Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ня той цяпер КДБ, зь якім мне давялося сутыкнуцца сорак гадоў таму”


Валянцін Жданко, Менск Эфір 9 лістапада

У пошце “Свабоды”, якую мы атрымлівалі на мінулым тыдні, — лісты з развагамі пра апошнія палітычныя і эканамічныя падзеі, з расповедамі пра асабістыя праблемы, з роздумам пра лёс Беларусі.

Пачну сёньняшнюю размову з допісу Сяргея Гашкевіча зь Менску:

“Тысячы і тысячы самых здольных і таленавітых людзей у пошуках лепшай долі і вартай будучыні для сябе і сваіх дзяцей вымушаныя пакідаць радзіму. Сотні й сотні штогод канчаюць жыцьцё самагубствам, не знайшоўшы выйсьця з прыніжальнага становішча.

Асобы, патэнцыйна небясьпечныя для рэжыму, з уласным пунктам гледжаньня, гатовыя да барацьбы, у Беларусі выяўляюцца і дыскрэдытуюцца. Дзеля гэтага ўлада выкарыстоўвае самыя брудныя прыёмы.

Думаю, у Беларусі нават дзейнічае адмысловая праграма дзеля выяўленьня такіх людзей. Сёньня мы ведаем і гаворым пра многае з гэтага. Веру, што гэта толькі пачатак, і сьвет яшчэ даведаецца шмат цікавага пра таемныя змовы і тэхналёгіі ціску, якія дазваляюць служкам рэжыму заставацца пры ўладзе і перамагаць на так званых “выбарах”.

Вялікая падзяка Аляксандру Казуліну, Крысьціне Шацікавай, Зьмітру Дашкевічу, Андрэю Клімаву і многім іншым за рашучыя дзеяньні. Дзякуй усім, хто змагаецца за ідэалы свабоды”.

Так, Сяргей, значная частка нашых перадачаў прысьвечаная менавіта гэтым тэмам. Сумнеўна, аднак, што ў Беларусі створаная нейкая адмысловая праграма выяўленьня іншадумцаў, патэнцыйна небясьпечных для рэжыму.

Імёны людзей, якія маюць адвагу займацца грамадзкай дзейнасьцю і адстойваць свае погляды, адрозныя ад поглядаў улады, добра вядомыя. Іхная дзейнасьць — навідавоку. Уладзе няма патрэбы распрацоўваць нейкія адмысловыя праграмы пошуку.

Іншая рэч, што супраць гэтых людзей, якія адкрыта адстойваюць свае законныя грамадзянскія правы, нярэдка выкарыстоўваецца ўся моц рэпрэсіўнай машыны.

На мінулым тыдні ў нашым эфіры ня раз згадвалася тэма кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 году. 7 лістапада 90-я ўгодкі бальшавіцкага перавароту адзначаліся ў Беларусі як дзяржаўнае сьвята.

Наш слухач Андрэй Сьмірноў зь Менску не пагаджаецца з многімі ацэнкамі падзеяў 1917 году, пачутымі па “Свабодзе”:

“Нельга называць гэтую дату пераваротам. Гэта была сапраўдная рэвалюцыя, якая зьмяніла ўсю палітычную і эканамічную хаду ўсясьветнай гісторыі. Хто ведае, ці быў бы сёння ўва Францыі ды Італіі 35-гадзінны працоўны тыдзень, альбо ён быў бы, скажам 60-гадзінны. А такое цалкам магчыма.

Менавіта страх перад сусьветным камунізмам прымушаў працадаўцаў да лібэралізацыі адносна простага працаўніка. Сёньня мы зайздросьцім жыцьцю простых рабочых у гэтых краінах, але многія з гэтых заваёваў натхняліся прыкладам кастрычніцкай рэвалюцыі.

Сама дата дазволіла нам ператварыцца з “Паўночна-Заходняга краю” ў Беларусь. Пры захаваньні старой Расейскай імпэрыі, колькі б 25 сакавіка не адбылося, усе ўдзельнікі такіх сходаў заўсёды траплялі б у Сібір, без варыянтаў.

Акрамя таго, нельга забывацца, што ў былым СССР пасьля рэвалюцыі была раздадзеная зямля сялянам. Адбіралі потым гэтую зямлю зусім ня тыя людзі, што мелі асноўны ўплыў падчас самой рэвалюцыі.

СССР не адразу пераўтварыўся ў імпэрыю зла. І нават існаваньне Беларусі, як часткі той краіны, не заўсёды спалучалася з прыгнётам нацыянальнай самасьвядомасьці. Была ж і першая палова 1920-х гадоў, беларусізацыя.

Можна таксама ўспомніць, што пры Машэраву паралельна шматтысячнаму накладу “Вечернего Минска” на расейскай мове выдавалася ўсяго некалькі соцень асобнікаў па-беларуску. І гэтую абсалютна стратную зь фінансавага боку справу таксама рабіла ўлада.

Так што справа не зусім у датах ды лёзунгах. Справа у тым, хто непасрэдна кіруе і прымае рашэньні. Ці зацікаўлены ён у беларусізацыі краіны, як бы ягоная ўлада ні называлася — савецкай ці “сацыяльна арыентаванай беларускай”.

Удакладню, Андрэй: у кастрычніку 1917-га Расейская імпэрыя ўжо не існавала. Бальшавікі гвалтам адабралі ўладу не ў самадзержца, а ў часовага буржуазнага ўраду новай Расеі, які пасьля лютага пачаў праводзіць у краіне дэмакратычныя пераўтварэньні.

Цяпер часта можна пачуць сьцьвярджэньне, што Беларусь, як і іншыя нацыянальныя ўскраіны былой Расейскай імпэрыі, атрымала спачатку аўтаномію (а празь семдзесят гадоў дзякуючы ёй і незалежнасьць) якраз у выніку кастрычніцкай рэвалюцыі.

Але глянем шырэй на эўрапейскія падзеі таго пэрыяду. Першая ўсясьветная вайна, востры эканамічны крызіс, абуджэньне нацыянальнай сьвядомасьці народаў Усходняй і Паўднёвай Эўропы, а ў выніку — распад ўсіх імпэрыяў на эўрапейскім кантынэнце.

Гэта быў аб’ектыўны гістарычны працэс, у выніку якога ў Эўропе зьявіліся больш за дзесяць незалежных дзяржаваў. Сярод іх магла быць і Беларусь. Што ёй перашкодзіла?

Ці ня бальшавікі задушылі Беларускую Народную Рэспубліку, і ці не саступкай нацыянальнаму руху было вымушанае стварэньне бальшавікамі БССР?

Вы маеце рацыю, Андрэй: падзеі кастрычніка 1917-га былі значнымі для гісторыі, у тым ліку для гісторыі Беларусі. Але чамусьці амаль усе народы былога СССР і Ўсходняй Эўропы 7 лістапада калі і адзначаюць, то толькі як дзень памяці і смутку, і толькі ў Беларусі гэта дзяржаўнае сьвята.

Аўтар наступнага вялікага ліста Міхаіл Захарэвіч зь Менску распавядае доўгую гісторыю сваіх непаразуменьняў з прадстаўнікамі ўлады.

Пачалося ўсё зь нейкага побытавага канфлікту, пра які спадар Захарэвіч згадвае мімаходзь, невыразна. Паведамляе толькі, што адседзеў за гэта 15 сутак, а потым зноў быў выкліканы ў суд, дзе яму паведамілі, што ён яшчэ і аштрафаваны на 310 тысяч рублёў.

“Сінячок сумнеўнага паходжаньня пацягнуў ня толькі на арышт, а і на месячную пэнсію”, — абурыўся спадар Захарэвіч і пачаў змаганьне за справядлівасьць.

Цытую расповед слухача пра тое, як ён шукаў праўды ў КДБ:

“Кажу: “Вы ж ня толькі шпіёнаў і здраднікаў павінны выяўляць, але і адпаведна рэагаваць на злоўжываньні надзеленых уладай, каб у людзей гэтая ўлада не выклікала агіды”.

Супрацоўнік, які мяне прымаў, зь неахвотай перагледзеў адну старонку звароту ў адміністрацыю прэзыдэнта, потым знайшоў абедзьве пастановы суду — і параіў наняць адваката.

Я запярэчыў: “За што я яго найму, калі 58 тысяч заплаціў за турэмную баланду, а яшчэ 310 тысяч будуць вылічваць з пэнсіі?” “Ну, гэта нядорага каштуе”, — кінуў суразмоўца.

На стале ў яго ляжалі аркушы “Кодэксу гонару афіцэра КДБ”. Я папрасіў адзін, каб азнаёміцца. Ня раз спрачаўся з апазыцыянэрамі й казаў, што ўступіў бы ў тую партыю, ідэалёгіяй-рэлігіяй якой быў бы кодэкс гонару.

“Не, гэта не для ўсіх”, — запярэчыў кадэбіст і згроб аркушы ў шуфляду. І што там за сакрэтны гонар у кадэбістаў, калі пра яго нельга ведаць людзям?

“Не, ня той цяпер КДБ, зь якім мне давялося сутыкнуцца сорак гадоў таму, хоць і не па ўласнай ахвоце”, — сказаў я, адыходзячы. Сорак гадоў таму мяне выклікалі туды: паступіў данос”.

Можа, спадар Захарэвіч, і праўда ваш канфлікт з законам не ўяўляе вялікай пагрозы для дзяржаўнай бясьпекі? Вы ж ня зьвесткі пра шпіёнаў прынесьлі й не “кампрамат” на лідэраў апазыцыі…

Хоць, зрэшты, калі пройдзеныя ўсе суды, адміністрацыя прэзыдэнта і прадстаўніцтва ААН — куды яшчэ зьвяртацца?

На заканчэньне ліст зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну, у якой ужо не адзін год на грамадзкіх асновах ананімнымі аўтарамі выдаецца незалежная вясковая газэта “Дуброўскі настрой”. Вось інфармацыя з апошняга нумару, дасланага зь вёскі на адрас “Свабоды”:

“З самымі найлепшымі намерамі тутэйшы дырэктар, наіўна верачы ў магію і шаманства рэклямы, павез і закадаваў ад п’янства неблагіх хлопцаў — спадзеючыся атрымаць для лятыфундыі падрамантаваную працоўную сілу.

І вось гэная зашыфраваная працоўная сіла пэўны час спраўна трымалася абстынэнцыі. Але як дазналася, што кадаваньне адбылося зь ейнай кішэні, то тут жа скінула чары кадаваньня і зноў зацундзіла і зажлукціла. Высновы:

1. Дырэктар — добры чалавек, альтруіст. 2. Генэтыку не адужаеш. 3. Цэны на шыфраваньне ад п’янства завысокія. 4. Патрэбна дзяржаўная праграма кадаваньня народу для жыцьця ў нэакамунізьме — аграмястэчках.

Падумаць толькі: найлепшыя ў сьвеце будаўнікі камунізму столькі гадоў будавалі “сьветлую будучыню”, а спаўзьлі ізноў да ЛПП і антыалькагольнага кадаваньня”.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG