Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Горадня: пратэстанты вымушаныя маліцца ў касьцёле


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Беларусі працягваецца кампанія па абароне права на свабоду сумленьня. Яе ўдзельнікі праводзяць збор подпісаў, жадаючы, каб у закон аб свабодзе сумленьня і веравызнаньнях былі ўнесеныя зьмены. Зьбіраюць подпісы і ў Горадні. Усяго ў Беларусі іх сабрана ўжо каля трыццаці тысяч. Падпісанты лічаць, што прадстаўнікі розных канфэсіяў знаходзяцца не ў аднолькавых умовах.

Ня ўсе рэлігійныя суполкі Горадні маюць свой храм альбо хаця б памяшканьне для малітваў. Напрыклад, у грамадзе хрысьціянаў поўнага Эвангельля “Жывое слова” каля ста вернікаў. Маліцца ім даводзіцца ў каталіцкай капліцы з ласкі ксяндза. Але, як кажа пастар Дзьмітры Малюкевіч, ёсьць пытаньні: усё ж пратэстанцкія вернікі ў каталіцкім храме — гэта “нестандартная” сытуацыя. Іншага такога прыкладу ў Беларусі ён ня ведае, гаворыць пастар.

Сёлета грамада знайшла два памяшканьні, якія ня супраць былі здаваць ёй у арэнду. Былі накіраваныя афіцыйныя лісты ўладам, але ў гэтых памяшканьнях раптоўна пачалі рамонт – і нічога не атрымалася. І ў гэтай сытуацыі спрыяньня з боку ўладаў вернікі зусім не адчуваюць, хаця патрэба рэгулярна зьбірацца дзеля малітвы зьяўляецца падставовай. Пастар Дзьмітры Малюкевіч зазначае, што закон аб свабодзе сумленьня і веравызнаньнях не забясьпечвае рэальнай роўнасьці ўсіх рэлігійных суполак:

“Задачай гэтага закону зьяўляецца забесьпячэньне і гарантаваньне права кожнага на свабоду сумленьня і свабоду веравызнаньня, на сацыяльную справядлівасьць, роўнасьць, абарону правоў і інтарэсаў, незалежна ад адносінаў да рэлігіі і рэлігійнай прыналежнасьці, на свабоду аб’яднаньня ў рэлігійныя арганізацыі. Я канстатую з жалем, што гэты закон з гэтай задачай не спраўляецца, і мы павінны гэта прызнаць і павінны штосьці з гэтым зрабіць”.

Пастар зазначае, што вернікі “Жывога слова” адчуваюць пэўную дыскрымінацыю з той прычыны, што належаць не да асноўнай канфэсіі, а да іншай. Яны адчуваюць сябе ў пэўных сытуацыях нібы людзьмі другога гатунку, падсумоўвае Дзьмітры Малюкевіч.

У “Жывога слова”, аднак, наладжаны добрыя кантакты з прадстаўнікамі некаторых іншых канфэсіяў.

“Я вельмі рады, – гаворыць Дзьмітры Малюкевіч, – што сёньня ў Горадні ёсьць невялікі досьвед міжканфэсійнага сумоўя, у нас на асабістым узроўні склаліся вельмі добрыя адносіны з рымска-каталіцкім сьвятаром, з уніяцкім сьвятаром, з прадстаўнікамі іншых пратэстанцкіх цэркваў, і я асабіста гэтым вельмі даражу”.

Раз на месяц яны праводзяць супольныя — экумэнічныя малітвы. На апошняй, лістападаўскай, маліліся за пакаяньне народу, за тое, каб у краіне ніколі не паўтарыліся рэпрэсіі 1937 году.
XS
SM
MD
LG