Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастрычніцкая рэвалюцыя – “зьвярыная помста за мінулае”


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае гісторык Валянцін Мазец. Эфір 8 лістапада 2007 году.

“... Пад выкрыкамі і гіканьнем сучасных Пугачовых народ ахмялеў. І брат на брата пайшоў, і сын на бацьку. І народ у асьляплённасьці сваёй пачаў губіць сам здабытую за вялікія ахвяры, за цэлыя рэчкі чалавечай крыві, доўгажаданую Волю.

Дзікім віхорам пусьціліся па нашай зямельцы азьвярэлыя людзі. Яны гарцуюць цэлымі бандамі і вішчуць, і грабюць, і забіваюць. Апошняе зерне на гарэлку выганяюць і творуць голад, руіны нібывалыя у нашым краю.

Чорныя рыцары, у соцыялістычных забралах дзеля блізіру, ускалыхнулі у народзе зьвярыную помсту за мінулае, і народ цяпер сам сябе ўстрымаць ні можа. І доўбнямі брат брату убівае “праўдзівы соцыялізм” у голаву. Так глыбока заганяе, што аж чэрап гнецца...”

Зьмітрок Бядуля “Народная інтэлігенцыя”. Газэта “Вольная Беларусь”, 1918 год, № 5”


Вячаслаў Ракіцкі: “І ў менскай студыі без бар’ераў мы гутарым зь гісторыкам Валянцінам Мазецам. Валянцін, такая жорсткая, зьедлівая ацэнка бальшавіцкай рэвалюцыі (ці перавароту), дадзеная Зьмітраком Бядулем ужо празь некалькі месяцаў, наколькі была характэрнай увогуле для беларускіх інтэлектуалаў, творцаў?”

Валянцін Мазец: “Для большасьці такая характарыстыка была тыповай. Язэп Лёсік казаў, што гэта анархія можа закончыцца толькі контррэвалюцыяй. Ён называў бальшавікоў “культурнымі варварамі”. Язэп Варонка казаў, што дзеяньні бальшавікоў – гэта нешта незразумелае, і растлумачыць іх з пункту погляду здаровага сэнсу немагчыма. Антон Луцкевіч перасьцерагаў, што ў выніку рэвалюцыі можа зьявіцца новы Напалеон, які ўсталюе сваю дыктатуру. Фактычна ён прадбачыў зьяўленьне Сталіна”.

Ракіцкі: “Давайце дамовімся, як мы надалей будзем называць падзеі кастрычніка 1917 году – рэвалюцыяй ці пераваротам? Як вы лічыце?”

Мазец: “Я лічу, што гэта была рэвалюцыя, а не пераварот. Пераваротам зьяўляецца падзея, якая адбылася ў адзін момант, пра яе ўсе забыліся, і далей яна ніякіх наступстваў ня мае. Кастрычніцкая рэвалюцыя ж зьяўляецца такой зьявай, якая мела вельмі вялікія наступствы, якая суправаджалася доўгім шлейфам важных падзеяў ня толькі ў былой Расеі, але і па ўсім сьвеце. Было праліта мора крыві. Наступствы кастрычніка 1917-га адгукаюцца і ў сёньняшнім дні”.

Ракіцкі: “Але вернемся да тых дзён, якія яшчэ ня мелі наступстваў. Мы ведаем, як адбываўся пераварот у Петраградзе. Грымнуў залп “Аўроры”, і народ пабег браць і рабаваць Зімні. А ў Беларусі? Як тут адбывалася рэвалюцыя?”

Мазец: “У гадзіну ночы ў Менскі савет, у якім большасьць складалі бальшавікі з фронту, прыходзіць тэлеграма, што ў Петраградзе бальшавікі ўзялі ўладу. Тады бальшавікі тэрмінова, не паклікаўшы нават прадстаўнікоў іншых партыяў, што былі ў складзе гэтага савету, сабралі паседжаньне і выдалі загад № 1 аб тым, што ўся ўлада ў Беларусі пераходзіць у іхнія рукі. Можна сказаць, што рэвалюцыя ў Беларусь прыйшла па тэлеграфу”.

Ракіцкі: “Гэта для саветаў. А звычайныя людзі? Як менчукі даведаліся, што адбылася рэвалюцыя?”

Мазец: “Большасьць менчукоў даведаліся пра падзею са слупоў, якія бальшавікі заклеілі ўлёткамі са сваім першым загадам. Пра гэта пісаў той жа Лёсік. Былых зьняволеных (і крымінальнікаў, і палітычных) выпусьцілі з турмы. Правялі мітынг, усіх іх запісалі ў першы рэвалюцыйны полк і загадалі гэтаму палку бараніць уладу”.

Ракіцкі: “Натуральна, бальшавікі давалі народу прыгожыя абяцаньні. Ці выканалі яны іх? Як хутка адчулі звычайныя людзі вынікі гэтай рэвалюцыі?”

Мазец: “Народ адчуў вынікі гэтай рэвалюцыі літаральна празь месяц. Так, на сваім арганізацыйным сходзе беларусы, што служылі ў Другім сыбірскім артылерыйскім палку, пісалі, што вынікам рэвалюцыі абавязкова будзе грамадзянская вайна, і ўсё тое, што бальшавікі паабяцалі, яны ня ў стане на практыцы рэалізаваць. Праз 24 гады пасьля гэтых падзеяў бальшавік са стажам Палятаеў (ён быў у партыі бальшавікоў з 1908 году) пісаў: “Мы вымушаны прызнаць, што ўсе тыя абяцаньні, якія мы давалі народу, мы ня выканалі, і слова “бальшавік” ў большасьці людзей ужо нават выклікае пачуцьцё агіды”.

Ракіцкі: “Сёлета спаўняецца ня толькі 90 гадоў бальшавіцкай рэвалюцыі, але й 70 гадоў пачатку масавых расстрэлаў людзей. Чаму бальшавікі гаварылі прыгожыя лёзунгі, а спрабавалі іх рэалізаваць з дапамогай тэрору? Ці маглі яны не страляць, не катаваць?”

Мазец: “Як толькі перамога была дасягнутая, Ленін заяўляе, што ніякіх кампрамісаў, ніякай згоды зь іншымі палітычнымі сіламі ня будзе. А калі бальшавікі ўжо ня мелі ніякай значнай палітычнай апоры, апынуліся ў рэальнай палітычнай ізаляцыі, у іх заставалася толькі адно выйсьце з сытуацыі, каб трымацца ва ўладзе, -- тэрор. Па-сутнасьці, ад самага пачатку, як узялі ўладу, бальшавікі пачалі тэрор. А каб утрымаць уладу, было неабходна пастаяннае змаганьне, пастаянныя рэпрэсіі. Адзін раз адчуўшы пах крыві, гэты пах далей п’яніць. І потым ужо, у 1930-я гады, Сталін сфармуляваў лёзунг, што з нарастаньне сацыялістычнай рэвалюцыі будзе нарастаць і супраціў ворагаў. А таму ёсьць неабходнасьць змагацца зь імі і пашыраць рэпрэсіі”.

Ракіцкі: “Зь дзяцінства памятаю вулічны фальклёр “Серп і молат – сьмерць і голад”, “Дзе камуністы зьявяцца, там усё з паліцаў крамаў зьнікае, як карова языком зьлізвае”. Досьвед паказвае, што людзі мелі рацыю. Чаму так было?

Мазец: “Тое, што бальшавікі абяцалі, паводле аб’ектыўных умоваў таго стану, у якім тады знаходзілася расейская дзяржава, яны зьдзейсьніць не маглі. Ня той быў узровень эканамічнага разьвіцьця. Больш за тое, эканамічны крызыс паглыбляўся, бо ўсё было разбурана вайной, новай калатнечай. Што тычыцца Беларусі, дык міністэрства харчовага забесьпячэньня канстатавала, што Беларусь знаходзіцца ў крытычнай паласе, што тут можа пачацца голад. У расейскай дзяржаве яшчэ капіталізм не адбыўся ў поўнай ступені, а ўжо пачалі будаваць сацыялізм. З гледзішча таго ж марксізму, бальшавікі хацелі скокнуць праз цэлую прыступку ў эканамічным разьвіцьці. А калі скокнуць няўдала, дык можна і ногі паламаць. Гэта і адбылося”.

Ракіцкі: “Ідэямі, натуральна, народ не накорміш...”

Мазец: “Не накорміш. У грамадзтве адбывалася ня тое, што раздваеньне, але й растраеньне асобы. Партыйныя лідэры казалі адно, думалі другое, а рабілі трэцяе”.

Ракіцкі: “Такім чынам, сацыялізм у Беларусі ня быў пабудаваны. Дык як і чым вымераць для Беларусі плён той рэвалюцыі і панаваньня бальшавікоў цягам 70 гадоў?”

Мазец: “Для Беларусі адрозна ад Расеі плён быў дваякі. З аднаго боку, кастрычніцкая рэвалюцыя канчаткова даламала імпэрскі мэханізм Расеі. Яна зрабіла немагчымым аднаўленьне ў былых маштабах расейскай імпэрыі. Яна дазволіла выпусьціць пару, энэргію народных масаў, якая пайшла на пачатковым этапе ў стваральнае рэчышча. Адразу пасьля рэвалюцыі разгарнулася шырокая беларусізацыя, увогуле нацыянальны рух. Была абвешчана нацыянальная дзяржава – Беларуская Народная Рэспубліка. А потым, у працяг БНР, зь якой бальшавікі былі вымушаныя лічыцца, была абвешчана БССР. І сёньня ўжо, пасьля таго, як распаўся СССР, мы жывем у незалежнай Рэспубліцы Беларусь. Гэта – адзін бок мэдаля. Другі – ў тым, што, паводле формы, была свая, беларуская, дзяржаўнасьць, але зьмест яе, асабліва ў 30-я гады, быў крывавым. Чалавечыя ахвяры вымяраюцца толькі адным вымярэньнем: гэта – трагедыя. І ніякія іншыя станоўчыя вынікі рэвалюцыі яе не адбеляць”.

Ракіцкі: “Ці магла не адбыцца гэтая рэвалюцыя тут, у Беларусі? Як магла б павярнуцца гісторыя, калі б яе не было?”

Мазец: “Аб’ектыўныя ўмовы, што былі на той момант на Беларусі, сьведчаць, што тыя падзеі былі непазьбежнымі. Беларусь была літаральна разарваная фронтам першай усясьветнай вайны. Рэвалюцыя на Беларусі (і нават сам Кнорын з гэтым пагаджаўся) змагла адбыцца, дзякуючы таму, што тут былі змучаныя вайною салдаты заходняга фронту, якія падтрымалі бальшавікоў. Яны спадзяваліся, што вайна нарэшце скончыцца, і яны атрымаюць тое, пра што мараць”.

Ракіцкі: “Сёньня Беларусь засталася ці не адзінай краінай у сьвеце, дзе дзень гэтак званай кастрычніцкай рэвалюцыі адзначаецца як дзяржаўнае сьвята. Чаму?”

Мазец: “Такое адчуваньне, што ў нас яшчэ не адбыўся да канца працэс пераасэнсаваньня мінулага. Гэты працэс увогуле балючы на постсавецкай прасторы. Але ў іншых былых краінах гэтак званага сацыялістычнага лягеру ўсё ж пераасэнсаваньне адбываецца. Гэта засьведчылі і падзеі апошніх дзён у суседняй Расеі. Хай сабе і марудна, але там улада ўсё ж адмяжоўваецца ад спадчыны бальшавікоў, не бярэ на сябе адказнасьці за іхнія дзеяньні. Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін заявіў, што асуджае дзеяньні савецкіх уладаў, камуністычны тэрор. На мой погляд, і для беларускай улады вельмі важным крокам была б заява, што і яна ніякіх дачыненьняў да таго, што ў БССР рабілася, і што не бярэ на сябе адказнасьці за шматлікія ахвяры камуністычнага рэжыму. Гэта было б найболей лягічным на дадзены момант”.

“Мы, сяляне Менскай губэрні Рэчыцкага павету Дудзіцкай воласьці вёскі Клінска, на агульным сходзе, што адбыўся 20 сьнежня 1917 году ў колькасьці 103 чалавекі, заслухаўшы даклад таварыша Галая, дэлегаванага ад сялянскай сэкцыі 4-й Фінляндзкай стралковай дывізіі, аб бягучым моманце і дэкрэтах аб зямлі ад 26 кастрычніка г.г.,

вітаем новую рэвалюцыйную ўладу Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, якая пасьля доўгай барацьбы з контррэвалюцыйнымі капіталістамі вырашыла пытаньне аб зямлі і прапанавала справядлівы доўгачаканы народам мір;

заўсёды гатовы абараняць Савецкую ўладу, верачы, што ўзьняты высока сьцяг сацыялізму ня будзе апушчаны...

З рэзалюцыі сходу сялянаў вёскі Клінска Дудзіцкай воласьці Рэчыцкага павету Менскай губэрні аб падтрымцы Савецкай улады. 20 сьнежня 1917 году”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG