Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская журналістка трапіла ў шпіталь у Варшаве


Радыё Свабода, Варшава Беларуская журналістка Вольга Класкоўская трапіла позна ўвечары ў сераду з нажавымі раненьнямі ў шпіталь у раёне Беляны. Тут ёй была аказаная дапамога – накладзеныя швы, пасьля чаго спадарыня Класкоўская пакінула шпіталь.

Справай займаецца паліцыя, але пра тое, хто напаў на Вольгу Класкоўскую і пры якіх абставінах, паліцэйскія пакуль не паведамляюць.

Пра напад паведаміла знаёмым сама Класкоўская ўначы (каля 2 гадзіны менскага часу) смс-паведамленьнем наступнага зьместу: “Мне нанесьлі 10 нажавых раненьняў, я ў шпіталі. Наклалі швы. Ляжу ўся ў крыві”.

Дзе цяпер знаходзіцца спадарыня Класкоўская – невядома. Яе тэлефон адключаны.

Пазаўчора ў Варшаве адбылося судовае паседжаньне ў справе выдачы дачкі Вольгі Класкоўскай Міраславы ў Беларусь. На судзе прысутнічаў і былы муж Класкоўскай Віталь Навумовіч з трыма мужчынамі зь Беларусі, які пасьля паседжаньня быў на кароткі час затрыманы для высьвятленьня асобы.

Рашэньне аб выдачы суд прыме на пачатку сьнежня.

Больш падрабязнасьцяў пазьней на нашым сайце і ў вечаровай праграме.
XS
SM
MD
LG