Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь БНФ прыняла стратэгічны плян дзейнасьці


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску адбыўся зьезд Моладзі БНФ, які прыняў стратэгічны плян дзейнасьці і абраў кіраўніцтва. Старшынём арганізацыі застаўся Алесь Каліта. Намесьнікамі старшыні Моладзі БНФ абраныя – Сяржук Лацінскі з Бабруйска (па рэгіянальных пытаньнях) і Ільля Богдан зь Менску.

На зьезд, які праходзіў у сядзібе Партыі БНФ, сабраліся 48 дэлегатаў з 55, якія прэзэнтуюць 14 гарадоў Беларусі. На пачатку перад дэлегатамі выступіў старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка. Пасьля падсумаваньня працы за мінулы год, дэлегаты ўхвалілі стратэгічны плян дзейнасьці. Ён мае дзесяць накірункаў. Сярод іх сьвяткаваньне 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі, правядзеньне сустрэчы зь дзейнай Радай БНР, падрыхтоўка і ўдзел у адзначэньні дня Волі 25 сакавіка. Яшчэ адзін з накірункаў пляна – падтрыманьне іміджу элітарнасьці Моладзі БНФ. Тлумачыць 23-гадовы лідэр арганізацыі Алесь Каліта:

“Гэта азначае, што нашы сябры павінны вылучацца з агульнай масы актывістаў беларускага моладзевага руху. Нашы сябры павінны быць прадстаўнічымі, адукаванымі. Нашы сябры павінны ведаць, дзеля чаго яны змагаюцца і чаму яны змагаюцца”.

Карэспандэнт: "А чым, да прыкладу, адрозьніваецца Моладзь БНФ ад моладзі Аб’яднанай грамадзянскай партыі?"

Каліта:”Моладзь БНФ грунтуецца на каштоўнасьцях нацыянальнага адраджэньня. А моладзь АГП ставіць перад сабой перш за ўсё іншыя прыярытэты – лібэральныя каштоўнасьці. Для нас галоўнае – беларускасьць, беларуская мова, беларуская культура, адраджэньне нацыянальнага духу ў беларускім грамадзтве”.

Дэлегат зьезду зь Пінску 17 – гадовы Вацлаў Паспаліты сказаў, што Моладзь БНФ мусіць быць цэнтрам яднаньня маладых адраджэнцаў:

“90 гадоў БНР – гэта ня толькі 2008 год. Трэба моладзі несьці ідэалы Рады БНР, прапагандаваць іх ідэі. Пакуль мы не пачнём выхоўваць грамадзтва, гэта пісалі Вацлаў Ластоўскі, Браніслаў Тарашкевіч, нічога ня будзе. Трэба ўздымаць другую хвалю адраджэньня, першая, на жаль, зьнікла ў 1996 годзе”.

Сябра Моладзі БНФ Франак Вячорка сказаў у выступе на зьезьдзе, што трэба імкнуцца быць узорам сучаснай палітычнай сілы. Пра ўдзел у акцыях спадар Вячорка зазначыў:

“Я мяркую, трэба адмаўляцца ад барацьбы, якая нясе небясьпеку нашым сябрам. Самае каштоўнае, што мы сёньня маем – гэта цудоўныя людзі. Гэта людзі, якія вучацца ў 10-11 клясах, а разважаюць, мысьляць на ўзроўні трыццацігадовых. Нам трэба берагчы гэтых людзей. У гэтых людзей наперадзе нашмат болей важных справаў і нашмат большая місія, чым проста пасядзець у каталажцы. Трэба дзейнічаць так, каб гэта ня мела кепскіх наступстваў. Асноўная мэта – гэта зьмяніць Беларусь”.

На пасаду старшыні Моладзі БНФ былі прапанаваныя дзьве кандыдатуры Алесь Каліта і Сяржук Семянюк. Сяржук Семянюк узяў самаадвод. Бальшыня дэлегатаў прагаласавала за Алеся Каліту.

Моладзь БНФ аб’ядноўвае па ўсёй Беларусі больш за 200 сяброў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG