае аднойчы навагодняе віншаваньне ад амэрыканскага амбасадара.

Сёньня Аляксандар Васільеў больш не прадпрымальнік, здаў пасьведчаньне. Яму хутка будзе 62 гады, з лёгкай усьмешкай ён гаворыць, што займаецца гадоўляй трусоў, улетку яшчэ вырошчвае грыбы на пнях, вешанкі. Часам бывае на Радзіме — у Пензенскай вобласьці Расеі. Яго закранула, што на прэсавай канфэрэнцыі для правінцыйнага расейскага друку, што зьбірае прэзыдэнт Лукашэнка, прысутнічаў таксама журналіст з “Пензенскай правды”. Будучы ў Пензе, ён наведаў рэдакцыю, расказаў землякам за што сядзеў, расказаў якая сытуацыя з прадпрымальніцтвам, пра абстаноўку ў краіне. Ня без задавальненьня кажа: глядзеў па тэлевізары апошнюю такую прэс-канфэрэнцыю, і прадстаўніка “Пензенскай правды”, здаецца, не было.

Палітвязень вельмі ўдзячны сваёй жонцы Натальлі. Калі захварэў, яна прыехала у Воршу, настойліва патрабавала, каб прымалі меры. Яна не баялася размаўляць з турэмшчыкамі: муж ні ў чым не вінаваты, а яго за кратамі пазбаўляюць яшчэ здароўя! У яго абвастрыўся панкрэатыт, пакутаваў на моцны гастрыт, пачаліся праблемы зь ціскам. Менавіта дзякуючы яе настойлівасьці яго адправілі ў турэмны шпіталь у сталіцу, інакш ён бы яшчэ надалей “загібаўся”, перакананы Аляксандар Васільеў: “У гэтых адносінах жонка мая малойца”, — дадае палітвязень.

Аляксандар Васільеў нарадзіўся 18 сакавіка 1946 году у сяле Галіцына Пензенскай вобласьці Расеі. Пасьля вайсковага вучылішча закончыў артылерыйскую акадэмію ў Ленінградзе, служыў у ракетных частках сухапутных войскаў. У Савецкай арміі з 1964 да 1991 году, службу закончыў у Асіповічах, падпалкоўнік. Двойчы служыў у ГДР, быў сьведкам разбурэньня Бэрлінскага муру.

Жонка Натальля Васільева — прадпрымальніца, дзеці Яўгенія (23 гады) і сын Дзьмітры (19 год) — студэнты. Дачка ад першага шлюбу Валянціна (38 гадоў) — грамадзянка Францыі, у яе двое дзяцей.

Суд прызнаў Аляксандра Васільева вінаватым у нанясеньні публічнай абразы прэзыдэнту Лукашэнку, злучанай з абвінавачаньнем яго ў цяжкім злачынстве. Адначасова ён быў прызнаны вінаватым у арганізацыі “групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак”, а калі больш дакладна — у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў 1 траўня. За гэта суд вызначыў спадару Васільеву яшчэ паўтары гады зьняволеньня. Але паколькі больш значнае пакараньне паглынае менш значнае, яго пасадзілі на два гады.

Абвінавачаньне выкарыстала тэкст першатравеньскай ўлёткі, якую распаўсюдзілі Леванеўскі з Васільевым. Ва ўлётцы гарадзенцаў заклікалі прыйсьці на першатравеньскі мітынг, у ёй таксама быў надрукаваны верш, у якім суд убачыў абразу прэзыдэнта.

Палітвязень адбываў пакараньне з 7 верасьня 2004 году да 7 ліпеня 2005 году, выйшаў на волю паводле амністыі. Апроч гарадзенскай турмы, сядзеў у Аршанскай калёніі N8, а пасьля знаходжаньня ў рэспубліканскім турэмным шпіталі — у калёніі N1 ў Менску, адкуль быў вызвалены.


• Адзін дзень палітвязьня Ўладзімера Плешчанкі, 6.11.2007 • Адзін дзень палітвязьня Валер’я Леванеўскага, 5.11.2007 • Адзін дзень палітвязьня Івана Крука, 25.10.2007 • Адзін дзень палітвязьня Васіля Лявонава, 24.10.2007 • Адзін дзень у сям’і палітвязьня Валер’я Шчукіна, 23.10.2007 • Адзін дзень у сям’і палітвязьня (усе перадачы), 7.03.2007
XS
SM
MD
LG