Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: супрацоўнічаў з “Рацыяй”? У пракуратуру!


Міхал Карневіч, Горадня Журналіста Івана Романа сёлета ўжо другі раз пракуратура Ленінскага раёну Горадні вінаваціць у супрацоўніцтве з замежным радыё “Рацыя” без акрэдытацыі пры Міністэрстве замежных справаў. У верасьні Романа пісьмова папярэдзілі.

Як і ў верасьні, Іван Роман адмовіўся даваць паказаньні супраць сябе. Як доказ незаконнага супрацоўніцтва з замежным сродкам масавай інфармацыі пракурор прад’явіў Роману раздрукоўкі тэлефонных размоваў з рэдакцыяй радыё “Рацыя”, якая знаходзіцца ў Беластоку.

“У гэтых раздрукоўках былі тэксты некалькіх тэлефонных размоваў з карэспандэнтамі радыё “Рацыя” пра розныя моманты грамадзкага жыцьця Горадні, што адбываліся ў жніўні й верасьні. Гэта датычыла пікетаў у абарону разбурэньня Горадні, прэс-канфэрэнцыі кіраўніцтва гораду”, — апавёў Іван Роман.

Журналіст кажа, што не зьяўляецца карэспандэнтам радыё “Рацыя” і не парушае беларускіх законаў.

Ён спасылаецца на тое, што паводле Канстытуцыі як грамадзянін можа атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю. Кажа, што яму часта тэлефануюць з розных замежных СМІ як журналісту і просяць даць камэнтар.

Іван Роман лічыць, што гэта чарговы наступ беларускіх уладаў на тых людзей, якія маюць дачыненьне да журналістыкі.

“Ня выключана, што гэта зьвязана з тым, што з 10 сьнежня пачне працаваць незалежнае тэлебачаньне “Белсат”, якое будзе трансьляваць праграмы з Польшчы. Магчыма, ўлады хочуць стварыць прэцэдэнт і паказаць журналістам, якія зьбіраюцца супрацоўнічаць з тэлебачаньнем, што зь імі можа стацца, калі яны гэтым зоймуцца”, — мяркуе Роман.

Міхал Пастухоў, сябра праваабарончага Цэнтру журналістаў пры Беларускай асацыяцыі журналістаў, кажа, што падобныя выпадкі зь беларускімі журналістамі ўжо былі.

Ён згадвае, што такім чынам быў пакараны гомельскі журналіст Анатоль Гатоўчыц, якога абвінавацілі ў супрацоўніцтве з Радыё Свабода.

Пастухоў не выключае, што падобнае пакараньне чакае й Романа, але галоўная мэта ўладаў, на думку юрыста, запалохаць усіх незалежных журналістаў.

“Фактычна органы ўлады прымаюць усе магчымыя меры, каб нейкім чынам запалохаць, спыніць дзейнасьць незалежных журналістаў, а таксама тых грамадзянаў, якія не баяцца прадастаўляць інфармацыю замежным СМІ аб Беларусі”, — лічыць Пастухоў.

Нагадаю, што акрамя Івана Романа ў верасьні за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі пракуратура папярэдзіла й гарадзенскую журналістку Натальлю Макушыну.

• Пракуратура папярэдзіла незалежных гарадзенскіх журналістаў, 03.09.2007 • Перасьлед актывістаў у Горадні працягваецца, 12.10.2005
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG