Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэта Божая апека, што Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь”


Галіна Абакунчык, Менск У менскім архікатэдральным касьцёле імя найсьвяцейшай Панны Марыі адбылася цырымонія ўрачыстага ўступленьня на пасаду арцыбіскупа мітрапаліта Менска-Магілеўскага Тадэвуша Кандрусевіча. Удзел у імпрэзе прынялі прадстаўнікі ўладаў, дыпляматычных місіяў, духавенства, вядомыя беларускія палітыкі.

Менскі катэдральны касьцёл быў перапоўнены задоўга да пачатку імпрэзы. І многія людзі, якія прыйшлі прывітаць Тадэвуша Кандрусевіча, сустракалі яго яшчэ на вуліцы. На вялікі экран звонку трансьлявалася і сьвяточная імша. Урачысты ўваход пад гукі званоў і сьпевы хораў і распачаў цырымонію Першым слова ўзяў апостальскі нунцый Марцін Відавіч:

“Сьвяты айцец Бэнэдыкт ХVІ прызначыў арцыбіскупам, мітрапалітам Менскім і Магілёўскім яго эксэлэнцыю Тадэвуша Кандрусевіча”.

Марцін Відавіч прэзэнтаваў таксама ліст папы рымскага Бэнэдыкта ХVІ, які быў зачытаны на лацінскай і беларускай мовах. На лаціне і па-беларуску праходзіла таксама ўся імша.

Арцыбіскуп мітрапаліт заклікаў служыць разьвіцьцю духоўнасьці

Пасьля таго, як новага кіраўніка касьцёлу асабіста прывіталі ўсе беларускія сьвятары і законныя сёстры, слова ўзяў Тадэвуш Кандрусевіч. Ён заклікаў да супрацоўніцтва духавенства, вернікаў, моладзь, навукоўцаў, журналістаў, афіцыйныя улады. Эмацыйную прамову некалькі разоў перапынялі аплядысмэнты:

“Усё гэта будзе служыць ня толькі разьвіцьцю духоўнасьці, але таксама стане значным унёскам у справу разьвіцьця беларускай культуры.
“Я зьвяртаюся да прадстаўнікоў дзяржаўнай улады: і касьцёл, і ўлады пакліканыя служыць адной мэце – дабру чалавека”.
Я таксама памятаю і пра інвалідаў, пра вязьняў, падарожных, мігрантаў, уцекачоў. Я зьвяртаюся да прадстаўнікоў дзяржаўнай улады: і касьцёл, і ўлады пакліканыя служыць адной мэце – дабру чалавека”.

Удзел у цырымоніі прынялі таксама кіраўнікі амбасадаў ЗША, Расеі, Польшчы, Украіны, прадстаўнікі дыпляматычных місіяў Швэцыі, Славакіі і многіх іншых дзяржаў. Таксама біскупы з многіх краін сьвету, прадстаўнікі розных канфэсіяў у Беларусі.

Уладыка Серафім павіншаваў Тадэвуша Кандрусевіча ад імя мітрапаліта Філярэта. Старшыня камітэту ў справах рэлігіяў Леанід Гуляка зачытаў віншаваньне ад Аляксандра Лукашэнкі. Тадэвуш Кандрусевіч вітаў усіх на дзесяці мовах і на завяршэньне яшчэ раз прамовіў:

“Хто з нас мог спадзявацца, што такія ўрачыстасьці могуць адбывацца на гэтай зямлі? Але гэтая ўрачыстасьць і іншыя гавораць, што Бог умее пісаць проста на крывых лініях. Што Бог ставіць апошнюю кропку на іх”.

Урачыстую цырымонію завяршыў рэлігійны гімн “Магутны Божа”, які сьпявалі амаль усе прысутныя.

“Цяпер у Беларусі ёсьць чалавек, які можа павесьці ўсіх разам да ўзаемаразуменьня”

Гутару з удзельнікамі ўрачыстасьці Аляксандрам Мілінкевічам і Станіславам Шушкевічам.

Карэспандэнтка: “Якія вашыя ўражаньні ад сёньняшняй урачыстасьці і ад самога факту вяртаньня Тадэвуша Кандрусевіча?”

Мілінкевіч: “Я думаю, што гэта Божая апека, што Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь. Я ведаю, што вельмі многія людзі маліліся за гэта. Годны чалавек, шчыры, адкрыты, за такім чалавекам хочацца ісьці. Ён ня схлусіць”.

Шушкевіч: “Ведаеце, уражаньні аж цяжка выказаць. Бо я вельмі даўно ведаю Тадэвуша Кандрусевіча. І я хачу сказаць, што ён заўсёды быў дасканалым сьвятаром, дасканалым біскупам. Але тое, што я ўбачыў і пачуў сёньня, пераўзышло ўсе чаканьні. Мне здаецца, цяпер у Беларусі ёсьць чалавек, які можа павесьці ўсіх разам да адзінства, да ўзаемаразуменьня. Бяз гвалту і бескультур’я, нікога не зьневажаючы. Я ў захапленьні”.

Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся 3 студзеня 1946 году ў вёсцы Адэльск каля Горадні. Закончыў фізычна-матэматычны факультэт Гарадзенскага пэдынстытуту, машынабудаўнічы факультэт Ленінградзкага інстытуту. Працаваў інжынэрам на віленскім заводзе, мае аўтарскія вынаходніцтвы. У 1976 годзе Тадэвуш Кандрусевіч паступіў у Духоўную сэмінарыю ў Коўне, якую скончыў у 1981 годзе, прыняў сьвятарскае пасьвячэньне. У 1981-1988 гадах служыў вікарыем у розных касьцёлах Вільні. З 1988 году — пробашч гарадзенскіх парафіяў.

У 1989 годзе Ян Павал ІІ прызначыў Тадэвуша Кандрусевіча адміністратарам Менскай дыяцэзіі для каталікоў Беларусі. За няпоўныя паўтара году біскупства Тадэвуша Кандрусевіча была заснаваная Гарадзенская вышэйшая духоўная сэмінарыя, адкрылася 97 дагэтуль нядзейных касьцёлаў, распачалося выданьне рэлігійнай літаратуры па-беларуску.

З 1991-га да лістапада 2007 году працаваў у Маскве, кіраваў Канфэрэнцыяй каталіцкіх біскупаў Расейскай Фэдэрацыі. Мае навуковую ступень доктара тэалёгіі, сябра Міжнароднай акадэміі навук Эўразіі. Ведае беларускую, расейскую, польскую, літоўскую, ангельскую, італьянскую мовы.


Тадэвуш Кандрусевіч афіцыйна ўступіў на пасаду кіраўніка беларускіх каталікоў 10.11.2007 Тадэвуш Кандрусевіч разьлічвае на канкардат паміж Ватыканам і Беларусьсю 8.11.2007 Тадэвуш Кандрусевіч вяртаецца, каб узначаліць Беларускі касьцёл 26.09.2007
XS
SM
MD
LG