Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старыя Дарогі: зьявіўся першы помнік слуцкім паўстанцам


Вячаслаў Кулік, Менск У прыватным музэі дасьледчыка беларускай гісторыі Анатоля Белага ў Старых Дарогах зьявіўся помнік слуцкім паўстанцам 1920 году. Урачыстае адкрыцьцё адбудзецца 24 лістапада — напярэдадні 87-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну.

Гісторык Анатоль Белы паведаміў, што новы помнік — гэта плоская кампазыцыя зь ліста мэталу. Яе вышыня — два з паловай мэтры.

“Помнік уяўляе стылізаваны крыж Эўфрасіньні Полацкай, на якім герб Пагоня. Паўстанец рукой прыкрывае гэты герб. Унізе надпіс: “Тым, хто пайшоў паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”. Мы паднялі гэты помнік на вышыню пяць мэтраў. Здалёк відаць, і ўсё выдатна чытаецца”, — апавёў Белы.

“Пастараюся ўсталяваць побач з гэтым помнікам фігуры дзеячаў Слуцкага збройнага чыну”

У 1920 годзе антыбальшавіцкі збройны чын доўжыўся больш за месяц — ад 27 лістапада да 31 сьнежня.

Анатоль Белы кажа, што гэта была барацьба за незалежнасьць Беларусі супраць акупацыі яе савецкімі войскамі, а таксама супраць тагачаснай польскай палітыкі адносна Беларусі:

“Я яшчэ пастараюся ўсталяваць побач з гэтым помнікам каля дзесяці фігураў дзеячаў Слуцкага збройнага чыну — кіраўнікоў паўстаньня. У мяне цяпер каля дзевяноста фатаздымкаў удзельнікаў паўстаньня. Каля дзесяці самых выбітных я, канечне, ушаную. Гэта варта рабіць”.

“Стараемся, каб мясцовая ўлада дазволіла ўсталяваць у Слуцку помнік рэпрэсаваным”

Першымі ўшанавалі новы помнік на сядзібе Анатоля Белага сябры Слуцкага грамадзкага аргкамітэту ўшанаваньня 87-й гадавіны збройнага чыну.

Меркаваньне грамадзкай актывісткі Зінаіды Цімошык:

“Цікава! Мяне помнік асабліва ўразіў. Там жа яшчэ падсьвет мусіць быць. Мы тут стараемся жыхароў падрыхтаваць да гэтай даты. А менавіта — арганізаваць жыхароў Слуцку, каб мясцовая ўлада дазволіла нам усталяваць помнік рэпрэсаваным. Я таму і езьдзіла да Анатоля Белага, каб вызначыць канкрэтны кірунак гэтай працы”.

Нагадаю таксама, што музэй у Старых Дарогах — гэта пяць будынкаў на два паверхі, больш як пяцьсот квадратных мэтраў экспазыцыйнай плошчы. У залях 1200 экспанатаў.

• У Старых Дарогах адкрыты помнік Тадэвушу Касьцюшку , 16.10.2007 • Анатоль Белы: “Наш сайт — унікальная зьява” , 09.04.2007
XS
SM
MD
LG