Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыпляматы Эўразьвязу заклікаюць вызваліць беларускіх палітвязьняў


Уладзімер Глод, Менск Кіраўнікі дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу, акрэдытаваныя ў Беларусі, сустрэліся ў Менску зь лідэрам незарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня “Рух “За Свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам.

Пра гэта паведамляецца ў спэцыяльным прэсавым рэлізе, распаўсюджаным амбасадай Славаччыны, якая выконвае функцыі мясцовага старшынёўства Эўразьвязу ў Беларусі.

Падчас гутаркі спадар Мілінкевіч прыцягнуў увагу да праблемы палітычных вязьняў у Беларусі. Прынамсі, ён занепакоены закрытым судовым працэсам над моладзевым актывістам Зьміцерам Дашкевічам, а таксама станам здароўя Андрэя Клімава.

У паведамленьні амбасады Славаччыны адзначаецца: “Мясцовае старшынёўства ЭЗ выказвае глыбокую занепакоенасьць эўрапейскіх дыпляматаў у Менску з прычыны стану грамадзянаў Беларусі, якія, згодна ацэнкі экспэртаў міжнародных органаў у правах чалавека, лічацца палітычнымі вязьнямі.

Мясцовае старшынёўства ЭЗ заклікае беларускія ўлады спыніць рэпрэсіўныя дзеяньні супраць грамадзянскай супольнасьці, паважаць правы чалавека і грамадзянскія правы беларускіх грамадзян і вызваліць прафэсара А. Казуліна, А. Фінкевіча, З. Дашкевіча, А. Клімава і іншых вязьняў асуджаных за грамадзянскую дзейнасьць.

Мясцовае старшынёўства ЭЗ верыць, што станоўчае разьвіцьцё ў гэтай галіне паскорыць актыўнае супрацоўніцтва з эўрапейскімі партнэрамі”. • Эўрапейскія палітычныя мудрацы – на дапамогу Беларусі, 30.10.2007
XS
SM
MD
LG