Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парадак выезду за мяжу: сутнасьць рыхтаваных зьменаў


Севярын Квяткоўскі, Менск Міліцыя падрыхтавала ўказ прэзыдэнта аб адмене дазвольнага штампа на выезд у пашпарце, але пры гэтым прапануе прыняць Палажэньне аб банку дадзеных асобаў, якім забаронены выезд за мяжу. Мяркуецца, што новыя правілы набудуць сілу 1 студзеня 2008 году.

Па камэнтар я зьвярнуўся да Аляксея Бегуна, першага намесьніка начальніка дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі.

Карэспандэнт: “Навошта патрэбнае Палажэньне аб базе, калі й так ёсьць нейкая база, на мяжы ёсьць кантроль?”

Бягун: “Трэба ўвесьці базу ў ранг заканадаўства. Вось вы заўтра паедзеце на мяжу. Вас спыняць. І скажуць, што вы ў базе дадзеных. Дык вось рашэньне аб правамернасьці ўключэньня ў базу можна будзе абскардзіць у судзе”.

Юрыст Юры Чавусаў камэнтуе:

“Я не даю ацэнкі што да станоўчасьці ці адмоўнасьці такіх захадаў. Але тое, што раней было ў межах пазаправавой працэдуры, прынамсі, не было ўрэгулявана адкрытымі крыніцамі (мы ведаем, што ёсьць шмат засакрэчаных указаў), то калі зараз гэта будзе хоць у адкрытым указе, гэта будзе хоць якая магчымасьць спаслацца на нейкія нормы заканадаўства і патрабаваць іх выкананьня”.

Юры Чавусаў зазначыў, што цяпер многія зь лідэраў апазыцыі змогуць адстойваць свае правы праз суд, бо множацца выпадкі, калі без тлумачэньняў людзей трымаюць на мяжы гадзінамі і старанна абшукваюць.

Адзін з апазыцыйных палітыкаў Алесь Міхалевіч такімі словамі ўспрыняў навіну:

“Вельмі пазытыўна. Адмяніць дазвольны штамп – гэта значыць адмяніць дадатковыя паборы зь людзей. Я вітаю любыя ініцыятывы, якія адмяняюць дадатковыя паборы зь людзей за права выяжджаць за мяжу, дыхаць і г.д.”.

Алесь Міхалевіч упэўнены, што беларуская дзяржава не адмовіцца ад паслабленьня кантролю за людзьмі, і асьцерагаецца, што можа быць уведзены спэцыяльны замежны пашпарт.

Ізноў зьвяртаюся да Аляксея Бегуна:

Бягун: “Замежны пашпарт пакуль не разглядаецца”.

Карэспандэнт: “Я зьбіраюся ісьці мяняць пашпарт...”

Бягун: “Калі вы будзеце выяжджаць пасьля 1 студзеня, то штампа можаце не пераносіць”.

Карэспандэнт: “Гэта яшчэ ня факт?”

Бягун: “Мы падрыхтавалі праект. Праект мае знайсьці лягічнае завяршэньне”.

Карэспандэнт: “А калі і хто яго павінен зацьвердзіць?”

Бягун: “Прэзыдэнт у канцы лістапада”.

• Дазвольнага штампа для выезду за мяжу не адмяняюць?, 03.10.2007 • Штамп дазволу на выезд за мяжу можа быць скасаваны з 2008 году, 05.06.2007 • А.Бягун: “Адменяць ці не адменяць дазвольны штамп — жыцьцё пакажа”, 01.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG