Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званкі на Свабоду: “Беларус квітнее, калі ляжыць у труне — наўкола вянкі, у нагах кветкі”


Радыё Свабода Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду — 9 лістапада, пятніца. Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”. Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

У шклоўскай калёніі прайшоў суд над палітвязьнем Зьмітром Дашкевічам. Яго, аднаго зь лідэраў “Маладога фронту”, зьняволенага за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, вінавацяць у адмове сьведчыць супраць сваіх паплечнікаў. З гэтай нагоды пытаньне слухача:

Зіноўеў: “Скажыце, а дзе адвакат можа зрабіць заўвагу наконт пратаколу, калі суд у калёніі, як у Дашкевіча?”

Адказвае юрыст і праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

“Адвакат мае права доступу да ўсіх матэрыялаў справы й пры неабходнасьці можа выказаць свае заўвагі ці пратэсты. Іншая рэч, што суд адбываецца, фактычна, у закрытым ад грамадзкасьці рэжыме. Фармальна яго такім ніхто не рабіў, бо для закрытасьці судовага паседжаньня павінны быць пэўныя падставы.

Але суд праходзіць на тэрыторыі калёніі — і, фактычна, ён закрыты. Ні прадстаўнікі амбасадаў, ні журналісты, ні праваабаронцы, ні ягоныя родныя, ніхто ня змог туды патрапіць”.

Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі абвясьціў датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары. Такое рашэньне стала вынікам шматдзённага супрацьстаяньня ўладаў і апазыцыі, якое завяршылася разгонам дэманстрантаў. Камэнтары слухачоў:

Міхась, в. Карпілаўка: “Я падтрымліваю прэзыдэнта Грузіі Саакашвілі ў тым, што расквітаўся зь недабітымі камуністамі, а потым даў ім газу панюхаць.

Гэта ім не ў Беларусі, дзе за кіляграм цьвікоў Шушкевіча зьнялі, садзяць Казуліна ды іншых. Хай панюхаюць пораху. Ва Ўкраіне ім не ўдалося зрабіць пераварот, дык яны задумалі ў Грузіі”.

Спадар: “Сёньня па вашы радыё крычала адна крыкуха, што ёй трэба замяніць прэзыдэнта. Дык няхай возьмуць гэтага Саакашвілі. Ён вольны ў хуткім часе будзе.

Учора Шэварднадзэ выступаў па радыё і сказаў, што ён давёў Грузію да таго, што дзеці галодныя ходзяць па вуліцы. Гэта адно.

Другое. У нас няма ніякіх палітычных зьняволеных. У нас людзі свабодна ходзяць па вуліцы. Ніхто нікога не чапае. Ні ў цягніку, ні ў аўтобусе — нідзе. А вось такіх жулікаў, як Дашкевіч, Казулін…

Казулін размахваў рукамі, біў партрэт прэзыдэнта, размахвае кулакамі на міліцыю. Яму ня месца на свабодзе. Пяць з паловай гадоў няхай сядзіць, як і ўсе. Усе роўныя перад судом. А калі ён сябе будзе дрэнна паводзіць, яшчэ яму дадаць. Вось такія нашы меркаваньні. Так што прыміце да ўвагі”.

Васіль Сініцкі, Лельчыцы: “Старшыня расейскай Дзярждумы Барыс Грызлоў выказаў непакой наконт падзеяў у Грузіі. І як гэта відаць чалавеку, які хоць трохі валодае палітычнай сытуацыяй у краінах СНД…

Калі Грызлоў прысутнічаў у Менску на так званым усенародным сходзе, у гэты час зьбівала міліцыя кандыдата на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Казуліна.

Грызлоў і вокам на міргнуў, не чырванеў ад сораму, што Аляксандар Казулін ня быў дапушчаны на сход. Расея на гэта заплюшчыла вочы. Калі ўжо скончацца гэтыя імпэрскія звычкі?!”

Слухачы “Свабоды” таксама працягваюць абмяркоўваць дзень кастрычніцкай рэвалюцыі, якую ў Беларусі адзначылі на дзяржаўным узроўні.

Ільля Копыл, Менск: “Добры дзень, “Свабода”! Учора адзін мой знаёмы, заўзяты прыхільнік Лукашэнкі й яго рэжыму, прыхільнік уваходу ў склад Расеі, які сумуе па савецкай уладзе і СССР, ведаючы маё стаўленьне да ўсяго гэтага, павіншаваў мяне са сьвятам — Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі.

У яго віншаваньні, у інтанацыі было столькі нянавісьці да мяне, што ён гатовы быў пусьціць у ход кулакі. Я яму адказаў, што ў гэты дзень у 1917 годзе ўладу захапілі бандыты. Гэта сьвята для тых, каму падабаецца выгляд, пах і смак крыві.

З такім жа посьпехам можна аб’явіць сьвятам пачатак дзейнасьці ў наш час марозаўскай бандыцкай групоўкі ў Гомелі”.

Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Я чула, як адна жанчына сказала: што дрэннага было, калі на парад хадзілі пры савецкай уладзе? Пілі гарэлку, елі каўбасы.

Я толькі памятаю, як давалі загад на працы: як ня прыйдзеш, то выганім з працы. І ўсе ішлі. Але я ні разу ня бачыла, каб нехта піў і каўбасу еў. Калі нехта піў з агрэсараў, то толькі рукавом абціраліся. Вось такія савецкія людзі. Так што няхай ня хваляцца. Пад прымусам ішлі.

Цяпер пра Грузію. Чую, карэспандэнты пытаюцца, хто перашкаджае Грузіі. Адказваюць: Расея. А чаму Расея перашкаджае? За тое, што не да Расеі прыхінуліся, а да Захаду. Дык вось, ніхто ня хоча Расеі — пагаравалі. Вось якія страшныя яны, ніхто ня хоча”.

Наступныя тэлефанаваньні — пра дабрабыт людзей.

Пётар Сьцяпанавіч: “Я хачу расказаць пра рэальнае жыцьцё ў нашай квітнеючай Беларусі. Я неяк зайшоў у краму мясакамбінату й пабачыў вялікую чаргу ў адзін аддзел. Чарга складалася ў асноўным з адных пэнсіянэраў. Я глянуў, што прадавалася ў тым аддзеле. Аказваецца, сьвіныя вушы, хвасты, а таксама сьвіное сэрца.

Людзі куплялі 5—7 кіляграмаў гэтага тавару. У краме было ціха да таго моманту, пакуль прадавачка не сказала, што тавар гэты заканчваецца. Што тут пачалося! Чарга ператварылася ў натоўп каля прылаўку. Усчаўся крык, лаянка.

Дзядок выцягнуў пасьведчаньне ўдзельніка вайны й пачаў ім тыцкаць бабулі ў твар. Тая ж выцягнула пасьведчаньне інваліда 2-й групы. Яшчэ хвілін дзесяць стаяў гэты шум і лаянка. Потым пачалі ўсе расходзіцца.

Такую ж карціну я назіраў каля скрынкі са сьмецьцем, дзе зграя сабакаў білася за нейкую костку. Прабачце за грубае параўнаньне, але гэта так.

Я дзядку-пераможцу фашызму сказаў: “Зазірні ў іншыя аддзелы крамы. Там ляжаць языкі ялавічныя, выразкі сьвіныя, мяса лапатачнае”. Ён паглядзеў на мяне, як на іншаплянэтніка, і кажа: “Дык ты глянь, якія кошты на ўсё гэтае багацьце!”

Вось яна, рэальная карціна жыцьця ў квітнеючай Беларусі. Адзін раз беларус квітнее — калі ляжыць у труне, наўкола труны вянкі, а ў нагах кветкі”.

Спадарыня: “Адмена льготаў інвалідам 1-й і 2-й групаў, можна падумаць, узбагаціць і падыме эканоміку Беларусі. Улады не баяцца граху. Ніхто ня ведае, каму зь іх Бог пашле інваліднасьць. Калі прэзыдэнт не заступіцца за інвалідаў 1-й і 2-й групаў, дык будзе яму ганьба ад людзей”.

Працягваем праграму пытаньнем на адрас лідэраў апазыцыі:

Спадар: “Дзень добры, шаноўная “Свабода”. Мяне проста зьдзіўляе, якія ж недальнабачныя лідэры апазыцыі ў наш час.

З кім ісьці на дыялёг, спадар Івашкевіч? Зь нелегітымным прэзыдэнтам?! Няўжо вы не разумееце, што ўлада абрала іншую тактыку — тактыку прэвэнтыўных затрыманьняў. Найбольш актыўных — затрымаць. А найбольш небясьпечных — ці як Захаранку, ці як Клімава з Казуліным. Няўжо вы гэтага не разумееце?!”

На пытаньне адказвае Віктар Івашкевіч:

“Адкрыты і публічны зварот да Лукашэнкі й яго атачэньня — гэта зварот да ўсіх людзей у сыстэме ўлады. А там шмат разумных і прафэсійных людзей. І гэта зварот пра тое, што нам разам неабходна клапаціцца пра лёс Беларусі й свой асабісты лёс.

І ў гэтым сэнсе, дыялёг — як пошук нацыянальнага кансэнсусу ўсіх разумных людзей Беларусі — мае абсалютны сэнс”.

Далей выказваньні пра ўладу ў Расеі й Беларусі:

Валеры, Барысаў: “Колькі аховы ў нашага прэзыдэнта, запытаўся я неяк у Мілінкевіча. “Не, ня ведаю, — адказаў ён, — у нас ва ўладзе няма празрыстасьці”.

Званіў стрыечнаму брату ў Амэрыку. Брат засьмяяўся: “У нас нават кожны ведае, чым акацілася кошка ў сям’і Буша”. Старэйшыя беларусы бачылі фільм “Ленін у Кастрычніку”, і кожны ведае, што там быў адзін ахоўнік.

Мая заява народнаму парлямэнту. Ён дружна скасаваў ільготы, няхай скасуе і ахову ў нашага “бацькі” й пакіне толькі аднаго ахоўніка — яго сына Віктара. Таксама трэба падлічыць, колькі вызваліцца народных грошай”.

Спадар: “Самыя агідныя тэхналёгіі задушваньня апазыцыйнага руху Лукашэнка распрацоўвае на беларусах.

Да іх можна аднесьці ананімныя званкі пра мінаваньне, адключэньне электрычнасьці, нерэгістрацыя непажаданых для рэжыму партыяў і рухаў, арышты перад апазыцыйнымі мітынгамі, “нецэнзурную лаянку”, закрыцьцё апазыцыйных выданьняў і многае іншае, пра што прыстойныя людзі й прыдумаць ня могуць.

Але самае цікавае, што апрабаваныя ў Беларусі мярзотныя мэтодыкі нібыта інтэлігент Пуцін адразу ж укараняе ў сябе ў Расеі. У сувязі з гэтым нават ёсьць анэкдот.

Ідзе Лукашэнка па Маскве і бачыць: амонаўцы людзей налева і направа дубасяць. Лукашэнка стаў у позу Ільліча і кажа: “Дакладнай дарогай ідзяце, таварышы”.

Натуральна, што з імпэрскімі амбіцыямі Расея, як падтрымлівала ў мінулым, падтрымлівае цяпер, так і будзе падтрымліваць усе антынародныя і антыдэмакратычныя рэжымы накшталт беларускага.

І хоць ведае прыказку “Лепш з разумным згубіць, чым з дурнем знайсьці”, усё роўна расейцы шукаюць з дурнямі — ня думаючы пра тую расплату, якая абавязкова прыйдзе для народу Расеі ў будучыні”.
XS
SM
MD
LG