Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі абвясьціў новыя выбары прэзыдэнта Грузіі


Радыё Свабода Сёньня прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі заявіў, што датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары адбудуцца 5 студзеня наступнага году. Адначасова ён заявіў, што бліжэйшым часам надзвычайны стан у Грузіі будзе адменены, бо сытуацыя нармалізавалася.

"Я па ўласнай волі ужо другі раз іду на скарачэньне свайго прэзыдэнцкага тэрміну і раблю гэта, бо лічу, што Грузія – дэмакратычная краіна. Лічу, што 5 студзеня будзе дэманстрацыя волі народу". Адначасова мае прайсьці рэфэрэндум адносна тэрміну парлямэнцкіх выбараў.

Прэзыдэнцкія выбары ў Грузіі мае права прызначаць парлямэнт.

Учора ўлады ўжылі сілу для разгону дэманстрантаў, каля 500 чалавек, паводле Міністэрства аховы здароўя Грузіі, пасьля гэтага зьвярталіся па мэдычную дапамогу.

ЗША, якія прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі лічыць сваім бліжэйшым саюзьнікам, заклікалі абодва бакі – улады і апазыцыю – да стрыманасьці і каструктыўнага дыялёгу.

Па ўсёй тэрыторыі Грузіі надзвычайнае становішча было ўведзенае загадам прэзыдэнта Саакашвілі Грузіі тэрмінам на 15 дзён пасьля жорсткіх сутыкненьняў у Тбілісі паміж паліцыяй і удзельнікамі апазыцыйнай дэманстрацыі.

ЗША заклікалі абодва бакі – улады і апазыцыю, -- да стрыманасьці і каструктыўнага дыялёгу. НАТО скрытыкавала ўвядзеньне надзвычайнага становішча ў Грузіі і закрыцьцё незалежных СМІ. Генэральны сакратар НАТО Яап дэ Хооп Схэфэр сказаў сёньня, што дзеяньні уладаў Грузіі “выклікаюць асаблівую заклапочанасьць і не адпавядаюць” каштоўнасьцям альянсу.

Тым часам Расея выслала з краіны трох грузінскіх дыпляматаў. Учора прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Сааакашвілі абвясьціў пэрсонамі нон-грата трох супрацоўнікаў расейскай амбасады ў Тбілісі і зьвінаваціў расейскія спэцслужбы ў датычнасьці да палітычнага крызысу ў Грузіі.

• Грузія: зьбіты лідэр апазыцыі выступіў на грамадзкім тэлеканале, 08.11.2007 • Давід Какабадзэ: “Падзеі ў Тбілісі – гэта ўдар па дэмакратыі”, 7.11.2007 • У Тбілісі – надзвычайнае становішча, 7.11.2007 • Улады Грузіі ўжылі сілу, каб спыніць пратэсты ў Тбілісі , 7.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG