Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Меншае колькасьць тых, хто гатовы прамяняць самастойнасьць”


Радыё Свабода Агляд недзяржаўнай прэсы за 12 лістапада.

Калі раней дамінавалі памкненьні, каб Беларусь мела цесныя стасункі з Расеяй (за што выказваліся 2/3 насельніцтва), то цяпер гэтая лічба зьніжаецца, як зьніжаецца колькасьць і тых, хто выступае за інтэграцыю з аб’яднанай Эўропай. Артыкул паводле новых дасьледаваньняў зарэгістраванага ў Літве Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў зьмяшчае ў сваім сьвежым нумары газэта “Новы час”.

За аднаўленьне СССР на гэты момант выказваюцца толькі 12 адсоткаў апытаных. Зьмяншаецца колькасьць тых, хто гатовы прамяняць самастойнасьць на кусок масла. Раней эканамічны дабрабыт на першае месца ставілі да 80 адсоткаў апытаных, цяпер – 60 адсоткаў, аднак доля тых, што лічаць найважнейшай самастойнасьць узьнялася да 32 адсоткаў. Гэта сьведчыць пра тое, што ў сьвядомасьці людзей галоўны прынцып: Беларусь – самастойная дзяржава.

Аглядальнік газэты “Белорусы и рынок" Аляксандар Акуліч разважае пра беларускую канцэпцыю дэмаграфічнай бясьпекі і прыходзіць да высновы, што практыка падтрымкі шматдзетных сем’яў мае шэраг хібаў. Павелічэньне колькасьці дзяцей у сем’ях вядзе да скарачэньня матэрыяльных рэсурсаў на іхнае гадаваньне – так, шматдзетныя бацькі рэдка могуць забясьпечыць сваім нашчадкам годную адукацыю, таму дзеці з такіх сем’яў звычайна робяцца нізкакваліфікаванымі работнікамі. А гэта, мяркуе экспэрт, прывядзе да недахопу кваліфікаваных кадраў.

Разам з тым аўтар артыкулу “Дзеці: трэці лішні?” зьвяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі ёсьць вялікая колькасьць жанчын, якія ня могуць нарадзіць нават адно дзіця, бо баяцца страціць працу і высокі заробак. Шмат таксама ахвочых мець двух дзяцей. Іх эканамічнае стымуляваньне можа істотна палепшыць дэмаграфічную сытуацыю.

З газэты “Вечерний Брест" можна даведацца, ці выгадна быць жыхаром вёскі, якую далучылі да Берасьця. Былыя вяскоўцы пакуль толькі па пашпарце сталі гараджанамі, але ўмовы іхнага побыту дагэтуль няпростыя – ёсьць праблемы з транспартам, са школамі й дзіцячымі садкамі, у крамах прадаюць толькі самае неабходнае, а па ўсё астатняе трэба ехаць далёка ў цэнтар гораду. Разам з тым дадаліся яшчэ некаторыя нязручнасьці, якія прыносіць гарадзкая прапіска. Так, напрыклад, у шэсьць разоў вырастае стаўка зямельнага падатку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG