Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі рыхтуюцца да мітынгаў пратэсту


Алесь Дашчынскі, Менск У сядзібе БНФ адбылася прэс-канфэрэнцыя прадпрымальнікаў. Яны заявілі, што рыхтуюцца да мітынгу пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, які зьбіраюцца правесьці 10 сьнежня.

Юрыст-прадпрымальнік Сяргей Балыкін заявіў, што 10 лістапада заканчваецца тэрмін перарэгістрацыі індывідуальных прадпрымальнікаў. Адпаведна з указам прэзыдэнта яны мусілі стварыць прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы.

Паводле Сяргея Балыкіна, больш за 90% індывідуальных прадпрымальнікаў ня сталі ўтвараць унітарных прадпрыемстваў, і “гэты правал мусіць быць сур’ёзным папярэджаньнем уладам”.

“Можна лічыць, што гэта самая эфэктыўная акцыя пратэсту. Такая беларуская акцыя пратэсту — не выконваць нейкага закону, які не падабаецца, нейкага распараджэньня ўлады.

Гэтая тактыка вельмі часта была дастаткова эфэктыўная: калі беларусы не ішлі выконваць, улада мусіла нейкім чынам пайсьці на саступкі. Лічыць, што гэта было зроблена неяк арганізавана — не”.

Паводле Сяргея Балыкіна, цяпер прадпрымальнікі маюць два шляхі — альбо пераводзіць свой бізнэс у цень, альбо выходзіць на плошчу.

“Парушаюцца і Канстытуцыя, і міжнародныя пагадненьні. Таксама права мець уласнасьць, права займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю, гарантаванае Дэклярацыяй правоў чалавека, якая прынятая 10 сьнежня шэсьцьдзесят гадоў таму”.

Шасьцёра актывістаў прадпрымальніцкага руху падалі заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне ў Менску мітынгу пратэсту 10 сьнежня а 12-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы.

Адзін з заяўнікаў Алесь Макаеў сказаў:

“Улада размаўляе з прадпрымальнікамі мовай ультыматумаў. Таму ў прадпрымальнікаў застаецца толькі плошча, ім толькі страйкі рыхтаваць. Пасьля 1 студзеня гэта ўжо будзе каляпс многіх рынкаў.

Таму сёньня падаем заяўку ў Менгарвыканкам менавіта на Кастрычніцкую плошчу. І заяўка таксама ў форме ўльтыматуму: праблемы ёсьць, і прадпрымальнікі пры любых умовах выходзяць на гэтую плошчу. Там пабачым, колькі прадпрымальнікаў з 50 тысяч у Менску змогуць выйсьці на гэтую плошчу”.

Нагадаем, актывісты аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” таксама падалі заяўку на правядзеньне мітынгу супраць указу прэзыдэнта №760.

Гэты мітынг плянуецца правесьці 19 лістапада на менскай плошчы Бангалор.

Алесь Макаеў сказаў:

“Прадпрымальнікаў перад выбарамі распранулі, агалілі. А цяпер спрабуюць ліквідаваць як клясу. Залежыць ад кансалідацыі — ці змогуць прадпрымальнікі абараніць права на працу, на дабрабыт.

Будзем рыхтавацца да мітынгу, да сыходу ў вымушаны адпачынак 1 студзеня 2008 году. Улада разумее толькі такую мову”.

Прысутны на прэс-канфэрэнцыі старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка так ацэньвае намаганьні прадпрымальнікаў:

“Яны пачалі між сабой дамаўляцца — прадстаўнікі розных ініцыятываў і арганізацыяў. Напэўна, трэба плянаваць доўгатэрміновую кампанію.

Кампанія мусіць складацца мінімум з двух этапаў. Гэта папярэджаньне пра непазьбежныя наступствы, трэба ўхіляць наіўную веру некаторых, што “неяк рассмокчацца”. Не рассмокчацца.

І такім чынам, акцыя 10-га будзе папераджальнай. І плянаваць сур’ёзныя арганізацыйныя і інфармацыйныя крокі ўжо пасьля Новага году”.

2 кастрычніка ў Беларусі адбыўся агульнанацыянальны папераджальны страйк прадпрымальнікаў.

Бізнэсоўцы выступаюць супраць прэзыдэнцкага ўказу №760, згодна зь якім ад Новага году індывідуальныя прадпрымальнікі ня могуць прыцягваць да працы наёмных работнікаў (за выключэньнем членаў сям’і і сваякоў).

Прадпрымальнікі патрабуюць лібэралізацыі заканадаўства.


Прадпрымальнікі на прэс-канфэрэнцыі — А.Таўстыка, С.Балыкін, А.Макаеў, М.Рамашын і Р.Луцэнка
Прадпрымальнікі на прэс-канфэрэнцыі — А.Таўстыка, С.Балыкін, А.Макаеў, М.Рамашын і Р.Луцэнка

Прадпрымальнікі на прэс-канфэрэнцыі — С.Балыкін
Сяргей Балыкін падчас прэс-канфэрэнцыі

Фота Ю.Дзядзінкіна

Старшыня Менскай рады прадпрымальнікаў А.Макаеў: “Будзе сацыяльны выбух!”, 16.10.2007 В.Гарбачоў: “У страйку ўдзельнічаюць 30 000 прадпрымальнікаў”, 2.10.2007 Прадпрымальнікі перадалі подпісы ў Палату прадстаўнікоў, 2.10.2007
XS
SM
MD
LG