Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Белая воля”: радыкальны нацыяналізм, замешаны на эпатажы


Ігар Карней, Менск На палітычнай авансцэне Беларусі ўзьнік дагэтуль мала вядомы рух “Белая воля”. Найбольш гучна маладыя людзі заявілі пра сваё існаваньне падчас нядзельнага “Сацыяльнага маршу” у Менску, калі на вуліцы Сурганава адбылася бойка паміж “белавольцамі” й іхнымі равесьнікамі, якія адносяць сябе да анархістаў. Увогуле шмат хто лічыць, што з дапамогай “марыянэтачнай групоўкі” дыскрэдытуюцца іншыя рухі апазыцыйнай скіраванасьці. Ці так гэта?

“Белая воля” дзейнічае ва ўмовах жорсткай кансьпірацыі. Нумары тэлефонаў і прозьвішчы – толькі дзеля ўнутранага спажываньня. У выніку “шматхадовай камбінацыі” на сувязь выйшаў адзін з кіраўнікоў арганізацыі, які назваўся Алегам. Гаворку давялося весьці на падставе чутак, якія ўжо акружылі “Белую волю”.

Скінгэды ў “Белай волі” -- на перавыхаваньні

Са словаў Алега, арганізацыя ўзьнікла два гады таму, якраз у лістападзе:

“Гэта былі тры чалавекі, аб’яднаныя адной ідэяй – жаданьнем стварыць нешта новае, штосьці сапраўды дзейснае для Беларусі. Што тычыцца нашага кантынгенту, то гэта пераважна моладзь. Мы сьвядома рабілі стаўку на стварэньне моладзевай арганізацыі, той часткі насельніцтва, якой належыць беларускае заўтра, якой мы павінны дапамагчы зрабіць Беларусь такой, якой яна мусіць быць. Таму ў асноўным гэта студэнцтва, працоўная моладзь. Як вы, напэўна заўважылі, шмат былых скінгэдаў. Мы гэтага не хаваем, бо гэта сапраўды тыя людзі, зь якімі трэба працаваць. Калі гэтага ня будзем рабіць мы, то іх папросту будуць выкарыстоўваць у антыбеларускіх мэтах”.

Карэспандэнт: “Калі з 2-3 чалавек усё пачыналася, то які колькасны склад зараз – сотні, тысячы?”

“Не, канечне. Наогул у нашай краіне даволі складаная сытуацыя зь дзеяньнем ад імя грамадзкага аб’яднаньня, таму “Белая воля” не ўяўляе сабой на сёньняшні дзень адзінай арганізацыі. Гэта хутчэй нацыянал-патрыятычны фронт аднадумцаў. Мы не вядзем нейкага ўліку нашых чальцоў, але прыкладна магу сказаць, што па Менску дзейнічае каля 40 актывістаў. Сярод тых, хто так ці інакш нас падтрымлівае, лічба, пэўна, удвая большая”.

Карэспандэнт: “Шмат хто лічыць, што да ўзьнікненьня “Белай волі” прыклалі руку ўлады, такім чынам адцягнуўшы моладзь ад апазыцыйнай актыўнасьці. У якасьці ускосных доказаў – дазвол на пікеты, няма перасьледу актывістаў”.

“У гэта складана паверыць хоць бы таму, што ў нас з традыцыйнай апазыцыяй даволі розны кантынгент. Дэмакратычная моладзь да нас не ідзе, наш кантынгент схільны да больш радыкальнага нацыяналізму. І мы працуем на розным сацыяльным полі. А дазвол на пікеты як жа не даваць? Пікеты ўсе арганізуюцца прыватнымі асобамі, гэта ж не забаронена. Да таго ж, не заўжды нашымі людзьмі. Што да лёзунгаў, пад якімі праводзяцца пікеты, дык яны ніяк не супярэчаць заканадаўству”.

Ускінуты ўгару кулак – не нацысцкае вітаньне

Карэспандэнт: “Вы ўжо згадвалі пра скінгэдаў. Гэтаксама прыпісваюць да сяброўства ў “Белай волі” РНЕ ды сябраў некаторых ультраправых рухаў...”

“Было некалькі чалавек, якія раней прайшлі школу РНЕ і далучыліся да нас. Але ж яны далучыліся не на пазыцыях РНЕ, а на нашых пазыцыях. Дарасьлі, пэўна, да нас. Што тычыцца шавіністычных расейскіх прафашысцкіх рухаў, нэанацысцкіх рухаў... Калі яны спавядаюць менавіта шавінізм, адмаўляюць права нацыі на самавызначэньне, на захаваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці, то мы крайне нэгатыўна ставімся. Як і да ўсялякага іншага шавінізму”.

Карэспандэнт: “Ці насамрэч вітаньне “белавольцаў” – ускінутая ўгару правая рука?”

“Вітаемся мы трошкі інакш, ніякіх нацысцкіх вітаньняў у нас няма. Тое, што бачылі на маршы, калі нашы паплечнікі ўскідвалі кулакі, – дык гэта ўсё ж нешта іншага кшталту. Мы выбралі такі манер паводзінаў усяго толькі, каб прыцягнуць увагу”.

Карэспандэнт: “Згулялі на эпатажнасьць?”

“Так, ёсьць такое”.

Карэспандэнт: “Ці зьбіраецеся ўрэшце зарэгістраваць арганізацыю?”

“Мы спрабавалі. Але як нам падаецца, гэта немагчыма ў цяперашніх умовах. Чыноўнікі, бюракраты ўсё душаць на корані. Мы гэтым займаліся недзе паўтара году, але апошнім часам адмовіліся ад гэтай ідэі...”

“Белая воля” як дрэнная карцінка для Захаду

Лідэры бальшыні недзяржаўных моладзевых арганізацый схіляюцца да меркаваньня, што да зьяўленьня “Белай волі” уладныя структуры маюць непасрэднае дачыненьне. Прадстаўнік незарэгістраванага “Правага альянсу” Юрась Карэтнікаў мяркуе, што бойка падчас “Сацыяльнага маршу” – яскравае таму пацьвярджэньне:

“Нядзельныя падзеі паказалі: улады проста скарысталі групы радыкальнай моладзі. З аднаго боку гэта так званыя анархісты, зь іншага боку – вось гэты ультраправы рух “Белая воля”. Каб паказаць, што адны радыкалы пабілі іншых радыкалаў, а апазыцыя абсалютна ня мае магчымасьці кантраляваць саміх жа ўдзельнікаў маршу. Паказаць нязначнасьць у вачох эўрапейскай супольнасьці ці нейкіх сур’ёзных дзяржаўных партнэраў такіх сходаў: маўляў, глядзіце, хто ў іх прысутнічае на маршах, зірніце на ўскінутыя ўгару правыя рукі... І вы з гэтымі людзьмі зьбіраецеся дамаўляцца? Такая тактыка скарыстоўвалася і, відавочна, будзе скарыстоўвацца надалей”.

А вось экс-міністар унутраных спраў, генэрал Юры Сівакоў, якому часам прыпісваецца апекаваньне моладзевых радыкальных груповак, ролю сваю асабістую і дзяржавы ў стварэньні падобных да “Белай волі” арганізацый лічыць перабольшанай:

“З аднаго боку, я ня ведаю -- добра гэта ці дрэнна, што ніяк пра мяне не забудуцца? Але ў гэтым зьвязку не магу нічога сказаць, апроч таго, што гэта трызьненьне сівой кабылы. Акрамя як інстытуцкімі справамі, па сваёй цяперашняй пасадзе як прарэктара і дэкана факультэту правазнаўства, я іншымі справамі не займаюся”.

• Якога колеру ідэі “Белай волі”?, 05.11.2007
XS
SM
MD
LG