Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Грузіі пацьвердзіў рэжым надзвычайнага стану


Радыё Свабода Сёньня парлямэнт Грузіі пацьвердзіў уведзены прэзыдэнтам рэжым надзвычайнага стану па ўсёй тэрыторыі краіны тэрмінам на 15 дзён, але з умовай, што парлямэнт можа гэтае рашэньне перагледзець.

Загад прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі аб надзвычайным становішчы выклікаў крытыку міжнароднай супольнасьці. Раней ЗША, НАТО, Эўразьвяз, Рада Эўропы і праваабарончыя структуры ААН заклікалі ўлады Грузіі адмяніць рэжым надзвычайнага стану і абмежаваньні СМІ.

Аднак лідэры апазыцыі віталі заяву прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі пра датэрміновыя выбары, прызначаныя на 5 студзеня наступнага году.

Рашэньне прэзыдэнта, абвешчанае ў чацьвер увечары, аналітыкі называюць нечаканым.

Шасьцідзённыя дэманстрацыі апазыцыі паліцыя разагнала з дапамогай дубінак, вадамётаў і сьлезацечнага газу. Цяпер міжнародная супольнасьць вітае рашэньне ўладаў Грузіі разьвязаць палітычны крызіс шляхам галасаваньня.

Гэта азначае, што адпаведна канстытуцыі Грузіі прэзыдэнт пакіне пасаду ўжо 22 лістапада, – акурат напярэдадні чацьвёртай гадавіны Рэвалюцыі ружаў, якая фактычна прывяла яго да ўлады.

Абавязкі прэзыдэнта цягам 45 дзён перад выбарамі будзе выконваць сьпікер парлямэнту Ніно Бурджанадзэ, – другі раз ёй даводзіцца выконваць такія абавязкі.

Цяпер увага засяроджнаная на тым, хто будзе супернікам Саакашвілі на выбарах. Апазыцыя абяцае выставіць аднаго кандыдата і упэўненая ў перамозе.

Карэспандэнт Радыё Свабода Коба Ліклікадзэ, які цяпер знаходзіцца ў Тбілісі, паведамляе, што краіна вяртаецца да нармальнага рытму жыцьця:

“У самым Тбілісі, і наколькія ведаю, у іншых рэгіёнах краіны, нармальна працуюць усе дзяржаўныя установы, але школы, дзіцячыя і навучальныя ўстановы не працуюць ад учорашняга дня.

Заўтра ў школах адновяцца заняткі. Транспарт працуе нармальна, без абмежаваньняў, па ўсёй сталіцы. Банкі і ўсе установы, якія былі ўчора закрытыя, усе працуюць.

Таксама аднавіліся ўсе культурныя мерапрыемствы, тэатры, канцэрты – усё, як звычайна. Нармальнае жыцьцё аднавілася.

Адзінае абмежаваньне – забарона на сходы, мітынгі, не распаўсюджваюцца сродкі масавай інфармацыі. Ёсьць толькі адзін грамадскі тэлеканал і яшчэ некалькі друкаваных выданьняў, якія таксама ня маюць права падаваць аналізы, камэнтары, крытычныя атрыкулы.

Што да СМІ, то самая апошняя інфармацыя – гэта што Генэральная пракуратура Грузіі абвінаваціла мэдыя-магната Бадры Патаркацышвілі, саўладальніка “Imedi TV”, – супраць яго распачатая крымінальная справа за фінансаваньне і ўдзел у змове з мэтай зрынуць канстытуцыйную ўладу ў Грузіі. Пасьля гэтага лёс тэлеканала “Imedi” і аднаўленьне яго вяшчаньня стала пад вялікім пытаньнем”.

Генэральная пракуратура Грузіі распачала крымінальную справу супраць двух лідэраў апазыцыі. Цотмэ Гамсахурдзія (сын экс-прэзыдэнта Грузіі Зьвіяда Гамсухурдзіі), які цяпер знаходзіцца ў Расеі, і лідэр лейбарысцкай партыі Шалва Натэлашвілі, які знаходзіцца ў вышуку, абвінавачваюцца ў змове з намерам скінуць кастытуцыйную ўладу ў Грузіі.

• Гія Нодзія: "У грузінскіх падзеях Масква спадзявалася на новую рэвалюцыю ці контррэвалюцыю", 8.11.2007 • Саакашвілі абвясьціў новыя выбары прэзыдэнта Грузіі, 8.11.2007 • Грузія: кіраўнік апазыцыйнай партыі арыштаваны за сувязь з расейскімі спэцслужбамі, 8.11.2007 • Давід Какабадзэ: “Падзеі ў Тбілісі – гэта ўдар па дэмакратыі”, 7.11.2007 • У Тбілісі – надзвычайнае становішча, 7.11.2007 • Улады Грузіі ўжылі сілу, каб спыніць пратэсты ў Тбілісі , 7.11.2007
XS
SM
MD
LG