Лінкі ўнівэрсальнага доступу

• “Тыя мае сябры-навукоўцы, хто ў Беларусі засталіся, навукай не займаюцца”


Радыё Свабода Тэма грамадзкага рэдактара тыдня. Аляксандар Лукашэнка з трыбуны зьезду навукоўцаў, які адбыўся тыдзень таму, заявіў: дзякуючы высілкам дзяржавы беларуская навука наадварот маладзее. Маўляў, створаная сыстэма, якая заахвочвае моладзь ісьці туды. Ці згодныя з гэтым навукоўцы? Як выглядае згаданая стымуляцыя на справе?

Пра пэрспэктывы моладзі ў навуцы я запыталася Аляксандра Вайтовіча, экс-кіраўніка Акадэміі навук Беларусі.

У адказ ён распавёў гэткую замалёўку з жыцьця:

“Супрацоўнік маёй лябараторыі ўлетку пайшоў па цукар — жонка папрасіла. Цукру трэба было шмат, таму яго накіравалі ў падсобку — каб адразу насыпаць мех і ня совацца з мноствам пакецікаў.

Ён разгаварыўся з жанчынай, якая той цукар сыпала. І мне распавядае: “Ты ўяўляеш? Яна, працуючы ў падсобцы крамы, зарабляе больш за мяне, старшага навуковага супрацоўніка, кандыдата навук!!!” Ну і як жа ў такіх умовах моладзь будзе ісьці ў навуку?”

Я запыталася ў аддзеле кадраў Акадэміі навук — ці ёсьць дэфіцыт маладых спэцыялістаў? Адзін з супрацоўнікаў адказаў:

“Цьверджаньні, што Акадэмія старэе ці маладзее — гэта несур’ёзна і неглыбока. Трэба разабрацца ў тэме як сьлед”.

Ніхто не разьбярэцца ў тэме маладых навукоўцаў лепш за тых, хто пабываў у іхнай скуры.

Мой суразмоўца — колішні асьпірант лябараторыі лазэрнай фізыкі Глеб Рубанаў. Яшчэ некалькі гадоў таму ён верыў: навука — справа жыцьця. Аднак сёньня ён працуе праграмістам. Бо высьветлілася: пражыць з навукі немагчыма.

Глеб паступіў у асьпірантуру у 2001 годзе — акурат тады Акадэміяй навук прызначылі кіраваць Міхаіла Мясьніковіча.

“Калі прызначылі Мясьніковіча, адразу зьмяніўся курс — галоўнай стала прыкладная навука, якая можа паспрыяць разьвіцьцю народнай гаспадаркі. Усе астатнія праекты — круціцеся, як хочаце, грошай шукайце, як хочаце...” — кажа Рубанаў.

На І зьезьдзе навукоўцаў Беларусі Мясьніковіч сьцьвярджаў, што ўсё менш маладых спэцыялістаў пакідаюць Беларусь. Маўляў, праблема адтоку інтэлекту з краіны стаіць ня гэтак востра, як раней.

Аляксандар Вайтовіч тлумачыць:

“Проста заходні рынак ужо насычаны. Пасьля развалу Савецкага Саюзу нашы навукоўцы былі вельмі запатрабаваныя на Захадзе. Паступова яны занялі вольныя там нішы, і цяпер патрэба ў іх не такая вострая”.

Глеб Рубанаў кажа, што зь ягоных аднакурсьнікаў у навуцы амаль ніхто не застаўся:

“Нармальныя заробкі былі толькі ў тых лябараторыях, якія знаходзілі сабе заходняга партнэра. Але лёс гэтых навукоўцаў відавочны — рана ці позна людзі, працуючы на грантах, атрымлівалі запрашэньне працаваць у Нямеччыне, Індыі й гэтак далей.

Цяпер я магу сказаць, што з тых людзей, зь якімі я вучыўся на факультэце фізыкі БДУ, больш за палову не ў Беларусі — жывуць у Індыіі, Нямеччыне, Аўстраліі, Канадзе, але не ў Беларусі. І там працуюць па прафэсіі. Тыя, хто ў Беларусі, навукай не займаюцца”.

Пэрспэктывы моладзі ў беларускай навуцы можна вызначыць канкрэтнымі лічбамі.

Гаворыць Аляксандар Вайтовіч:

“Я ў гэтым месяцы атрымаў 808 тысяч рублёў з хвосьцікам. У гэтую суму ўвайшлі надбаўка за стаж 116 тысяч і яшчэ нейкая надбаўка 256 тысяч ад інстытуту. Дык вось, без апошняй надбаўкі атрымліваецца 552 тысячы. І гэта заробак кіраўніка лябараторыі.

Доктар навук атрымае шэсьць базавых велічыняў — 180 тысяч рублёў за доктарскую ступень. Вось і лічыце, 550 ды 180, разам 730 атрымае просты загадчык лябараторыі са стажам, калі яму не дадалі нейкай ад інстытуту надбаўкі — а гэтая надбаўка сёньня ёсьць, заўтра няма”.

Апроч пэрспэктываў матэрыяльных, трэба ўлічваць і маральны бок праблемы, працягвае Аляксандар Вайтовіч:

“Асьпірантам зрабілі тое самае, што студэнтам — яны падпісваюць дамову, калі паступаюць у асьпірантуру, што пасьля заканчэньня абавязаныя адпрацаваць два гады там, куды іх пашлюць.

Што на гэта малады чалавек? Малодшы навуковы супрацоўнік наагул атрымлівае нейкі мізэр — 300 тысяч без усялякіх надбавак. Дык у дадатак да гэтага яшчэ і павінен ехаць невядома куды? Як прыгонны?

І я гляджу ў нашым інстытуце — масава хлопцы сыходзяць з асьпірантуры. Нельга вырашыць кадравага пытаньня, пакуль навука ня стане прэстыжнай. А цяпер яна непрэстыжная”.

Што насамрэч стаіць за прадэкляраваным на зьезьдзе фактам, нібыта адток маладых кадраў прыпынены? Сапраўды, калі да 2003-га ў Акадэмію прымаліся штогод каля сотні чалавек, то летась амаль трыста, колькасьць кандыдатаў навук да 39 гадоў за апошняе пяцігодзьдзе вырасла на 20 працэнтаў. Але праўда і ў тым, што сярэдняе пакаленьне навукоўцаў ад 40 да 49 гадоў скарацілася на траціну. А гэта ж навукоўцы з найбольшым досьведам…

Паводле Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі, 41 працэнт апытаных кандыдатаў навук ацаніў дзяржаўную моладзевую палітыку ў сфэры навукі як «нізкую». Ці такі факт. Летась у акадэміі працаваў усяго адзін доктар навук ва ўзросьце да 39 гадоў (ранней 5-6), а ва ўзросьце да 49 гадоў за пяць апошніх гадоў дактароў навук стала амаль удвая менш.

Палова жадаючых выехаць за мяжу навукоўцаў, сьведчаць апытаньні, кіруюцца прафэсійнымі інтарэсамі. Далей ідзе нізкая сацыяльная і матэрыяльная ацэнка навуковай працы, кожнага трэці ня бачыць магчымасьці забясьпечыць сабе дастойнае жыцьцё на радзіме. Адметна, што больш за ўсё на часовую міграцыю за мяжу нацэленыя маладыя дасьледчыкі ва ўзросьце да 30 гадоў.

Паколькі на зьездзе навкоўцаў мэханізм выпраўленьня сытуацыі ў гэтым накірунку ня быў выпрацаваны, то экспэрты прагназуюць далейшую інтэлектуальную эміграцыю. Чакаць, што Беларусі насамрэч удасца пераламіць тэндэнцыю навуковага донарства, як тое адбылося ў Кітаі, не даводзіцца. Тым больш, калі ў краінах Эўразьвязу ўхваляць ідэю Эўракамісіі пра так званую «сінюю карту». Брусэль прапанаваў эўрапейскім сталіцам павялічыць квоту для высокакваліфікаваных спэцылістаў з-за межаў зьвязу – надаць ім правы, якія фактычна ўраўноўваюць тую ж самую інтэлектуальную эліту зь мясцовымі навукоўцамі.
XS
SM
MD
LG