Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузія: зьбіты лідэр апазыцыі выступіў на грамадзкім тэлеканале


Тацяна Поклад, Прага У Тбілісі пасьля ўчарашняга разгону дэманстрантаў уведзенае надзвычайнае становішча, закрытыя школы і прыватныя тэлерадыёкампаніі. Па грамадзкім тэлеканале выступіў адзін з лідэраў апазыцыі Коба Давіташвілі, які ў часе разгону маніфэстацыі быў моцна зьбіты і апынуўся у вайсковым шпіталі ў Горы.

Надзвычайнае становішча было ўведзенае указам прэзыдэнта на ўсёй тэрыторыі Грузіі тэрмінам на 15 дзён пасьля жорсткіх сутыкненьняў у Тбілісі паміж паліцыяй і ўдзельнікамі апазыцыйных дэманстрацыяў, якія працягвалася шэсьць дзён.

Прыхільнікі апазыцыі выходзілі на вуліцы Тбілісі штодня з 2 лістапада, яны патрабавалі адстаўкі Саакашвілі і датэрміновых парлямэнцкіх выбараў.

Учора ўлады ўжылі сілу для разгону дэманстрантаў, каля 500 чалавек, паводле Міністэрства аховы здароўя Грузіі, пасьля гэтага зьвярталіся па мэдычную дапамогу.

ЗША, якія прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі лічыць сваім бліжэйшым саюзьнікам, заклікалі абодва бакі – улады і апазыцыю – да стрыманасьці і каструктыўнага дыялёгу.

На час дзеяньня рэжыму надзвычайнага становішча ўсе тэлекампаніі і радыёстанцыі Грузіі павінны спыніць інфармацыйныя выпускі. Працуе толькі грамадзкае тэлерадыёвяшчаньне, але яно дае магчымасьць выступаць і лідэрам апазыцыі.

Карэспандэнт радыё Свабода Коба Ліклікадзэ, які цяпер знаходзіцца ў Тбілісі, паведамляе, што ў цэнтры Тбілісі, каля будынку парлямэнту, дзе адбываліся акцыі пратэсту, цяпер сканцэнтраваныя войскі Міністэрства абароны і спэцпадразьдзяленьні:

"Часткова абмежаванае перамяшчэньне як наземнага, гэтак і падземнага транспарту. Цягнікі мэтро не спыняюцца на плошчы Свабоды і праспэкце Руставэлі. Як мне падаецца, людзі цяпер пазьбягаюць і выезду на ўласных машынах у цэнтар. Школы і дзіцячыя сады таксама на 2 дні пакуль закрытыя, а ўсе іншыя ўстановы працуюць.

Рэжым надзвычайнага становішча адчуваецца перш за ўсё ў тым, што ёсьць вялікі інфармацыйны голад, інфармацыйны вакуум. Усе радыё і тэлевізійныя станцыі закрытыя акрамя аднаго грамадзкага тэлеканалу, які перадае толькі афіцыйную інфармацыю, хаця дапускае частковае зьяўленьне палітыкаў з апазыцыі.

Нядаўна выступіў лідэр Кансэрватыўнай партыі Коба Давіташвілі, які лічыўся зьніклым з учарашняга вечара, калі спэцпадразьдзяленьні літаральна скралі яго на адным з рынкаў. Ён знаходзіўся ў шпіталі ў Горы. Тэлебачаньне паказала яго з разьбітай галавою і многімі цялеснымі пашкоджаньнямі, ён казаў, што яго зьбілі да паўсьмерці, і калі б не выпадковая магчымасьць патэлефанаваць старшыні парлямэнту Ніно Бурджанадзэ, то з ім адбылося б нешта страшнае.

Ёсьць і пэўная надзея, што ўрэгуляваньне: крыніцы ў парлямэнцкай большасьці сьцьвярджаюць, што рэжым надзвычайнага стану можа быць адменены сёньня ўвечары ці заўтра".

Паводле канстытуцыі Грузіі, надзвычайнае становішча можа быць уведзенае неадкладна, але пасьля павінна быць пацьверджанае альбо адмененае парлямэнтам цягам 48 гадзінаў.

• Давід Какабадзэ: “Падзеі ў Тбілісі – гэта ўдар па дэмакратыі”, 7.11.2007 • У Тбілісі – надзвычайнае становішча, 7.11.2007 • Улады Грузіі ўжылі сілу, каб спыніць пратэсты ў Тбілісі , 7.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG