Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 9 лістапада


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

На форумах парталу TUT.by ідзе абмеркаваньне навіны – Міністэрства ўнутраных справаў падрыхтавала праект указу аб адмене дазвольнага штампу для выезду за мяжу ў пашпартох грамадзянаў. Прадугледжваецца, што штамп адменяць ад 1 студзеня 2008 году. Разам з тым прадугледжваецца зацьвердзіць палажэньне аб агульным банку зьвестак аб асобах, выезд якіх з тэрыторыі Беларусі часова абмежаваны. Рэакцыі ўдзельнікаў форумаў:

“Сасьпелі...”

“Штамп адменяць. Сумняюся. Жывем у хлусьлівай дзяржаве. Думаю, што ўсё ж замест штампа застанецца нейкі пункцік, указік альбо пастанова, паводле якой плаціць усё адно давядзецца...”

“Каб не атрымалася не як лепей, а як заўсёды. Напрыклад, штамп адмянілі, набываю квіток, плачу за візу, страхоўку і г.д., пад’яжджаю, а мужны памежнік заяўляе: а вас няма ў сьпісе, каму дазволены выезд...”

Аляксандар Брэчак у сваім блогу на сайце www.telegraf.by зьвяртаецца да апошніх палітычных падзеяў у Грузіі:

“Не, нездарма Міхаіл Саакашвілі скончыў у свой час савецкую гуманітарную ВНУ – Кіеўскі інстытут міжнародных адносінаў. (...) І ўжо дакладна не аднойчы і ня двойчы на лекцыях і практычных занятках выкладчыкі гэтай ВНУ з прыдыханьнем у голасе паўтаралі сваім студэнтам, – патэнцыйным агентам КДБ ды іншых савецкіх спэцслужбаў – сакрамэнтальныя словы правадыра ўсясьветнага пралетарыяту Ўладзімера Ільіча Леніна пра тое, што “кожная рэвалюцыя толькі тады нечага вартая, калі яна ўмее абараняцца”.

(...) Я мяркую, прыкладна так і разважаў прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, назіраючы цягам апошніх некалькіх дзён за беспарадкамі, якія адбываліся на праспэкце Руставэлі ў Тбілісі, а таксама ў іншых грузінскіх гарадох. (...) У выніку “рэвалюцыя ружаў” у Грузіі перамагла, і, як потым стала зразумела, “ружы” гэтыя выявіліся з вострымі дзідамі”.

Ant1killer зьмясьціў на сайце блогаў "Позірк" фотарэпартаж зь Віцебскай абласной клінічнай лякарні – у якасьці доказу, чаму ня варта лекавацца ў такіх установах, а лепей абіраць прыватныя клінікі. У чатырохмесныя пакоі ставяць па шэсьць ложкаў, на ложках замест матрацаў – звычайны паралён. Далей сам Ant1killer піша:

“Рамонту ў лякарні, відаць, даўно не было, бо на ўсім, на чым толькі можна пісаць, стаяць розныя надпісы, некаторыя зь іх датаваныя 1997 годам... На заўвагі, што не заклеены вокны, ніхто не зьвяртае ўвагі. На тое, дзе знаходзяцца хворыя, таксама ўсім напляваць. Некаторыя, напрыклад, ходзяць у горад пагуляць ці паесьці. Дарэчы, наконт паесьці. У мясцовую сталовую ніхто ня ходзіць... А наконт “пагуляць у горад” яшчэ складаней. У хворых літаральна адбіраюць вопратку, а таксама й боты. Разьлік на тое, што ўзімку ў тапках і спартовых штанах ніхто на двор ня пойдзе. Але есьці ўсе хочуць, таму ў дадатак да асноўнай хваробы большая частка атрымлівае прастуду. А зараз крыху пра мэдычнае абслугоўваньне. Лекі выдаюцца аднаму прадстаўніку з палаты, прычым бяз скрынкі, таму лекі часта пераблытваюцца. Нейкая мэдсястра пераблытала кропельніцы ў двух цяжкахворых. Калі б адзін зь іх ня быў студэнтам-мэдыкам, невядома, што б магло здарыцца”.

А ў суполцы “Жывога журналу” minsk_by гутараць пра пераможцу конкурсу прыгажосьці “Міc-МК-Эўропа-2007”, беларуску зь іранскімі каранямі Сімону Факірзаду. Рэмаркі тут самыя розныя:

“-зада (Шахеразада), -задэ – пэрсыдзкае. Пэўна, па-расейску гучыць як Сіма Факірава, альбо Сімона Калдун”.

“Дарэчы, фота тут ня вельмі. Ведаю яе асабіста, вучыўся ў адной школе... У жыцьці ад яе вачэй не адарвеш”.

“Даеш паболей беларусаў іранскага паходжаньня, а не іранцаў – беларускага!”

“Мне больш падабаюцца беларускі беларускага паходжаньня. Як у яе зь белмовай у школе было?”

“Цудоўная, прыгожая дзяўчына. Радая за яе й за нас. Лішні раз з пазытыўнага боку нехта за мяжой згадаў Беларусь. (...) Калі дзяўчына радая выступіць за Беларусь і лічыць сябе беларускай, на якую халеру цяпер вылічваць, колькі адсоткаў беларускай крыві ў ёй цячэ? Ці мы ў нацысцкай Нямеччыне? Здаецца, не. Свабода самавызначэньня – вялікая рэч”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG