Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: як менчукі ставяцца да падзеяў у Грузіі?


Севярын Квяткоўскі, Менск З такім пытаньнем да людзей на вуліцах гораду зьвярнуўся наш карэспандэнт.

Я знаходжуся ў самым цэнтры Менску ў пераходзе ля станцыі мэтро “Кастрычніцкая”.

Хлопец: “Грузія — краіна, падобная да нашай, дзе не дазваляюць людзям свабодна выказваць сваё меркаваньне пра ўрад. Грузінскае кіраўніцтва прыйшло да ўлады праз акцыі пратэсту, а цяпер тым жа займаюцца — ціснуць на пратэстоўцаў. Яны разумеюць, што апазыцыя таксама можа дасягнуць улады, і баяцца”.

Суворавец: “Гэта кепска, што людзей разганяюць. Яны мітынгуюць з-за таго, што кепскі ўрад, а іх б’юць — нячэсна”.

Хлопец з партрэтам Чэ Гевары на значку: “Я стаўлюся адмоўна, бо там хочуць скінуць прэзыдэнта, які ёсьць узурпатарам. Падобная карціна на беларускую. Кожная акцыя — штосьці новае, нейкая інавацыя. Для мяне кансэрватызм непрымальны”.

Студэнт: “Лепш за ўсё, каб была незалежнасьць. Але калі незалежнасьці як такой няма ў Грузіі, калі яе дзеляць дзьве ўсясьветныя дзяржавы, ЗША і Расея, мне лепш, каб Грузію падтрымлівала Расея”.

Сталы спадар: “Мне падабаюцца апошнія крокі прэзыдэнта Грузіі — што ён пайшоў на датэрміновя выбары. Гэта дэманструе, што ён нешта спрабуе зрабіць, а не як у нас”.

Спадар: “З таго, што я ведаю, выглядае, што адна процірасейская сіла змагаецца супраць другой процірасейскай сілы. Цяжка сказаць — хто добры, хто кепскі, думаю, што ўсё там будзе нармальна — разьбяруцца”.
XS
SM
MD
LG