Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тадэвуш Кандрусевіч разьлічвае на канкардат паміж Ватыканам і Беларусьсю


Галіна Абакунчык, Менск У памяшканьні курыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбылася прэсавая канфэрэнцыя арцыбіскупа мітрапаліта менска-магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча. Гэта першая сустрэча з журналістамі пасьля ягонага прызначэньня на пасаду кіраўніка Каталіцкага касьцёлу ў Беларусі.

Тадэвуш Кандрусевіч выказаў меркаваньне пра магчымы прыезд у Беларусь папы рымскага Бэнэдыкта ХVІ, пра намер працягваць тэлемасты з Ватыканам — такую традыцыю арцыбіскуп запачаткаваў у Расеі.

Тадэвуш Кандрусевіч заявіў, што спадзяецца на падпісаньне дамовы аб супрацоўніцтве паміж Ватыканам і Беларусьсю:

“Гэткім чынам, Беларусь выйшла б на першыя пазыцыі ў былым Савецкім Саюзе. Бо, наколькі мне вядома, канкардат падпісаны толькі паміж Ватыканам і Літвой. Гэта паставіла б Беларусь вельмі высока. І мы мусім да гэтага імкнуцца”.

Тадэвуш Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь пасьля працяглай працы ў Расеі:

“Я працаваў шаснаццаць гадоў у Расеі — і пасьля шаснаццаці гадоў, пяці месяцаў і трох дзён я вярнуўся на сваю радзіму. Я палічыў вельмі дакладна, колькі гэта было. Я зь вялікай радасьцю вяртаюся сюды, вяртаюся з новымі надзеямі. Пэўна перад намі стаіць шмат праблемаў і задачаў, але іх трэба выконваць”.

У Тадэвуша Кандрусевіча пыталіся пра разьвіцьцё каталіцкага касьцёлу ў Беларусі, ягоныя кантакты з праваслаўнай царквой ды іншымі канфэсіямі, а таксама з афіцыйнымі ўладамі.

“Хаця касьцёл не ад гэтай зямлі, але ён на гэтай зямлі. Я заўсёды стараўся і ў Расеі, і таксама ў Беларусі буду старацца весьці дыялёг зь дзяржавай. І дзяржава, і ўлады, і касьцёл — яны пастаўленыя для людзей. І мы ўсе павінны працаваць для людзей”.

На завяршэньне Тадэвуш Кандрусевіч прэзэнтаваў свой герб, прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў, ксёндз Аляксандар Амяльчэня паведаміў пра яго, як пра журналіста і аўтара кнігі “Адплыві на глыбіню”, а таксама запрасіў журналістаў на цырымонію кананічнага ўступленьня на пасаду, якая адбудзецца 10 лістапада:

“Гэта адмысловая падзея, бо перш за ўсё гэта адмысловы чалавек, ягоная асоба. Наколькі ён адданы касьцёлу, які ён энтузіяст, у якога ў руках усё гарыць. Таму гэтая падзея значная і гістарычная”.

Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся 3 студзеня 1946 году ў вёсцы Адэльск каля Горадні. Закончыў фізычна-матэматычны факультэт Гарадзенскага пэдынстытуту, машынабудаўнічы факультэт Ленінградзкага інстытуту. Працаваў інжынэрам на віленскім заводзе, мае аўтарскія вынаходніцтвы. У 1976 годзе Тадэвуш Кандрусевіч паступіў у Духоўную сэмінарыю ў Коўне, якую скончыў у 1981 годзе, прыняў сьвятарскае пасьвячэньне. У 1981—1988 гадах служыў вікарыем у розных касьцёлах Вільні. З 1988 году — пробашч гарадзенскіх парафіяў. У 1989 годзе Ян Павал ІІ прызначыў Тадэвуша Кандрусевіча адміністратарам Менскай дыяцэзіі для каталікоў Беларусі. За няпоўныя паўтара году біскупства Тадэвуша Кандрусевіча была заснаваная Гарадзенская вышэйшая духоўная сэмінарыя, адкрылася 97 нядзейных касьцёлаў, распачалося выданьне рэлігійнай літаратуры па-беларуску. З 1991-га да лістапада 2007 году працаваў у Маскве, кіраваў Канфэрэнцыяй каталіцкіх біскупаў Расейскай Фэдэрацыі. Мае навуковую ступень доктара тэалёгіі, сябра Міжнароднай акадэміі навук Эўразіі. Ведае беларускую, расейскую, польскую, літоўскую, ангельскую, італьянскую мовы.


Менск, 8.11.2007. Удзельнікі прэс-канфэрэнцыі: ксёндз Ян Крэмес, арцыбіскуп мітрапаліт менска-магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, ксёндз Аляксандр Амяльчэня Удзельнікі прэс-канфэрэнцыі: ксёндз Ян Крэмес, арцыбіскуп мітрапаліт менска-магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, ксёндз Аляксандр Амяльчэня

Менск, 8.11.2007. Выступае арцыбіскуп мітрапаліт менска-магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч

Менск, 8.11.2007. Выступае арцыбіскуп мітрапаліт менска-магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч Выступае арцыбіскуп мітрапаліт менска-магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч

• Тадэвуш Кандрусевіч вяртаецца, каб узначаліць Беларускі касьцёл, 26.09.2007 • Тадэвуш Кандрусевіч адслужыў першую імшу ў катэдральным касьцёле, 26.09.2007
XS
SM
MD
LG