Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 8 лістапада


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага Інтэрнэту.

У суполцы by_politics rfhscnfkmybr politmeh задае пытаньне ў зьвязку з падзеямі ў Грузіі, дзе прэзыдэнт Саакашвілі ўвёў надзвычайнае становішча: “Вы сабе такую ж дэмакратыю хочаце? З гумавымі кулямі і сьлезацечным газам?” Адказы:

“Не, нам хопіць цяперашняй з гумавымі дубінкамі”;

“Так, я думаю, Саакашвілі дарэмна ўвёў надзвычайнае становішча, значыць, палохаецца ўсё ж”;

“Такія навамодныя тэндэнцыі, як зьмена ўлады не праз выбары, а праз ўдалыя акцыі пратэсту, мне ня надта падабаюцца”;

“Хачу любую дэмакратыю. Горш, чым цяпер, у нас было толькі ў часы Сталіна”.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць ініцыятыву міліцыі, якая прапануе забараніць продаж алькаголю ад дзясятай вечара да дзявятай раніцы. Камэнтары:

“Спыніце выраб чарніла! Які сэнс з тых абмежаваньняў?”;

“Чарніла – гэта сродак прапаганды, а ня толькі алькагольны напой. Без чарніла навіны БТ і ОНТ набываюць выгляд дурнога жарту”;

“Асабіста мяне больш турбуе, што каля дому ўжо паўгоду зачыненыя ўсе шапікі. Каб набыць сабе бутэльку піва пасьля працы, трэба ісьці ў краму і стаяць там чаргу”;

“Яны хочуць абмежаваць мяне ў спажываньні? Буду самагон гнаць”.

Insurhent публікуе фатаздымак з адной з салігорскіх крамаў, дзе ў кафэтэрыі ляжыць аркуш паперы з надпісам “Сёньня ў продажы”. У сьпісе пазначаны адзін артыкул і два пункты: “Гарэлка на разьліў, 50 г – 790 руб., 100 г – 1500 руб.”. (За 100 грамаў выгадней плаціць на 80 рублёў.) Допіс завецца “За стабільнасьць! Акцыя “for 82,6% only” ад крамы № 43 у Салігорску”.

Аўтар піша: “Аднойчы чуў там размову прадавачкi з грузчыкам:

– Принеси нам водки. Только много не неси. Ящиков пять...”

Заўтра ў Шклоўскай папраўчай калёніі працягнецца закрыты судовы працэс над лідэрам незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітром Дашкевічам. Хлопца, які ўжо адбывае паўтарагадовае зьняволеньне, судзяць за тое, што ён адмовіўся сьведчыць супраць сваіх паплечнікаў. Некалькі дзён таму ў сеціве зьявіўся сайт “Свабоду Дашкевічу!”.

Праз сайт можна дазнацца акалічнасьці справы маладога палітыка, навіны кампаніі абароны палітвязьня, а таксама сярод іншага чым канкрэтна кожны грамадзянін можа дапамагчы Зьмітру Дашкевічу. Напрыклад, стваральнікі сайту заклікаюць прыехаць 9 лістапада ў Шклоў падтрымаць Зьмітра Дашкевіча.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG