Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўгодкі кастрычніцкага перавароту адсьвяткавалі так сьціпла?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: палітоляг Віталь Сіліцкі і мэтадоляг Уладзімір Мацкевіч.

90-я ўгодкі кастрычніцкага перавароту фактычна не адзначаюць у Беларусі на афіцыйным узроўні. Чым гэта патлумачыць? Чаму Лукашэнка не прыйшоў на сустрэчу прадстаўнікоў камуністычных і рабочых партыяў? Як беларускае грамадзтва ўспрымае сьвята 7 лістапада?

Чаму ўлады праігнаравалі сьвяткаваньне юбілею?

Валер Карбалевіч: “Хоць Беларусь — адзіная ў сьвеце краіна, дзе дзень кастрычніцкай рэвалюцыі адзначаюць як сьвята, але нават у 90-ю гадавіну гэтай падзеі адзначаецца яно вельмі стрымана.

І ўсе апошнія гады не адбываецца сьвяткаваньня на афіцыйным узроўні. Няма ня толькі мітынгу ці дэманстрацыі з удзелам афіцыйных асобаў, але сёлета не было нават традыцыйнага ўрачыстага паседжаньня. Камуністам дазваляюць толькі ўскласьці кветкі да помніка Леніну.

Толькі адкрыцьцё дзьвюх станцыяў мэтро нагадвае пра былыя традыцыі. Але нават на гэтае мерапрыемства не прыехаў Лукашэнка. І афіцыйнае віншаваньне кіраўніка дзяржавы народу з нагоды сьвята штогоду становіцца ўсё больш стрыманым.

Чым тлумачыцца такая сьціпласьць у сьвяткаваньні гэтай даты? Разуменьнем таго, што апэляцыя да савецкага мінулага пачынае траціць былую палітычную сілу й трэба шукаць іншых крыніцаў ды ідэяў дзеля дзяржаўнай ідэалёгіі? Але чаму тады Дзень перамогі — яшчэ адно культавае савецкае сьвята — адзначаецца зь вялікай помпай?”

Віталь Сіліцкі: “Трэба нагадаць той гістарычны кантэкст, калі сьвята кастрычніцкай рэвалюцыі вярнулі ў наш палітычны календар. Гэта адбылося ў 1995 годзе — разам з рэфэрэндумам пра мову й сымбалі. Гэта была частка той ідэалягічнай і палітычнай контратакі, якую пачаў Лукашэнка ў той час.

Тое, што тады адбылося, найлепшым чынам выявіла прыроду рэжыму Лукашэнкі. Згадаем герб, які прынялі на тым рэфэрэндуме: савецкі вяночак без асноўнага элемэнту, які выяўляе сутнасьць савецкай ідэалёгіі — сярпа і молата. Уся ідэалёгія рэжыму зь ягонымі савецкімі сьвятамі — такі самы вяночак без асноўнага элемэнту.

У нашым календары шмат савецкіх сьвятаў. 9 траўня, 3 ліпеня, 23 лютага, якое зьбіраюцца сьвяткаваць як 90-годзьдзе ўзброеных сілаў Беларусі, дзень КДБ ды іншыя.

Захаваўся ўвесь савецкі побытавы антураж, усё, што адлюстроўвае савецкі стыль жыцьця без прывязкі да савецкай сутнасьці. І гэты побытавы элемэнт важнейшы для рэжыму, чым савецкая ідэалёгія. Бо Лукашэнка ня хоча прывязвацца ні да якой ідэалёгіі, каб захаваць свабоду дзеля прагматычнай палітыкі.

Але захаваньне савецкага рэпэртуару дае сыгнал грамадзтву, што нічога не зьмяняецца. Як пяе група “NRM” — “Ты не чакай, нічога ня будзе”.

Уладзімер Мацкевіч: “Лукашэнка не зьяўляецца зацятым прыхільнікам усяго савецкага і камуністычнага. Але рэжым паводзіць сябе так, бо лічыць, што беларускі народ цалкам савецкі. Насамрэч беларускаму народу савецкія сымбаля і сьвяты ня вельмі цікавыя. Але ён ня хоча рэзкіх пераменаў. І захаваньне савецкіх сымбаляў падтрымлівае гэтае меркаваньне. Але ж і змагацца за гэтае захаваньне таксама ніхто не зьбіраецца.

Усё гэта спараджае такую непасьлядоўнасьць, сарамлівасьць у дзеяньнях рэжыму. Гэта яскрава выяўляецца і ў сьвяткаваньні юбілею кастрычніцкага перавароту.

Але гэтае сьвята нельга параўноўваць зь сьвятам перамогі. Бо там беларускі народ выяўляецца як самастойны суб’ект — хоць і міталягічны.

Можна згадаць, што, напрыклад, раней у Югаславіі, цяпер у Сэрбіі таксама сьвята перамогі адзначалася як галоўнае сьвята. Гэта частка міталёгіі такіх квазінезалежных ад усясьветнай тэндэнцыі ці эўрапейскага кантэксту дзяржаваў”.

Карбалевіч: “Мо гэта тлумачыцца і тым, што яшчэ шмат жывых вэтэранаў, і ўвогуле Другая ўсясьветная вайна захоўваецца ў гістарычнай памяці народу? А кастрычніцкі пераварот ужо адыходзіць з гэтай гістарычнай памяці”.

Сіліцкі: “Ня царская справа хадзіць на тусоўкі палітычных маргіналаў”

Карбалевіч: “З нагоды 90-х угодкаў кастрычніцкай рэвалюцыі ў Менску прайшла сустрэча камуністычных і рабочых партыяў, у якой удзельнічалі прадстаўнікі сямідзесяці-васьмідзесяці партыяў з усіх краінаў сьвету.

Ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі гэта было добрай нагодай, каб на ўвесь сьвет прэзэнтаваць, як левая, сацыялістычная ідэя знайшла выдатнае ўвасабленьне ў беларускай сацыяльнай мадэлі.

Здавалася, дзеля гэтага згаданая сустрэча і праводзілася ў Менску — як паведамляюць некаторыя крыніцы, за беларускія сродкі. Але Лукашэнка на яе не прыйшоў, абмежаваўшыся сьціплым віншаваньнем. Чаму?”

Сіліцкі: “Для Лукашэнкі ня царская справа хадзіць на тусоўкі палітычных маргіналаў. Гэтыя людзі палітычна блізкія да Лукашэнкі й любяць яго.

У 1997 годзе Лукашэнка прыйшоў на сустрэчу з удзельнікамі “Кангрэсу народаў СССР”, выступіў з прамоваю. Бо тады было спадзяваньне, што камуністычныя сілы змогуць наладзіць моцную контратаку на постсавецкай прасторы. І гэтыя сілы бачылі ў Лукашэнку свайго лідэра.

Сёньня камунізм пахаваны як ідэалёгія. У Расеі гэта зрабіў Пуцін празь іншую форму аўтарытарызму. Да гэтага спрычыніўся і сам Лукашэнка у Беларусі, які разьбіў камуністычную партыю.

Цяпер камуністы — гэта “ряженые” зь мінулага. І Лукашэнку, які лічыць сябе сур’ёзным палітыкам, прыходзіць туды недарэчна”.

Мацкевіч: “Адсутнасьць Лукашэнкі на гэтай сустрэчы сьведчыць пра тое, што ён стаў больш прагматычным. У гэтай сытуацыі шмат палітычных паддывановых гульняў.

Хто б атрымаў дывідэнды, калі б Лукашэнка прыйшоў на сустрэчу камуністаў? Хутчэй, Зюганаў. Бо адсюль камуністы паехалі ў Маскву. Навошта яму гэта?

Па-другое, амаль ніхто зь лідэраў камуністычных партый не прыехаў у Менск. Партыі былі прадстаўленыя больш нізкім узроўнем кіраўніцтва. І зьяўленьне там Лукашэнкі ня надта дадало б яму аўтарытэту. Гэтая сустрэча сьведчыць пра значнае падзеньне ўплыву кампартыяў. І тое, што Лукашэнка туды не прыйшоў, яшчэ адно сьведчаньне гэтага факту”.

Карбалевіч: “Але ж Лукашэнку заўсёды прыцягваў у такіх выпадках псыхалягічны чыньнік: пабыць у прамянях славы, сарваць аплядысмэнты. Бачыце, зь якім задавальненьнем ён гуляе ў хакей пад авацыі поўных трыбунаў”.

Мацкевіч: “Вось я кажу, што апошнія гады Лукашэнка стаў больш прагматычным. Раней ён надаваў вельмі шмат увагі шуму, сымбалічным рэчам, выглядаў экзальтаваным дыктатарам, які толькі дарваўся да ўлады. Цяпер маем справу з больш сталым палітыкам”.

Як беларускае грамадзтва ўспрымае гэтае сьвята?

Карбалевіч: “А ці дарагі гэты дзень для беларусаў? Калі гэтае сьвята нікога не чапляе, нікому асабліва не патрэбнае, то яго можна спакойна адмяніць”.

Сіліцкі: “Думаю, калі б яго адмянілі, то ніхто асабліва б і ня скардзіўся. Толькі з папраўкай — што замест 7 лістапада будзе нейкае іншае сьвята, выходны дзень. Бо ў іншым выпадку людзі будуць трохі незадаволеныя. Гэтае сьвята нагадвае валізку бяз ручкі: несьці няма як, а выкінуць шкада”.

Мацкевіч: “Адмена гэтага сьвята нічога не зьмяніла б у працоўным рытме беларусаў. Іншая рэч, што сьвяты — справа збольшага іррацыянальная. Нельга прызначыць ці скасаваць сьвята адвольна.

Пэрыяд канца кастрычніка — пачатку лістапада патрабуе пэўнага сьвята. Невыпадкова моладзь сьвяткуе Гэлаўін, хоць які Гэлаўін у беларусаў? Трэба замяніць сьвята кастрычніцкага перавароту на іншае сьвята.

Глядзіце, што ў гэтым пляне адбываецца ў Расеі. Спачатку яны хацелі зрабіць 7 лістапада Днём прымірэньня. А потым увялі на замену сьвята перамогі над беларусамі 4 лістапада”.

Карбалевіч: “А вось Дзяды, напрыклад, у гэты ж час сьвяткуюцца”.

Мацкевіч: “Але ж Дзяды — невясёлае сьвята. Гэта сьвята памяці аб памерлых і шанаваньне загінулых. Таму яно ня можа цалкам замяніць 7 лістапада”.

Карбалевіч: “Такім чынам, з аднаго боку, відавочнае імкненьне ўлады да кансэрвацыі элемэнтаў савецкай сыстэмы ў грамадзкім жыцьці. Зь іншага боку, робяцца спробы знайсьці нейкія іншыя ідэалягічныя падпоркі дзеля захаваньня ўлады. А для большасьці грамадзянаў 7 лістапада — проста яшчэ адзін выходны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG