Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гандаль сьпіртовымі напоямі хочуць абмежаваць


Алесь Дашчынскі, Менск Міністэрства ўнутраных справаў накіравала на разгляд ураду прапанову – абмежаваць продаж алькагольных напояў з 22 да 9 гадзінаў. Таксама прапануецца ўвесьці шэраг іншых мераў для барацьбы з п''янствам.

“У нас ужо сёньня дзень амаль не адрозьніваецца ад ночы”

Начальнік упраўленьня прафіляктыкі Міністэрства ўнутраных справаў Мікалай Дрозд патлумачыў, што такія прапановы выкліканыя сплянаванай барацьбой з п''янствам:

“Галоўная мэта, каб ня спойваліся людзі, каб яны гэтых сьпіртазьмяшчальных і іншых вадкасьцяў не спажывалі. Усю гэту танную... Я лічу, што часу дастаткова, цягам 13 гадзін праблем ні ў кога ў краме не ўзьнікае! А запрашаць гасьцей пасьля 22-х – гэта не зусім. У нас ужо сёньня дзень амаль не адрозьніваецца ад ночы. І днём п’юць, і ўночы п’юць. І нават ёсьць магчымасьць набыць – няма ніякіх праблем. А так, можа, каго-небудзь і спыніць. Няма нідзе. Ну і няма”.

Паводле Мікалая Дразда, прапануецца забараніць продаж ад 22 да 9 гадзінаў раніцы ўсіх сьпіртовых напояў – ад дарагіх да слабаалькагольных, як піва.

Але ці магчыма, што гандлем сьпіртовымі напоямі пачнуць актыўна займацца бабулі?

“Я не выключаю, што будуць. Я ня бачу тут нейкіх праблем. Мы імі займаліся і займаемся, і яшчэ больш жорстка займаемся, і там адпаведная адказнасьць ёсьць. Вельмі жорсткая. І бабка будзе адказваць, калі будзе гэтым займацца”.

Таксама Міністэрства ўнутраных справаў прапануе ўвесьці адміністрацыйную адказнасьць за расьпіваньне сьпіртовых напояў ня толькі ў грамадзкіх месцах, але й на працы. Такую ж адказнасьць прапануецца ўвесьці за зьяўленьне на працы ў п’яным выглядзе.

Мікалай Дрозд прызнаў, што ў гэтым пляне ёсьць рознагалосьсі зь Міністэрствам юстыцыі, аднак ня стаў удакладняць іх зьмест.

Як жа міліцыя зьбіраецца кантраляваць такія правапарушэньні на працоўных месцах?

“Гэта больш павінен кантраляваць кіраўнік арганізацыі. Бо і яго адказнасьць там таксама агаворана. Людзі ж да нас зьвяртаюцца, ёсьць людзі, якія займаюць актыўную жыцьцёвую пазыцыю. І гэтай інфармацыяй валодаць будзем. А потым будзем езьдзіць і правяраць”.

“Прыйшлі б і паглядзелі, што робіцца пасьля 12-ці”

У менскім супэрмаркеце “Эўрапейскі” сказалі, што цяпер не гандлююць сьпіртовымі напоямі ад 24-х да 8-мі гадзін раніцы. Адна з прадавачак выказалася адносна прапановы міліцыянтаў:

“Нам не падабаецца такая прапанова. Бо мноства пытаньняў з боку пакупнікоў тады. Перш чым нешта рабіць, трэба паглядзець, як гэта выглядае збоку. Прыйшлі б і паглядзелі, што робіцца пасьля 12-ці, калі зачыняецца гэты гандаль. З паловы дванаццатай мы пачынаем папярэджваць пакупнікоў, што з 12-ці продаж сьпіртнога забараняецца”.

Карэспандэнт: “Вельмі вялікія чэргі стаяць?”

Прадавачка: “Так. Ня тое што нейкія – прыстойныя людзі, салідныя, у кожнага свае пытаньні. Я лічу, што гэта ня выйсьце. Трэба неяк інакш вырашаць пытаньне”.
XS
SM
MD
LG