Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні ліст ад сына Ала Клімава атрымала два тыдні таму


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі ствараюць камітэты салідарнасьці зь беларускім палітвязьнем Андрэем Клімавым. Што тым часам робіцца ў Беларусі, каб дапамагчы палітыку, які ўжо трэці раз апынуўся за кратамі?

Ала Клімава, маці палітвязьня Андрэя Клімава, якога нядаўна зьмясьцілі ў Мазырскую калёнію, адправіла сыну тэлеграму. Вось яе тэкст:

“Чаму ня пішаш? Тэрмінова паведамі пра здароўе. Як з прадуктамі? Турбуемся. Мама, Таня”.

Апошні ліст ад сына Ала Клімава атрымала два тыдні таму. Андрэй пісаў, што ў яго адабралі ўсе харчы, безь якіх ён як хворы на цукровы дыябэт абысьціся ня можа. Паведамляў, што яму баліць сэрца, але яго прымушаюць выходзіць на працу. Цяпер у сям’і палітвязьня непакояцца, не выключаюць, што зь ім можа здарыцца нават найгоршае.

Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека заявіла пра намер стварыць камітэт падтрымкі Андрэя Клімава. Праваабаронцы плянуюць арганізаваць акцыі салідарнасьці з палітвязьнем па ўсім сьвеце. А што робяць у Беларусі, каб дапамагчы Клімаву?

Андрэй уваходзіць у Аб’яднаную грамадзянскую партыю. Лідэр партыі Анатоль Лябедзька расказаў пра захады ў падтрымку аднадумцы:

“Мы зьвярнуліся ў кожную эўрапейскую амбасаду і амбасаду ЗША ды офіс АБСЭ, каб дыпляматы па сваіх каналах запрасілі сустрэчу з Клімавым і пасьля далі аб’ектыўную інфармацыю пра стан ягонага здароўя, што зь ім адбываецца. Паралельна зьвярнуліся з запытам ў дэпартамэнт адбыцьця пакараньняў, які кантралюе калёніі, каб яны праверылі факты адносна ўтрыманьня Клімава”.

Паводле Анатоля Лябедзькі, таксама рыхтуецца шэраг вулічных акцыяў у падтрымку палітвязьняў. У Беларусі найбліжэйшая такая акцыя адбудзецца 10-га сьнежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека.

У сярэдзіне кастрычніка журналіст Яўген Агурцоў атрымаў апошні на гэты момант ліст ад Андрэя Клімава, у якім сябар пісаў пра цяжкія ўмовы на турэмным карантыне. Потым Андрэй Клімаў замаўчаў, што Яўген Агурцоў лічыць дрэнным знакам:

“Баюся, што ён абурыўся тым, што ў яго ўсё адабралі, і выказаўся. І за гэта яго маглі зьмясьціць у карцар. Таму ён і маўчыць”.

Яўген Агурцоў паведаміў, што даслаў матэрыялы адносна Клімава ў расейска-беларускую камісію правоў чалавека, якую ачольвае Эла Памфілава. Праз два тыдні камісія правядзе слуханьні, і Яўген спадзяецца, што будзе разгледжаная й сытуацыя вакол ягонага сябра Клімава.

Вось толькі што можа стаць з Андрэем Клімавым за два тыдні? Дзяжурны Мазырскай калёніі ўвогуле адмаўляецца гаварыць пра такога вязьня.

Карэспандэнт: “У вас у 18-м атрадзе ёсьць вязень Андрэй Клімаў. Можа, ёсьць зьвесткі, як ён пачуваецца, бо ён вельмі хворы?”

Міліцыянт: “А хто вы такі? Журналіст? Ня ведаю такога асуджанага”.

Андрэя Клімава асудзілі на два гады зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму за антыўрадавы артыкул у інтэрнэце. Паседжаньне суду было закрытым, таму падрабязнасьці справы невядомыя.

Адрас Клімава ў калёніі:

247760 Гомельская вобласьць, г. Мазыр. ІК-20 Клімаву Андрэю Яўгенавічу

Ад канца 1990-х гадоў гэта ўжо трэцяе пакараньне Андрэя Клімава, якога ў сьвеце прызналі вязьнем сумленьня.
• У Андрэя Клімава ў калёніі адабралі ежу, якую ён прывёз з сабой, 05.11.2007 • Андрэй Клімаў чакае лістоў у мазырскай калёніі, 23.10.2007
XS
SM
MD
LG