Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмітру Дашкевічу далі штраф: 1 мільён 860 тысяч рублёў


Радыё Свабода Сёньня Шклоўскі раённы суд пакараў зьняволенага лідэра незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Дашкевіча на 60 базавых велічыняў — гэта 1 мільён 860 тысяч рублёў. Судзьдзя Тацяна Кашкіна прызнала Зьмітра Дашкевіча вінаватым у парушэньні 402-га артыкулу Крымінальнага кодэксу Беларусі — “Адмова альбо ўхіленьне сьведкі ад дачы паказаньняў без паважных прычынаў”. Зьміцер Дашкевіч сваёй віны не прызнаў.

Судовае паседжаньне ў справе Зьмітра Дашкевіча было закрытым. Яно праходзіла ў папраўчай калёніі №17. На суд пусьцілі толькі адваката й прадстаўнікоў АБСЭ.

На судовым пасяджэньні не было бацькі Зьмітра — Вячаслава Дашкевіча. Пакуль цягнуўся суд, а гэта амаль тры гадзіны, ён чакаў выраку ля турмы.

Падтрымаць Зьмітра Дашкевіча прыехала каля сарака чалавек. Калі пачаўся суд, моладзь надзела майкі з надпісам “Свабоду Дашкевічу”.

Маладафронтаўцы прачыталі малітву ў падтрымку Зьмітра. Ля турмы распаўсюджваліся інфармацыйныя матэрыялы пра гэты працэс.

Падтрымаць зьняволенага актывіста прыехалі й палітыкі — Павал Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі партыі БНФ Рыгор Кастусёў, сустаршыня аргкамітэту для стварэньня Партыі свабоды і прагрэсу Аляксандар Сілкоў ды шклоўскі палітык Аляксандар Шчарбак.

За дзеяньнямі групы падтрымкі пільна сачылі людзі ў цывільным. Як і ў першы дзень суду, 6 лістапада, да турмы наведалася здымачная група Беларускага тэлебачаньня, але неўзабаве зьехала.

Вестку пра вырак суду група падтрымкі сустрэла дружным “Жыве Беларусь!”.

З.Дашкевіч: "Усё пад поўным кантролем. Вясна будзе за намі"

Пра суд апавёў адвакат Зьмітра Дашкевіча Аляксандар Галіеў:

“Пракурор лічыў, што склад злачынства просты і ён даказаны. Дашкевіч адмаўляў сваю віну. Тут у нас не было асаблівых пытаньняў — мы папросту лічылі, што няма складу злачынства ад пачатку. Дзяржаўнае абвінавачаньне запатрабавала ў спрэчках штраф 100 базавых велічыняў, суд прызначыў 60 базавых велічыняў”.

Аляксандар Галіеў пераказаў словы, зь якімі зьвярнуўся да суду ягоны падабаронны:

“Хачу быць рэалістам. Судзьдзям і пракурорам дужа цяжка абгрунтаваць свае дзеяньні законам. Я ня мог абгаварыць сваіх сяброў, у мяне не было жаданьня выклікаць яшчэ адну крымінальную справу. Таму прашу суд кіравацца духам маралі”.

Аляксандар Галіеў зачытаў і пасланьне Зьмітра Дашкевіча на волю да сяброў:

“Прывітаньне, даражэнькія. Вялікі дзякуй вам усім за падтрымку. Вельмі прашу за мяне не хвалявацца. Усё пад поўным кантролем. Вясна будзе за намі. Трымайцеся. Будзьце ў міры і згодзе, бо пакуль паміж намі існуе зайздрасьць і спрэчкі, мы – грахоўныя людзі і належым да гэтага сьвету. Моцна абдымаю ўсіх вас”.

Зьміцер Дашкевіч пакуль не зьбіраецца абскарджваць выраку суду. У пятніцу адвакат сустрэнецца з падабаронным, і тады яны прымуць канчатковае рашэньне адносна абскарджаньня.

П.Севярынец: “Улада баіцца ўсё-такі перагнуць палку”

Ці задаволеныя выракам суду бацька Дашкевіча, ягоны адвакат ды палітык Павал Севярынец?

“Вядома, задаволены. Калі гэтыя грошы давялося б плаціць безь сяброў мне, то трэба было б пазбавіцца ўсёй гаспадаркі. А так дзякуй, я ўпэўнены — людзі падтрымаюць”, — кажа бацька Зьмітра Вячаслаў Дашкевіч.

“Я не магу быць задаволеным сёньняшнім прысудам, бо прысуд лічу незаконным — няма складу злачынства”, — зазначае адвакат Аляксандар Галіеў.

“Тое, што гэта ўсё-такі абвінавачаньне — гэта ганьба сёньняшняму беларускаму правасудзьдзю. Але тое, што няма прысуду з пазбаўленьнем волі — гэта сьведчыць, што ўлада баіцца ўсё-такі перагнуць палку. Баіцца дзейнічаць больш жорстка ў адносінах да моладзі. І таксама, пэўна сьведчыць пра тое, што ўсясьветная супольнасьць апякуецца гэтым пытаньнем”, — мяркуе палітык Павал Севярынец.

Пакуль ішоў суд, журналісты спрабавалі атрымаць ад начальніка папраўчай калёніі Валера Ільюшэнкі дазвол прайсьці на тэрыторыю турмы і паслухаць судовую пастанову.

Журналіст Генадзь Барбарыч пісьмова зьвярнуўся да спадара Ільюшэнкі. У канцылярыі суду паведамілі, што зварот адправілі факсам у Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. Суд скончыўся, але адказу спадар Барбарыч так і не атрымаў.

Зьміцер Дашкевіч адбывае пакараньне ў Шклоўскай папраўчай калёніі №17. Яго пакаралі паўтарагадовым зьняволеньнем за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Пад вартай ён знаходзіцца ад 15 верасьня 2006 году. З.Дашкевіч мае тры спагнаньні за парушэньне турэмнага рэжыму. На волю ён павінен выйсьці 15 сакавіка 2008 году.


Зьмітру Дашкевічу далі штраф 60 базавых велічыняў , 09.11.2007 Шклоў: да групы падтрымкі Зьмітра Дашкевіча далучыліся палітыкі , 09.11.2007 Хто парушае закон у справе Дашкевіча? , 06.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG