Лінкі ўнівэрсальнага доступу

• “Ставіць навуку ў залежнасьць ад эканомікі нелягічна”


Ігар Карней, Менск Тэма грамадзкага рэдактара тыдня. Тыдзень таму адбыўся першы зьезд навукоўцаў краіны. Ці варта было чакаць ад яго спробы разабрацца ў разабрацца ў гэтай праблеме, у тым, як павінна памяняцца палітыка дзяржавы ў адносінах да навукі?

Напярэдадні сустрэчы многія аўтарытэтныя людзі казалі, што мерапрыемства трэба ўспрымаць хіба як прапагандысцкае шоў, на якім ніякіх вострых праблемаў узьняць не наважацца. Асабліва з улікам грашовых надбавак за навуковыя ступені й званьні, пра якія незадоўга да зьезду паклапаціўся Аляксандар Лукашэнка.

Удзельнік зьезду, дырэктар акадэмічнага Інстытуту мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў імя Белага ў Гомелі, член-карэспандэнт Мікалай Мышкін лічыць, што некаторыя ідэі, якія гучалі з трыбуны І зьезду беларускіх навукоўцаў, вартыя ўвагі:

“Прынамсі для нас некалькі момантаў дакладна канструктыўных. У прыватнасьці, прагучала ідэя наконт базавага фінансаваньня навукі: то бок, будзе выдаткоўвацца пэўная базавая сума, адрозна ад цяперашняй сытуацыі, калі ўсё адбываецца толькі паводле праграмаў.

Апроч таго, вартая ўвагі ідэя, што інавацыйныя фонды прадпрыемстваў у тым ліку павінны траціцца на навукова-дасьледніцкія распрацоўкі — да 30% інавацыйных фондаў павінна ісьці на навуку. У прынцыпе, гэтыя ідэі нармалёвыя”.

Карэспандэнт: “А змогуць урэшце ідэі ўвасобіцца ў праграмных дакумэнтах?”

“Даручэньне ёсьць — пэўна, урад будзе нешта рабіць пад гэта, нейкія пастановы. Таму што і навука павінна да вытворчасьці паварочвацца, і вытворчасьць да навукі.

То бок, частка грошай павінна ісьці ў навуку як базавае фінансаваньне. А гэта фактычна і ёсьць падтрымкай навукі. Таму, калі сапраўды будуць задзейнічаныя гэтыя фонды (а база для гэтага ёсьць), горш ад гэтага ня будзе. Лепей — дакладна”.

Гучалі прапановы зьвязаць асобныя галіны вытворчасьці з навукова-дасьледчымі інстытутамі. А выкананьне сацыяльнай замовы ў праектных інстытутах і лябараторыях даручыць назіральнікам ад канкрэтнага прадпрыемства.

Між тым, рэктар Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Віктар Садоўнічы казаў пра прыярытэт фундамэнтальных дасьледаваньняў, якія ня могуць ажыцьцяўляцца разам з малакампэтэнтнымі сьведкамі.

Прафэсар, доктар навук, член-карэспандэнт НАН Станіслаў Шушкевіч спробы паставіць навуку ў простую залежнасьць ад патрэбаў эканомікі лічыць нелягічнымі. Зь яго словаў, у савецкі час ужо намагаліся надаць навуцы “патрэбнае адценьне”:

“Партыйны ці беспартыйны прымітыўны кантроль — гэта пэўны недавер да навукі. Ёсьць сродкі кантролю якасьці нейкай працы, але выказаць недавер навукоўцу, паставіўшы камісара ў навукова-дасьледчым інстытуце — мне падаецца гэта не зусім лягічным.

У навуцы ёсьць свае крытэры вызначэньня таленавітых людзей, вызначэньня дасягненьняў.

Трэба, каб навука была самадастатковая. Каб ня здарылася таго, што колісь адбылося ў грамадзкіх навуках: калі разам з СССР зьніклі “гісторыя КПСС”, “навуковы камунізм”, “марксісцка-ленінская філязофія”. Аказалася, што існуе проста філязофія, проста эканоміка, проста гісторыя, а не “гісторыя КПСС”.

Разумееце, калі будуць навязвацца нейкія адценьні, калі гэта будуць фундамэнтальныя дасьледаваньні для пэўнага кірунку прамысловасьці — прабачце, але я думаю, што гэта не зусім сур’ёзна”.

Карэспандэнт: “Калі б вы ўсё ж трапілі на гэты зьезд, як думаеце, нешта карыснае для сябе маглі вынесьці?”

Шушкевіч: “Думаю, абсалютна нічога... Такія людзі, як Садоўнічы, гэта вельмі паважаныя людзі, але я перакананы, што яны знайшлі спосаб не запэцкацца ў гэты партыйна-гаспадарчы актыў”.

Прафэсар, член-карэспандэнт НАН Іван Нікітчанка, як і спадар Шушкевіч, на навуковы форум запрошаны ня быў.

Нягледзячы на масавасьць мерапрыемства (а ў Менску сабраліся каля 2,5 тысяч дэлегатаў), карысьці для навукі ад зьезду ён не чакае.

Паводле Нікітчанкі, фінансаваньне навукі ў Беларусі па-ранейшаму кіруецца рэшткавым прынцыпам, а афіцыйныя лічбы ўкладаньняў — 0,6—0,8% ад паказьніка валавага ўнутранага прадукту — (у СССР быў 1%) лічыць непамерна завышанымі.
XS
SM
MD
LG