Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць у Беларусі гендэрная дыскрымінацыя?


Радыё Свабода Беларусь апынулася на 23 месцы сярод 128 краінаў, у якіх ладзіліся дасьледаваньні праблемы гендэрнай дыскрымінацыі жанчынаў. Такія вынікі Глябальнай справаздачы па гендэрных праблемах, падрыхтаваны экспэртамі Ўсясьветнага эканамічнага форуму ў Давосе. Краіны, дзе праблема гендэрнай дыскрымінацыі ня ёсьць вострай, знаходзяцца ўверсе рэйтынгу. Ці можна лічыць, што для Беларусі яна ня вельмі актуальная?

Дасьледаваньне грунтавалася на шэрагу крытэраў, такіх як магчымасьць працаўладкаваньня для жанчынаў у кожнай краіне, колькасьць жанчынаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, роўнасьць заробкаў для мужчынаў і жанчынаў, удзел жанчынаў у грамадзка-палітычным жыцьці краіны.

Найменей праблемаў з гендэрнай дыскрымінацыяй, паводле вынікаў дасьледаваньня, у Швэцыі – яна на першым месцы. Апошняе, 128 месца займае Емэн. Беларусь тут значна апярэджвае краіны кшталту ЗША (31 месца), Швайцарыі (40), Францыі (51), Польшчы(60), Італіі (84 месца).

Вольга Гапеева, якая займалася гендэрнымі дасьледаваньнямі ў часе навучаньня ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, дзе яна атрымала ступень магістра, лічыць, што Беларусь апынулася амаль уверсе гэтай табліцы невыпадкова: тут сапраўды не прымушаюць жанчынаў сядзець дома й не працаваць, у беларускім парлямэнце 30 адсоткаў дэпутатаў – жанчына, дыплёмы аб вышэйшай адукацыі часьцей атрымліваюць жанчыны, чым мужчыны, а заробкі ў работнікаў абодвух палоў паўсюль прыкладна аднолькавыя.

В.Гапеева: “Жанчына ня мае выбару, быць ёй хатняй гаспадыняй ці зарабляць грошы”

Аднак на сытуацыю можна паглядзець з двух бакоў, лічыць Вольга Гапеева:

Гапеева: “У ЗША ёсьць такая магчымасьць, каб працаваў толькі адзін з бацькоў. Часьцей за ўсё, гэта мужчына. У нас гэта немагчыма, бо, скажам так, разьлічаная сыстэма заробкаў такім чынам, каб двое чальцоў сям’і былі ўдзельнікамі гэтага эканамічнага рынку. Ня трэба таксама забывацца пра заробкі, якія ў нас больш-менш аднолькавыя, але яны аднолькава малыя. І тут мы можам увогуле казаць пра чалавечую дыскрымінацыю”.

Да таго ж, заўважае Вольга Гапеева, жанчыны ў беларускім грамадзтве ўсё яшчэ застаюцца пад уплывам сацыялістычнай савецкай псыхалёгіі: жанчына павінна быць узорнай маці і адначасова праносіць карысьць грамадзтву, працаваць. У выніку, жанчына ня мае выбару, быць ёй хатняй гаспадыняй ці зарабляць грошы.
“Жанчыны часьцей за мужчынаў маюць вышэйшую адукацыю, але яна не прыносіць ім большага заробку”
Гапеева: “Што тычыцца доступу да высокакваліфікаваных месцаў працы, то можна казаць пра тое, што жанчыны і дзяўчаты часьцей за мужчынаў маюць вышэйшую адукацыю, але ж вышэйшая адукацыя не прыносіць ім большага заробку. Бо грузчык альбо будаўнік атрымлівае значна болей за выкладчыка ўнівэрсытэту”.

Гэтак званая “бюджэтная сфэра”, дзе якраз і патрэбная добрая адукацыя, у Беларусі фэмінізаваная, але й заробкі там часам у колькі разоў ніжэйшыя, чым у нізкакваліфікаваных работнікаў-мужчынаў, тлумачыць Вольга Гапеева. Разам з тым, гэты ўдалы паказьнік у рэйтынгу сярод 128 краінаў дасьць беларускім уладам новую нагоду казаць пра тое, што гендэрнай дыскрымінацыі ў Беларусі практычна няма.

Наколькі небясьпечны жаночы алькагалізм? 10.10.2007 Дасьледаваньні канадцаў у Беларусі: жаночае малако не ратуе ад астмы 18.09.2007 Наколькі вострая праблема гвалту ў сям’і для Беларусі? 6.09.2007
XS
SM
MD
LG