Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ў “Кнізе рэкордаў Гінэса”: пацалункі, піўныя коркі, песьні на галаве


Ігар Карней, Менск Сёньня дзень нараджэньня “Кнігі рэкордаў Гінэса”. У лістападзе 1951 году кіраўнік бровару “Гінэс” у часе паляваньня ня здолеў падстрэліць качку. Атачэньне пачало супакойваць боса, маўляў, нельга падстрэліць такую хуткую птушку, з чаго нарадзілася спрэчка: якая ж птушка ў Англіі самая хуткая? Адпаведнай інфармацыі знайсьці не ўдалося, але нарадзілася ідэя стварыць кнігу, якая б сабрала ў адно самыя незвычайныя дасягненьні ўва ўсіх галінах. Ад моманту свайго зьяўленьня ў 1955-м кніга вытрымала некалькі сотняў выданьняў на 35 мовах, трывала заняўшы другое – пасьля Бібліі – месца ў сьпісе ўсясьветных бэстсэлераў. Зь цягам часу “Кніга рэкордаў Гінэса” ператварылася ў аўтарытэтны міжнародны інстытут, які рэгіструе існуючыя ў сьвеце дасягненьні. Які сьлед у кнізе пакінулі беларусы?

Сапраўдныя сябры Гінэса – беларускія спартоўцы

Шырока ў “Кнізе рэкордаў Гінэсу” прадстаўленыя беларускія спартоўцы.

Так, на рахунку гімнаста Віталя Шчэрбы адразу шэсьць залатых мэдалёў, атрыманых на Алімпіядзе ў Барсэлёне ў 1992 годзе.

Канькабежац Ігар Жалязоўскі шэсьць разоў станавіўся абсалютным чэмпіёнам сьвету ў спрынтэрскім шматборстве.

Мноства рэкордаў у падыманьні цяжараў у беларускага асілка Вячаслава Харанэкі. Па агульнай колькасьці спартовых дасягненьняў у канцы 1990-х трапіў у “Кнігу рэкордаў Гінэса” і славуты штангіст Леанід Тараненка:

“Натуральна, што гэта прыемна, хоць я туды й ня рваўся. Шчыра кажучы, даведаўся выпадкова: глядзеў перадачу па тэлевізары і раптам паказваюць мяне, расказваюць, што зафіксаваны мой усясьветны рэкорд. Мне было, вядома, прыемна. Сам рэкорд быў устаноўлены ў 1988 годзе. Было гэта ўжо пры канцы году ў Аўстраліі, а ў 1990-м ён ужо зьявіўся ў “Кнізе рэкордаў Гінэса”. А прыемна тым больш, што нашых суайчыньнікаў там няшмат”.

Ад сярэдзіны 1990-х на тэрыторыі былога СССР рэкорды рэгіструюцца праз прадстаўніцтва “Кнігі рэкордаў Гінэса” – кампанію “Інтэрстронг” са штаб-кватэрай у Маскве.

Каб трапіць у гісторыю – засьпяваў, стоячы на галаве

Сьпявак Альберт Скараход увекавечыў сябе тым, што найдаўжэй у сьвеце сьпяваў, стоячы на галаве. Як згадвае Альберт, рэкорд зьдзейсьніўся шмат у чым дзякуючы кіраўніку “Інтэрстронгу” Алегу Гарунову:

“Ён мне патэлефанаваў у 2006 годзе і прапанаваў устанавіць гэты рэкорд. Я й раней сьпяваў гэтую песьню ў стойцы на галаве, але яна ніколі мне не залічвалася як рэкорд на колькасьць часу. Таму я прыняў запрашэньне, паехаў і атрымалася 5 хвілін.

У чым заключаецца рэкорд? Я зьяўляюся рэжысэрам і аўтарам кампазыцыі. Па тэме і назва – “Перакулены сьвет”, то бок літаральна “дагары нагамі”. Дагэтуль не было яшчэ зафіксавана, каб хтосьці ўвогуле выконваў песьню на галаве і на колькасьць часу. Я ў гэтым сэнсе быў першы. Сам нумар цяпер пашыраю, у творчым пляне ўдасканальваю: перарабіў словы, перарабіў аранжыроўку, запрашаю танцораў. Нумар раблю як шоў, ён будзе ў маёй канцэртнай праграме. А з гледзішча якогасьці рэкорду, мяркую, ня буду нічога рабіць. Бо ўжо няма сэнсу”.

Адзінае месца “Габэлена стагодзьдзя” – у кнізе рэкордаў

Найбольш усясьветных рэкордаў сярод беларусаў на рахунку жыхара Магілёва Аляксандра Бендзікава, у якога ўжо цэлы стос сэртыфікатаў ад “Гінэса”. Свой першы рэкорд Бендзікаў зафіксаваў у 1994-м, паставіўшы на руб 522 касьцяшак даміно. Ужо праз год зьдзейсьніў яшчэ адну задуму: на рубе адной манэты зьмясьціў 880 іншых. Роўна 10 гадоў таму Бендзікаў з дапамогай 410 тысяч піўных коркаў склаў піраміду пад дахам бровару “Крыніца”. Цяпер яму не дае спакою іншая задума: пабудаваць запалкавую канструкцыю на бутэлькавым рыльцы.

Прапіску ў “Кнізе рэкордаў Гінэса” атрымаў так званы “Габэлен стагодзьдзя” ўжо нябожчыка, мастака Аляксандра Кішчанкі. Гэты габэлен уручную сатканы ў 1996 годзе на Барысаўскім камбінаце ўжытковага мастацтва. Гіганцкае палотнішча 14 на 19 мэтраў ня мае аналягаў у сьвеце, але й памяшканьня для яго сталай экспазыцыі таксама знайсьці амаль немагчыма.

Адзін з рэкордаў (ужо, праўда, пабіты) быў дасягнуты калектыўна: 14 лютага 1999-га амаль 6 тысяч менчукоў у Дзень закаханых адначасова пацалаваліся ў спартовым комплексе “Ўручча”.

Але ня толькі людзкім удзелам праславілася Беларусь у “Кнізе рэкордаў Гінэса”. На тэрыторыі беларускага Палесься разьмясьцілася самае вялікае ў сьвеце балота.

А ў 1964 годзе магілёўская карова Любік стала рэкардсмэнкай у пладавітасьці: у яе зьявіліся адразу сямёра цялятаў.

Патэнцыйным кандыдатам на месца ў “Кнізе рэкордаў” – першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Ягоная пэнсія, якая не падвышалася з папраўкаю на інфляцыю ад 1996 году, магла б быць прызнаная самай нізкай у сьвеце – усяго паўтара даляра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG