Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>&#149; “Арганічнае зьліцьцё дзьвюх гуманітарных сфэраў нерэальнае”</B>


Ганна Соўсь, Менск Тэма грамадзкага рэдактара тыдня. У Акадэміі навук Беларусі разглядаюцца варыянты рэарганізацыі і аб’яднаньня шэрагу інстытутаў гуманітарнага профілю. Як гэта можа адбіцца на разьвіцьці навукі і як самі навукоўцы ацэньваюць такія пэрспэктывы?

Намесьніца дырэктара Інстытуту беларускай літаратуры імя Янкі Купалы Тэрэса Голуб брала ўдзел у пасяджэньні бюро прэзыдыўму Акадэміі навук, на якім абмяркоўвалася пытаньне рэарганізацыі шэрагу навуковых інстытутаў гуманітарнага профілю.

“Калі выступаў Міхаіл Мясьніковіч, то ён быў вельмі карэктным. Ён сказаў, што мы не сьпяшаемся гэта рабіць пасьпешна, бо можам зрабіць так, што агледзімся і будзе дрэнна. “Давайце яшчэ раз узважым, што можна зрабіць, каб было больш эфэктыўнае разьвіцьцё”, гаварыў ён.

Абмяркоўвалася ідэя стварэньня цэнтру гуманітарных навукаў, у якім сканцэнтруюцца гісторыя, літаратура, мовазнаўства, фальклор і яшчэ іншыя. Могуць быць два цэнтры. У другім – сацыёлягі і філёзафы. У цэнтры спачатку пакінуць юрыдычна самастойнымі і незалежнымі інстытуты. Гэта для нас было б лепей, бо такім чынам кожны інстытут захаваў бы свой твар.

І я там выступала, яны вельмі ўважліва выслухалі ўсе мае аргумэнты. Я сказала, што мы сапраўды хочам застацца самастойным інстытутам”, –распавяла Тэрэса Голуб.

А доктар філялягічных навук прафэсар Валянціна Лемцюгова зь Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі лічыць, што аб’яднаньне інстытутаў ня пойдзе на карысьць ніводнай з гуманітарных навук.

“Гуманітарныя навукі, на першы погляд, блізкія паводле профілю. І ўсё ж усе яны розныя паводле сваёй навуковай практычнай сутнасьці. У нас ёсьць тэматыка, якая распрацоўваецца на стыку мовазнаўства і літаратуры, на стыку мовазнаўства, гісторыі, этнаграфіі і фальклёру. Але гэта істотна не закранае сутнасьці кожнай з навук.

Кожная навука мае пад сабой спэцыяльны грунт, сваю непаўторную спэцыфіку. Менавіта на гэтым грунце выбудоўваецца ўвесь навуковы мэханізм, ствараюцца яе рэсурсы, яе навуковы і практычны патэнцыял. Таму аб’яднаньне можа быць толькі штучным. Арганічнае зьліцьцё дзьвюх гуманітарных сфэраў не адбудзецца”, – лічыць Валянціна Лемцюгова.

Гуманітарныя навукі традыцыйна атрымліваюць меншае дзяржаўнае фінансаваньне чым тэхнічныя. Кандыдат гістарычных навук вядомы археоляг Мікола Крывальцэвіч лічыць, што гэтак званыя рэгіянальныя навукі, у прыватнасьці археалёгія, могуць прыносіць прыбыткі.

“Археалёгія мае ў пэўным сэнсе і практычнае значэньне. Напрыклад для разьвіцьця турызму, таму што ў многіх краінах турызм разьвівацца ў вялікай ступені дзякуючы менавіта археалёгіі. Археалёгія набывае цяпер вялікае сацыяльнае значэньне, калі гаварыць пра яе практычную ролю.

Археалёгія ратуем многія старажытнасьці, якія непазьбежна гінуць пры сучасным імклівым разьвіцьці прамысловасьці, будаўніцтва. Тыя, хто займаюцца арганізацыяй навукі на дзяржаўным узроўні, я думаю, што ў нас у Беларусі проста недаацэньваюць значэньне археалёгіі для разьвіцьця сучаснай гуманістыкі, нават недаацэньваюць яе практычнае значэньне”, лічыць археоляг Мікола Крывальцэвіч.

Дарэчы, у Беларусі ёсьць яшчэ адна сур’ёзная праблема ў праблеме з навуковымі кадрамі. А менавіта: выцісканьне палітычна неляяльных асобаў і нават цэлых навуковых арганізацыяў. Слова доктару філязофскіх навук, прафэсару Вячаславу Оргішу.

“Толькі навуковец пачынае заяўляць сваю грамадзянскую, палітычную пазыцыю, яго адразу ж перасьледуюць. Узяць спадара Анішчанку зь Інстытуту гісторыі Акадэміі навук. Экспэртны савет а потым прэзыдыўм ВАКу ягоную доктарскую дысэртацыю, што называецца, “завалілі”. Ён, як і спадар Сагановіч, разглядае пытаньні, што тычацца расейскай інтэрвэнцыі на абсягах Вялікага княства Літоўскага. Сагановіча пазбавілі працы, ён мусіў зьехаць і зараз пасьпяхова працуе ў літоўскай Акадэміі навук. А на радзіме яму месца няма…

У Літве наагул шмат хто знайшоў прытулак. Напрыклад, Незалежны інстытут сацыянальна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Ён імкнуўся рыхтаваць кадры, якія арыентуюцца на мэтадалягію і каштоўнасьці сучаснага эўрапейскага жыцьця”.

Падсумаваньне грамадзкага рэдактара тыдня акадэміка Радзіма Гарэцкага:

“Без навукі й адукацыі ў любой краіне, у тым ліку і Беларусі, няма будучыні. Як выдатна сказаў наш зямляк – віцэ-прэзыдэнт Расейскай акадэміі навук акадэмік Валянцін Капцюг, паратунак чалавецтва патрабуе максымальнага прыцягваньня навукі. Навука – паратунак сьвету”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG