Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званкі на Свабоду: “Грузія выберацца з сытуацыі, у якой апынулася”


Радыё Свабода Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі атрымае прыз. Пераможцу абвяшчаем штонядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”. Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

У Тбілісі 7 лістапада ў часе сутычак паміж паліцыяй і дэманстрантамі пацярпелі каля пяцісот чалавек. Паводле афіцыйных зьвестак, у шпіталях застаюцца 115 чалавек, у тым ліку пятнаццаць паліцыянтаў.

Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі на пятнаццаць дзён увёў надзвычайнае становішча на ўсёй тэрыторыі краіны. На час дзеяньня надзвычайнага становішча ўсім тэлекампаніям ды радыёстанцыям Грузіі, за выключэньнем Грузінскага грамадзкага тэлебачаньня, загадалі спыніць інфармацыйныя выпускі.

Слухачы “Свабоды” адгукаюцца на падзеі ў Грузіі.

Спадар: “7 лістапада ўсе тэлеканалы сьвету, у тым ліку і “Euronews”, паказалі, як дэмакрат Саакашвілі расправіўся са сваёй апазыцыяй. На вуліцах бронемашыны, дубінкі, сьлезацечны газ, кроў дэманстрантаў-апазыцыянэраў, дзясяткі людзей даставілі ў бальніцы.

Ці не падаецца нашым спадарам-дэмакратам — Мілінкевічу, Лябедзьку й Вячорку, што на фоне іхнага ідала, дэмакрата Саакашвілі, Лукашэнка, апошні дыктатар Эўропы, выглядае проста ягнём?”

Слухачу адказвае лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

Лябедзька: “У сапраўдных дэмакратаў не існуе ідалаў. Ідалы існуюць у аўтарытарных краінах і дзяржавах. Тое, што адбываецца ў Грузіі, ці тое, што пару гадоў таму адбывалася ва Ўкраіне, ня можа быць падтрымана людзьмі з дэмакратычнымі поглядамі. Мы ня можам падтрымліваць закрыцьцё тэлевізіі, радыё, газэтаў.

Але не забывайцеся, шаноўныя крытыкі, што ў Грузіі ёсьць маса тэлевізійных каналаў, на якіх могуць выступаць і тыя, хто за ідалаў, і тыя, хто супраць. У Грузіі рынкавая эканоміка. У Грузіі ёсьць магчымасьць у выбарцаў выбіраць. Там калі галасуюць, у іх ня крадуць галасоў.

А што тычыцца таго, што адбывалася ў Грузіі апошнія некалькі дзён, то тут у дэмакратаў адзіныя стандарты. І мы ня можам казаць, што гэта белае, калі насамрэч гэта чорнае. Але, я думаю, Грузія выберацца з той сытуацыі, у якой яна апынулася, бо там ужо ёсьць пачаткі дэмакратыі”.

Наступнае тэлефанаваньне таксама на тэму падзеяў у Грузіі:

Спадар: “Я прашу вашых апазыцыйных палітолягаў растлумачыць, чым адрозьніваецца “маяк дэмакратыі”, як назваў Буш Грузію, ад дыктатуры ў Беларусі, якая ў нас нібыта ёсьць, са словаў вашых сталых слухачоў”.

Дамо слова палітолягу Ўладзімеру Мацкевічу:

Мацкевіч: “Пытаньне гэтага слухача — гэта пэўны выклік. Складаная грузінская сытуацыя вырашылася ў пэўны час праз выбары Саакашвілі. Тое, што Саакашвілі здолеў наладзіць добрыя стасункі з Захадам як прэзыдэнт, — з гэтага робіцца выгляд, што Саакашвілі стаў стаўленікам Злучаных Штатаў ці каго яшчэ. Гэта прапаганда.

У Грузіі палітычныя працэсы цякуць вельмі складана й вельмі заблытана. Ніводнага разу ні адзін урад, ні адзін прэзыдэнт не сыходзіў законным чынам. Ніводнага разу ўлада не мянялася законным чынам. Урад і грамадзтва павінны адпавядаць адно аднаму. Яны і адпавядаюць.

Што да Беларусі. Як бы вам ні падабалася тое, што адбываецца з вамі асабіста (можа, вашае прадпрыемства працуе добра), расплюшчыце вочы. Калі вас не кранаюць лёсы іншых людзей, не выстаўляйце свой асабісты лёс як прыклад іншым людзям.

Што вы скажаце жонцы Ганчара? Што вы скажаце дзецям Казуліна пра гэты рэжым? І выказваньні, што недзе ў Афрыцы ці Азіі ёсьць рэжымы, якія параўнальна горшыя за беларускі, ніколькі не апраўдвае беларускай дыктатуры”.

Нашыя слухачы апавядаюць пра свае надзённыя праблемы:

Спадар: “Кіраўнікі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі гораду Менску адрапартавалі начальству пра добрую падрыхтаванасьць да ацяпляльнага сэзону. А вось што атрымалася на самай справе.

Сёньня, 7 лістапада, у трэцім пад’езьдзе вялікага дому па вуліцы Навінкаўскай у Менску цалкам адключылі цяпло. Вось так кіраўнікі ЖЭС-27 клапоцяцца пра простых людзей”.

Спадарыня: “Чула такое па радыё, што чарга па яйкі зламала дзьверы ў краме на рынку. І сьмешна, і сумна. Гэта што — дадатак да Сацыяльнага маршу? А толькі-толькі пачаў праходзіць настальгічны сум па танным алеі.

Улады, дарэчы, баяліся Сацыяльнага маршу. Наш горад далекавата ад Менску. Але ў нашым невялікім мікрараёне ўвесь дзень 4 лістапада была вельмі гарачая вада, амаль кіпень, што для нас найвялікшая рэдкасьць.

Памарым! Вось каб сапраўды сацыяльны пратэст адбыўся, можа, і летам мы б гарачую ваду мелі. Хоць пару разоў на тыдзень, за камэрцыйны кошт. А так зьнікае разам з ацяпленьнем.

І, можа, яшчэ наша жыльлёва-камунальная служба зрабіла б прыстойныя ходнікі каля пад’ездаў, і зьніклі б у дождж каля іх брудныя лужыны. Ды ці мала што магло б зьмяніцца?”
XS
SM
MD
LG