Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці хапае ў Менску грамадзкіх прыбіральняў?


Іна Студзінская, Менск Чалавек наведвае прыбіральню ў сярэднім 2500 разоў у год, праводзячы там за сваё жыцьцё каля трох гадоў. Гэта мужчына. А жанчына яшчэ больш. Дарэчы, першая публічная ўстанова такога кшталту зьявілася яшчэ да нашай эры ў горадзе Геропалісе, на тэрыторыі сучаснай Турцыі. Як усё новае і незвычайнае, грамадзкая прыбіральня была месцам модным і даступным толькі для выбраных. Карыстацца ёю маглі толькі знатныя пэрсоны, здольныя аплаціць гэтую паслугу. Грамадзкая прыбіральня забясьпечвала немалую частку гарадзкой казны і была своеасаблівым бізнэс-клюбам, дзе прыстойныя мужы, седзячы ў агульным радзе, учынялі выгадныя ўгоды. Якая сытуацыя з грамадзкімі прыбіральнямі ў беларускай сталіцы?

Самай знакамітай менскай грамадзкай прыбіральні каля тэатру Янкі Купалы – больш за 100 гадоў, і пра яе ходзяць паданьні. Гісторыкі сьцьвярджаюць, што гэта копія даўно разбуранага дома графа Чапскага, які не заплаціў за праект свайго палацу архітэктару. Так творца адпомсьціў сквапнаму графу... Дарэчы, яна й цяпер выглядае вельмі прыстойна, да таго ж – дагэтуль бясплатная.

Дакладную ці нават прыблізную лічбу – колькі ў сталіцы грамадзкіх прыбіральняў – не ўдалося высьветліць ні ў воднай гарадзкой установе. Бо ёсьць прыбіральні ўбудаваныя, ёсьць ведамасныя, ёсьць біяпрыбіральні. Існуюць і санітарныя нормы, вызначаныя ўрадавымі дакумэнтамі.

“Наяўнасьць грамадзкіх прыбіральняў у гарадах – ня менш за адну на тысячу насельніцтва”

Пастановай Савету міністраў ад 30 траўня 2003 году “Аб захадах для ўкараненьня дзяржаўных сацыяльных стандартаў абслугоўваньня насельніцтва” вызначаны нормы, кажа спэцыяліст Менскага гарадзкога цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Іван Іванавіч:

“Наяўнасьць грамадзкіх прыбіральняў у гарадах – ня менш за адну на тысячу насельніцтва. Колькасьць грамадзкіх прыбіральняў яшчэ вызначаецца радыюсам абслугоўваньня: радыюс, які прыбіральня абслугоўвае, павінен быць ня меншы за 500 мэтраў”.

Такім чынам, няўзброеным вокам відаць: прыбіральняў у сталіцы катастрафічна не хапае. Амаль кожны неаднойчы гэты дэфіцыт адчуў на сабе. І калі ў цэнтры гораду яшчэ можна знайсьці нейкае выйсьце – зайсьці, да прыкладу, у кафэ ці рэстарацыю, у навучальную установу – то ў мікрараёне гэта проста катастрофа.

Багдан Арлоў, перакладчык, выдавец, укладальнік адмысловага маршрутніка для замежных турыстаў па Менску, робіць такую выснову:

“Я як чалавек, які тыдзень свайго жыцьця патраціў на стварэньне рэйтынгу сталічных прыбіральняў, скажу, што ня вельмі добра ў нас з гэтым, амаль паўсюдна сьмярдзіць. А самыя жахлівыя прыбіральні на вакзалах – чыгуначным і аўтавакзале. Нават на новым чыгуначным вакзале”.

Летам 2005 году старшыня Менгарвыканаму Міхаіл Паўлаў правёў разгромную нараду па праблемах прыбіральняў, некалькі начальнікаў страцілі пасады. Рашэньнем Менгарвыканкаму быў зацьверджаны плян капітальнага рамонту прыбіральняў да 2010 году. Цяпер распрацоўваецца комплексная схема разьмяшчэньня прыбіральняў у Менску, пры канцы лістапада яна будзе гатовая – там будзе расьпісана, колькі іх трэба для вырашэньня праблемы.

“Новыя прыбіральні такія прыгожанькія, што наагул выходзіць ня хочацца”

Уладзімер Рамановіч, галоўны спэцыяліст унітарнага прадпрыемства “Гаррамаўтадор”, якое абслугоўвае прыбіральні, прызнае, што асабліва ў новых мікрараёнах праблема з прыбіральнямі вельмі вострая:

“Шляхі вырашэньня праблемы – устанаўленьне модульных прыбіральняў. Памянялася сытуацыя – мы ж пабудаванай прыбіральні не перанясем. А модуль можа працаваць як стацыянарна, так і аўтаномна”.

Паводле Ўладзімера Рамановіча, будучыня не за біятуалетамі, якія рэкамэндуецца ставіць толькі падчас масавых мерапрыемстваў, а за модульнымі прыбіральнямі:

“Мы цяпер закупілі тры модульныя прыбіральні, вельмі прыгожыя. “М” і “Ж”, пасярэдзіне сядзіць касір. І нармальны чалавек можа зайсьці ў шыкоўным футры, павесіць яго, памыць рукі. Яны такія прыгожанькія, што наагул выходзіць ня хочацца”.

У Беларусі ёсьць адзіная прыватная фірма, якая займаецца туалетным бізнэсам – зарэгістраванае ў Горадні ўнітарнае прадпрыемства “Сэрвіс-Генуя”. Сфэра дзейнасьці – амаль два дзясяткі гарадоў. Прадпрыемства арандуе грамадзкія прыбіральні, рамантуе іх і абслугоўвае. Ці магчыма навесьці парадак у прыбіральнях, пытаюся я ў дырэктара “Сэрвіс-Генуі” Ніны Касілы:

“Так, безумоўна можна. Трэба толькі шмат працаваць. Мая фірмачка невялікая – каля 100 чалавек, але мы працуем. Спачатку чысьцім, рамантуем, потым падтрымліваем чысьціню. Трэба быць проста працаголікам”.

Апытаньне: чаго не стае ў беларускіх грамадзкіх прыбіральнях?, 9.11.2007
XS
SM
MD
LG