Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці абскардзяць новы прысуд Зьмітру Дашкевічу?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Адвакат Зьмітра Дашкевіча Аляксандр Галіеў не выключае, што прысуд ягонаму падабароннаму будзе абскарджаны. У падтрымку Андрэя Клімава рыхтуюць акцыі салідарнасьці. У якіх ўмовах трымаюць Артура Фінькевіча? Чаму Аляксандар Казулін ізаляваны двойчы?

Галоўнай навіной тыдня стаў суд над лідэрам “Маладога фронту” Зьмітром Дашкевічам, які ўлады правялі ў шклоўскай калёніі. Працэс быў закрытым, на яго нават не пусьцілі бацьку актывіста, Вячаслава Дашкевіча.

Гэтак атрымалася, што пра вынік прэцэсу – штраф у 60 базавых велічынь – маці палітвязьня Вольга Дашкевіч, якая знаходзілася дома ў Старых Дарогах, даведалася ад карэспандэнта “Свабоды”.

“Дзякуй Богу! Я зараз ноч спаць ня буду, буду радавацца. Дзякуй і вам за такую навіну”.

Нагадаю, Зьмітру Дашкевічу пагражалі яшчэ паўгода калёніі ў дадатак да тых году з паловай, якія ён атрымаў раней. Цяпер гэтая небясьпека мінула. Пра прычыны Вольга Дашкевіч сказала каротка і пераканана:

“Яны пабаяліся”.

Вось што адвакат Аляксандр Галіеў распавёў пра паводзіны ў судзе Зьмітра Дашкевіча і пра тое, як ён адрэагаваў на прысуд:
А.Галіеў: “Дашкевіч роўна выступаў, гэтаксама даваў паказаньні і адрэагаваў на прысуд. Без эмоцый”.
“Усё было аднолькава роўна. Роўна выступаў, гэтаксама даваў паказаньні і адрэагаваў на прысуд. Без эмоцый”.

Адвакат Аляксандр Галіеў ня лічыць перамогай прысуд, паводле якога Дашкевіча ўсё ж прызналі вінаватым. На пытаньне, ці ня будзе прысуд абскарджаны, Аляксандр Галіеў адказаў.

“Рашэньне яшчэ не прынятае. Мы яшчэ будзем сустракацца і ўсё абмяркуем”.

Дарэчы, абскардзіць прысуд можа і Шклоўская пракуратура. Яе стаўленьне да рашэньня, якое вынесла судзьдзя Тацяна Кашкіна, пакуль невядомае.

“Гэта наступствы этапу”

Сваякі Андрэя Клімава непакояцца за яго здароўе: Андрэй хворы на сэрца, у яго цукровы дыябэт, аднак у вязьня забралі адмысловыя харчы. Болей за паўмесяца ад Андрэя Клімава няма зьвестак. Маці і жонка даслалі ў калёнію на імя Клімава тэлеграму, ў якой просяць тэрмінова паведаміць пра здароўе. Пакуль адказу няма. Ала Клімава, маці палітыка, вельмі непакоіцца:

“Ён хварэе, у яго баліць сэрца, ён прастыў. Гэта наступствы этапу, калі яго везьлі ў калёнію. Ён сам пра гэта напісаў”.

Аднадумцы Андрэя Клімава з АГП просяць умяшацца замежных дыпляматаў, бо ім беларускія ўлады могуць дазволіць сустрэцца з Клімавым ў калёніі, каб высьветліць ягоны стан. Тым часам Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека зьбіраецца стварыць камітэта падтрымкі Андрэя Клімава, які зоймецца акцыямі салідарнасьці з палітвязьнем у сьвеце.

Магілёўская міліцыя працягвае расьсьледаваць справу Артура Фінькевіча, якому пагражае зьняволеньне за парушэньне рэжыму адбыцьця “хіміі”. На час сьледзтва актывіста зьмясьцілі ў гарадзкі сьледчы ізалятар. “Разам зь ім у камэры 6 чалавек, ні на што не скардзіўся. Харчы мы яму перадалі”, распавяла пра ўмовы ўтрыманьня Людміла Атакулава, якая бачылася з Артурам Фінькевічам.

Пабачыўся з Аляксандрам Казуліным у калёніі ягоны адвакат Зьміцер Гарачка. Вакол палітыка ізаляцыя фактычна падвойная. Першая – калючы дрот калёніі. Другое – гэта тое, што іншыя вязьні баяцца кантактаваць з Казуліным. Былі выпадкі, калі каралі людзей, якія зь ім размаўлялі. “Гэтым на тату спрабуюць дадаткова націснуць”, мяркуе дачка апазыцыянэра Вольга Казуліна.

Зьмітру Дашкевічу далі штраф: 1 мільён 860 тысяч рублёў 9.11.2007 Хто парушае закон у справе Дашкевіча? 6.11.2007 “На жаль, у сучаснай Беларусі шмат што развіваецца па так званай “лініі Сталіна” 28.10.2007
XS
SM
MD
LG