Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які плён даюць групы падтрымкі палітвязьняў?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў Шклоўскай калёніі аднавіцца працэс над лідэрам “Маладога фронту” Зьмітром Дашкевічам, якому пагражае новы турэмны тэрмін за адмову сьведчыць супраць сваіх сяброў. Дашкевіч ужо адбывае паўтарагадовае зьняволеньне за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Гэта будзе другая спроба пачаць працэс над Зьмітром Дашкевічам. Актывіста пачалі судзіць 6-га лістапада, але адвакат паскардзіўся, што ня вытрыманыя тэрміны азнаямленьня Дашкевіча з судовым рашэньнем, і працэс перанесьлі на пятніцу. Праваабаронца Алесь Бяляцкі не падзяляе вэрсію, паводле якой улады гэткім пераносам спрабавалі зьбіць хвалю пратэсту супраць перасьледу Дашкевіча. Паводле спадара Бяляцкага, суд толькі перастрахаваўся на будучыню:

“Цяжэй парушыць працэсуальныя моманты, чым вынесьці несправядлівы прысуд. Бо ў такім выпадку вышэйшы суд заўсёды можа адмяніць тое дзеяньне, якое называецца судом. Таму – хочаш ня хочаш – яны мусяць трымацца нейкіх нормаў”.

На думку Алеся Бяляцкага, акцыі падтрымкі палітвязьняў найперш патрэбны дзеля таго, каб грамадзкасьць ведала пра становішча з правамі чалавека ў краіне.

Зьмітру Дашкевічу пагражае яшчэ шэсьць месяцаў зьняволеньня ў дадатак да тых году з паловай, якія яму летась далі за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Тады побач з судом актывісты “Маладога фронту” праводзілі шматлюдныя акцыі салідарнасьці. Сёньня падобнае паўторыцца, не выключае Наста Лойка. Дзяўчына кажа, што салідарнасьць патрэбна найперш тым, хто патрапіў пад рэпрэсіі:

“Мы заўсёды кажам, што Дашкевіч сядзіць за нас, бо мы разам рабілі агульную вельмі патрэбную справу. І тое, што ён знаходзіцца за кратамі – гэта толькі падкрэсьлівае. Тое, што прыходзяць людзі, падтрымліваюць, унушае і яму надзею, што ўсё было не дарэмна”.

Аднак Наста Лойка кажа і пра важнасьць нагадваньня судзьдзям: незаконныя прысуды абавязкова будуць перагледжаныя. Актывістка перакананая: прысуды палітвязьням насамрэч выносіць ўлада, а ня суд.

“Рэдка, але бываюць і апраўданьні”

Праваабаронца Валер Шчукін у пачатку лістапада назіраў за падобным працэсам. Пінскаму прадпрымальніку Аляксандру Васільлеву пагражаў адміністрацыйны арышт нібыта за арганізацыю недазволенага мітынгу і заклікі да забастоўкі, але ў выніку суд яго апраўдаў.

“Рэдка, але такое бывае, – кажа Шчукін. – Асабліва калі ў правінцыяльны суд прыяжджае шмат людзей, гэта дзейнічае. Туды прыехалі зь Берасьця, з Баранавічаў, я быў зь Віцебску. Нават напісаў скаргу на судзьдзю, калі мне забаранілі карыстацца дыктафонам. І ўсё гэта, магчыма, неяк паўплывала на рашэньне”.

Ці пусьцяць гэтым разам людзей на працэс над Зьмітром Дашкевічам? Мае суразмоўцы былі перакананыя, што гэтага не адбудзецца. “Улада баіцца, што людзі яшчэ раз пераканаюцца ў надуманасьці абвінавачаньня і адсутнасьці доказаў”, – мяркуе Алесь Бяляцкі.

Працэс над Зьмітром Дашкевічам мусіць пачацца а 9-ай гадзіне раніцы.

Яшчэ адзін суд пагражае і іншаму маладафронтаўцу Артуру Фінькевічу, які ў Магілеве адбывае тэрмін абмежаваньня волі за палітычныя графіці. На Артура Фінькевіча завялі новую крымінальную справу — за парушэньне рэжыму адбываньня пакараньня, што пагражае зьняволеньнем да 3 гадоў.

• Хто парушае закон у справе Дашкевіча?, 6.11.2007 • Заўтра ў Шклове будуць судзіць Зьмітра Дашкевіча , 5.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG