Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраслаў Грышчэня трапіў у аварыю


Любоў Лунёва, Менск Кіраўнік Баранавіцкай філіі незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Яраслаў Грышчэня трапіў у аўтааварыю пад Дзяржынскам. Цяпер Грышчэня знаходзіцца ў Дзяржынскім шпіталі.

Яраслаў Грышчэня знаходзіцца ў Дзяржынскім шпіталі. Мэдыкі “хуткай” прывезьлі яго туды разам з кіроўцам мініаўтобуса.

Яраслаў распавёў “Свабодзе”, што раніцай спыніў аўтобус на выезьдзе зь Менску і папрасіў падвезьці яго да Баранавічаў. Каля Дзяржынску машыну на хуткасьці 90 км вынесла на сустрэчную паласу дарогі, а адтуль у кювэт.

Кіроўца аўтамабіля моцна параніў галаву. У Яраслава мэдыкі канстатавалі кампрэсійны пералом хрыбта. У хлопца пашкоджаны восьмы пазванок.

Яраслаў Грышчэня лічыць прычынай аварыі сьлізкасьць на дарозе. У шпіталь з Баранавічаў прыехала ягоная маці. Яраслаў спадзяецца, што ёй дазволяць забраць яго дадому, каб там працягнуць лекаваньне.

“Я быў у Менску па справах арганізацыі “Малады фронт” і па сваіх асабістых справах. Я даволі часта ежджу ў Менск, а адтуль у Баранавічы. Звычайна ежджу на электрычцы альбо галасую на дарозе. Менавіта гэтым разам мяне падабраў у Менску мінібус. Пад Дзяржынскам на хуткасьці 90 км нас вынесла на сустрэчную паласу, а адтуль мы “зьляцелі” у кювэт. Кіроўца параніў галаву, а мне паставілі дыягназ: кампрэсійны пералом хрыбта. Сюды прыехала мая мама і сказала, што забярэ мяне ў Баранавічы. Я спадзяюся, што хутка ўсё будзе добра”.

Яраслава Грышчэню сёлета пакаралі штрафам у Баранавіцкім судзе ў крымінальнай справе за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Некалькіх чалавек, якія прыехалі на суд, каб падтрымаць маладафронтаўца, супрацоўнікі міліцыі затрымалі каля будынку суду. Павал Севярынец адбываў арышт за праяву салідарнасьці.

Паплечнікі Яраслава Грышчэні спадзяюцца, што кіраўнік Баранавіцкай філіі хутка паправіць сваё здароўе і будзе далей займацца агульнай справай.
XS
SM
MD
LG