Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Грузіі склалася палітычная традыцыя зьмены ўлады празь зьвяржэньне”


Ганна Соўсь, Менск У Грузіі ад учорашняга дня ўвялі надзвычайнае становішча на 15 дзён. Супрацьстаяньне паміж уладамі й апазыцыяй працягваецца.

Лідэр руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч спадзяецца, што канфлікт у Грузіі ўсё ж будзе разьвязаны. Ён разьлічвае на дыялёг паміж апазыцыяй і дзейнай уладай.

“Міхаіл Саакашвілі, і Ніно Бурджанадзэ — адукаваныя, разумныя людзі, якія сапраўды хочуць дабра сваёй краіне”

“Веру, што ўсё ж разумнае возьме верх над эмацыйным. Для Беларусі, для сёньняшняга нашага стану вельмі важна, каб у гэтых краінах былі эканамічныя, сацыяльныя і палітычныя посьпехі. Грузія і Ўкраіна — вельмі важныя для нас дзяржавы.

Я меў неаднаразовыя сустрэчы з прэзыдэнтам Міхаілам Саакашвілі, і зь Ніно Бурджанадзэ, кіраўніцай парлямэнту. Гэта адукаваныя, разумныя людзі, якія сапраўды хочуць сваёй краіне дабра, дэмакратыі й справядлівасьці. Але ня ўсё атрымліваецца, я гэта разумею”, — кажа Аляксандар Мілінкевіч.

“Грузінскае кіраўніцтва проста вельмі палюбіла ўладу. Такая хвароба ва ўсіх бывае”

Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч кажа, што расчараваны ў грузінскім кіраўніцтве.

“Кіраўніцтва Грузіі забылася ня толькі пра дэмакратычныя каштоўнасьці, а проста вельмі палюбіла ўладу. Такая хвароба ва ўсіх бывае. Улада настолькі спакушальная, што цяпер дзеля гэтай улады можа быць зроблена ўсё што заўгодна. Гэта вельмі вялікая памылка. Я думаю, што сытуацыя будзе абвастрацца”, — лічыць Сяргей Гайдукевіч.

“Можна было чакаць, што апазыцыя выйдзе на пратэст”

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі падкрэсьлівае, што гэта ўнутраная справа Грузіі, і выхад са складанай сытуацыі павінны знаходзіць грузінскія палітыкі — пажадана бяз вонкавага ўмяшаньня.

“Можна было чакаць, што апазыцыя выйдзе на пратэст, паколькі дзеяньні цяперашняга кіраўніцтва Грузіі ня ў поўнай ступені адпавядаюць інтарэсам грузінскага народу ў пытаньнях інтэграцыйных, у пытаньнях супрацоўніцтва з суседзямі”, — лічыць Анатоль Красуцкі.

Гэта аслабляе пазыцыю Грузіі ў процістаяньні геапалітычным прэтэнзіям з боку Расеі”

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка мае шмат знаёмых у Тбілісі і ўважліва сочыць за разьвіцьцём падзеяў.

“На жаль, у лягеры тых, хто ажыцьцяўляў рэвалюцыю ружаў, адбыліся падзелы, і тое, што сёньня адбываецца, гэта бясспрэчна аслабляе пазыцыю Грузіі ў цяперашнім вельмі няпростым процістаяньні геапалітычным прэтэнзіям з боку Расеі”, — мяркуе Вінцук Вячорка.

“Традыцыю зьвяржэньня ўлады трэба спыняць”

Палітоляг Віталь Сіліцкі адзначае, што рэвалюцыя ружаў у Грузіі, як ні парадаксальна, прывяла да ўмацаваньня прэзыдэнцкай улады, якая стала нават больш аўтарытарнай за ўладу Шэварднадзэ.

“Тут нават ёсьць нейкае падабенства на тое, як канцэнтравалася ўлада ў Беларусі. Адзіная розьніца, што ў Грузіі гэта адбывалася пад лёзунгамі рэформаў, эўрапеізацыі з бласлаўленьнем Злучаных Штатаў і з маўчаньнем Эўразьвязу.

У Грузіі фактычна склалася палітычная традыцыя зьмены ўлады празь зьвяржэньне. Калі Грузія хоча стаць на дэмакратычны шлях разьвіцьця, традыцыю зьвяржэньня ўлады трэба спыняць. Але здаецца, што цяпер яна дайшла да таго, што спыніць гэтую традыцыю можна толькі аўтарытарнымі захадамі”, — мяркуе Віталь Сіліцкі.

У Міністэрстве замежных справаў Беларусі ня сталі камэнтаваць падзеяў у Тбілісі, заявіўшы, што гэта ўнутраная справа Грузіі.

Беларуская асацыяцыя журналістаў выказала занепакоенасьць у сувязі з абмежаваньнем свабоды СМІ ў Грузіі.

7 лістапада ў Тбілісі спынілі вяшчаньне двух апазыцыйных тэлеканалаў — “Імедзі” і “Каўкасіі”. Пасьля ўвядзеньня надзвычайнага становішча тэлекампаніі і радыёстанцыі Грузіі, за выключэньнем Грамадзкага грузінскага тэлебачаньня, былі вымушаныя спыніць інфармацыйныя выпускі.

Беларуская асацыяцыі журналістаў ад імя сваіх сяброў, якія вымушаныы працаваць ва ўмовах абмежаваньня свабоды СМІ, выказвае салідарнасьць з грузінскімі калегамі й заклікае ўлады Грузіі адмяніць абмежаваньні, гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы БАЖ.

• Грузія: кіраўнік апазыцыйнай партыі арыштаваны за сувязь з расейскімі спэцслужбамі, 8.11.2007 • Давід Какабадзэ: “Падзеі ў Тбілісі – гэта ўдар па дэмакратыі”, 7.11.2007 • У Тбілісі – надзвычайнае становішча, 7.11.2007 • Улады Грузіі ўжылі сілу, каб спыніць пратэсты ў Тбілісі , 7.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG