Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўны друк: як сумясьціць прапаганду з прыбытковасьцю?


Ігар Карней, Менск Амаль усе дзяржаўныя газэты й часопісы атрымліваюць немалыя датацыі зь бюджэту, але вялікая частка іх накладаў не запатрабаваная чытачамі. Асобнікі, якіх не ўдалося прадаць, сьпісваюцца ды ідуць у макулятуру. Пра гэта сёньня гаварылі на сумеснай калегіі Міністэрства інфармацыі, прадпрыемстваў “Белпошта”, “Белсаюздрук”, з удзелам кіраўнікоў асноўных дзяржаўных газэт.

Істотная частка размовы ў часе нарады тычылася рэалізацыі дзяржаўных СМІ праз раздробны гандаль.

На прыкладзе “Народнай газеты” прагучалі наступныя лічбы: сьпісаньне накладаў за дзевяць месяцаў склала каля 20%, альбо 18 мільёнаў рублёў.

На 11 мільёнаў рублёў у мінусе “Знамя юности”. Разам страты ад нерэалізаваных асобнікаў перавысілі 50 мільёнаў рублёў — без уліку “Советской Белоруссии” і “Рэспублікі”, якія падпарадкоўваюцца адпаведна адміністрацыі прэзыдэнта і Савету міністраў.

“Белсаюздрук” сакрэціць працэнты

Напярэдадні шэраг незалежных інтэрнэт-рэсурсаў зьмясьцілі вытрымкі з аналітычнай запіскі дырэктаркі Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры адміністрацыі прэзыдэнта Ніны Шпак.

Паводле справаздачы, у Магілёўскай вобласьці за першае паўгодзьдзе сьпісаньне з раздробнага гандлю “Магілёўскіх ведамасьцяў” перавысіла 50%, “Советской Белоруссии” — 45%, “Рэспублікі” — 36%. Падобная карціна і ў іншых рэгіёнах.

Намесьнік кіраўніка згаданага Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру Сяргей Краўцоў заклікае ня верыць ні дакумэнту, які ён лічыць фальшыўкай, ні якім бы там ні было лічбам:

“Нават ня верце і не глядзіце на гэтыя лічбы. Год таму мы якраз разьбіраліся з пытаньнем: што гэта ўвогуле за працэс — рассылка, сьпісаньне выданьняў.

Дык вось, адны рассылаюцца празь “Белпошту”, іншыя ідуць у раздробны гандаль. І верыць гэтым лічбам — проста зь сябе зьдзекавацца. Ва ўсім гэтым вельмі складана разабрацца.

Дый не дзяржава мусіць клапаціцца пра якасьць газэты. Падыход цяпер канкрэтны: рэнтабэльнае выданьне ці не? Ад гэтага наўпрост залежыць і заробак у рэдакцыі.

Дзяржаўныя датацыі й падтрымка нязначныя ў параўнаньні з тым, што яны самі мусяць зарабляць. Такая задача была пастаўленая кіраўніком краіны. Таму ўзьнікаюць пэўныя сумневы адносна вось гэтых лічбаў”.

У апошнія гады “Белсаюздрук” скасаваў дамовы з шэрагам недзяржаўных выданьняў на распаўсюд праз спэцыялізаваныя шапікі. Радыкальныя захады тлумачыліся высокімі лічбамі сьпісаньня.

А ці існуе мяжа, пры якой газэце пагражае “дыскваліфікацыя”? Гэта я паспрабаваў высьветліць у намесьніцы дырэктара “Белсаюздруку” Тацяны Івінскай:

“Усё, пра што вы запытваеце, існуе. Але я не хацела б гэта абмяркоўваць, паколькі лічу, што гэта некарэктна. Зь любой рэдакцыяй, зь якой я ў дамове, канечне, я гатовая ў любы час сесьці й абмеркаваць працэнты, дачыненьні.

Зараз вось будзем на новы год абмяркоўваць, як будаваць нашы дачыненьні. Але з вамі мы не ў дамове. Чаму тады я павінна праз вас абмяркоўваць дамовы зь нейкімі другімі, трэцімі асобамі? Гэта суб’екты гаспадараньня, і мы ўжо неяк самі дамовімся”.

В.Чыкін: “Нас абдзірае заснавальнік”

Галоўны рэдактар газэты “7 дней” Віктар Чыкін кажа, што дзякуючы правільна абранай рэдакцыйнай палітыцы ягонае выданьне эканамічна рэнтабэльнае:

“Пра іншыя газэты казаць ня буду, і тым больш не хачу крытыкаваць сваіх калегаў, але ў нас такой праблемы не існуе. І я скажу галоўнае: мы ўсё ж у рынкавых умовах працуем, і ў нас газэта рэнтабэльная”.

Карэспандэнт: “То бок, асабліва на датацыі й не разьлічваеце?”

“Ды не, мы ня тое што не разьлічваем, мы ні капейкі й ня маем. Наадварот, гэта нас заснавальнік рабуе. Мы ўвогуле робім стаўку на падпіску, таму ў розьніцу даем газэтаў досыць мала. Нават скардзяцца чытачы, што набыць складана нашу газэту”.

У шапіках “Белсаюздруку” сапраўды багаты выбар друкаванай прадукцыі. Сярод грамадзка-палітычных выданьняў пераважна афіцыйныя СМІ: “Советская Белоруссия”, “Рэспубліка”, “Народная газета”.

А як выглядаюць пакупніцкія прыярытэты? Цікаўлюся ў адным з шапікаў:

“Усё паціху разьбіраюць...”

Карэспандэнт: “А калі гіт-парад скласьці?..”

“Натуральна, “Камсамолка” — самая любімая газэта. “Свободные новости” нашы штотыднёвыя, беларускія таксама. Расейскія выданьні купляюць. Усё бяруць, нават “Беларусь сегодня”, “Рэспубліку”, “Народную газету”. Карацей, на аматара”.

Карэспандэнт: “А якая сытуацыя зь вяртаньнем нерэалізаваных накладаў?”

“Таксама ёсьць, канечне. Але ў каго большыя — адназначна сказаць не магу. Па-рознаму”.

С. Калінкіна: “Дзяржаўныя СМІ ў прафэсійным тупіку”

Шэф-рэдактарка газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна сьцьвярджае, што згаданы ліст за подпісам Ніны Шпак насамрэч існуе, а занепакоенасьць сытуацыяй у дзяржаўнай прэсе не надуманая.

Спадарыня Калінкіна кажа: кіраўнікам дзяржаўных СМІ трэба сумяшчаць інфармаваньне і прапаганду. І неабходнасьць раздвойвацца не дае сканцэнтравацца на прафэсійным баку:

“Дзяржаўныя мэдыі зайшлі ў прафэсійны тупік. З аднаго боку, яны павінны выконваць ролю СМІ, адпавядаць нейкім патрабаваньням свайго чытача. А зь іншага боку — быць прапагандысцкай пляцоўкай для сёньняшняй улады.

І раніцай, і позна ўвечары ў шапіках можна набыць газэту “Советская Белоруссия”, я ўжо не кажу пра “Народную газету” ці “Звязду”. У той жа час не заўсёды натрапіш на “Камсамолку” ці “Аргументы и факты”.

Таму праблемы ёсьць, і ўладным ідэолягам ёсьць пра што задумацца. Але пакуль я ня бачу, што яны разумеюць сутнасьць гэтай праблемы: мэтады, якія прапануюцца для разьвязаньня праблемы, як мёртваму кадзіла. Яны ня вырашаць праблемаў дзяржаўных СМІ”.

Падпісацца на шэраг расейскіх выданьняў у Беларусі немагчыма

У падпісным каталёгу на 2008 год няма цэлага шэрагу расейскіх незалежных выданьняў, якія досыць крытычна ставяцца да цяперашніх беларускіх уладаў. Гэта нашаму карэспандэнту Ігару Карнею пацьвердзілі ў галаўным офісе прадпрыемства “Белпошта”. І, бадай, асноўная страта для беларускіх чытачоў – адсутнасьць у каталёгу папулярнай расейскай газэты “КоммерсантЪ”.

«Падпісацца можна, але толькі тыя, якія ўключаныя ў каталёг... »

Карэспандэнт: «Ну, вось, прыкладам, “КоммерсантЪ».

«А вось яго ў каталёгу няма. Некаторыя такія выданьні сапраўды ў каталёг не ўнесьлі. То бок, ад студзеня ня будзе – у каталёгу, які ідзе на 2008 год».

Карэспандэнт: «Значыць, таго ж «Камэрсанта» ў вольнай падпісцы ня будзе?»

«Ня толькі. «Деньги», «Власть», іншыя падобныя выданьні, іх таксама ня будзе. Што будзе далей – невядома. Але пакуль яны ня ўключаныя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG