Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Па Магілёве езьдзіў тралейбус імя Цішкі Гартнага


Радыё Свабода, Магілёў 7 лістапада тры гадзіны курсіраваў па Магілёве тралейбус імя Цішкі Гартнага. Гэтак адзначыла гарадзкая суполка Таварыства беларускай мовы 120-годзьдзе беларускага пісьменьніка, першага старшыні савецкага ўраду Беларусі Зьмітра Жылуновіча. Сёлета ўлетку гэткім жа чынам адзначылі 125-годзьдзе Янкі Купалы.

“Дарагія магілёўцы, таварыства Беларускай мовы імя Францыска Скарыны віншуе Вас зь днём народзінаў пісьменьніка і палітычнага дзеяча Цішкі Гартнага. Тралейбус рушыць у гонар гэтага сьвята бясплатна!” – з такой абвесткі пачаў свой маршрут тралейбус імя Цішкі Гартнага з бартавым нумарам 318. За тры гадзіны ён праехаў па асноўным вуліцам Магілёву.

Чаму менавіта 7 лістапада вырашылі адзначыць актывісты суполкі юбілей Зьмітра Жылуновіча? Тлумачыць кіраўнік магілёўскага ТБМ Алег Дзячкоў:

“Цішка Гартны – гэта адзін з тых людзей, якія рабілі рэвалюцыю на Беларусі. Адзін са стваральнікаў беларускай савецкай дзяржавы. Сымбалічна і тое, што гэта дзяржава яго, Цішку Гартнага, стваральніка гэтай савецкай краіны, і зьнішчыла”.

Усе тры гадзіны актывісты суполкі раздавалі пасажырам буклеты ды распавядалі пра Цішку Гартнага. На борце тралейбуса красаваўся партрэт пісьменьніка.

Якія ўражаньні выклікала акцыя ў людзей?

“Дужа прыемна, што ўсё-такі ўзгадваюць нашых беларускіх пісьменьнікаў. Такім чынам да гэтага далучаюць моладзь. Дужа цікава.

Я лічу, што гэта насамрэч незвычайны спосаб. Я ўпершыню сустракаю, каб ня толькі ў Магілёве, але наагул ня чула, каб нехта пускаў тралейбус, прысьвечанаму такому сьвяту. Мне здаецца, гэта здорава.

Колькі мы былі ў Пячэрскім лесапарку, і ніхто ніколі нам не сказаў, што там магіла Цішкі Гартнага. Гэта, ведаеце, неяк тут унутры блага”.

Цішка Гартны скончыў жыцьцё самагубствам у магілёўскай вар’ятні, якая месьціцца ў Пячэрскім лесапарку Магілёва. Сымбалічнае месца пахаваньня пісьменьніка знайшоў пры канцы васьмідзесятых гадоў мінулага стагодзьдзя кіраўнік магілёўскай суполкі “Мартыралёгу Беларусі” Валянцін Ермаловіч. Вось аповед адной пасажыркі:

“Калі яшчэ быў жывы спадар Ермаловіч, я разам са сваімі сябрамі, а потым і паплечнікамі ўдзельнічала ў пошуках магілы ў Пячэрскім лесапарку. Усё, што мы рабілі калісьці, вярнулася сёньняшнім днём”.

Сваімі ўражаньнямі пра незвычайную паездку падзяліўся і кіроўца тралейбусу спадар Уладзімер:

“Акцыя, канечне, незвычайная: упершыню такое адбываецца. Пасажырам таксама гэта незвычайна бачыць. Прыбраны тралейбус, людзі ў тралейбусе, якія чытаюць вершы, дораць памятныя паштоўкі. Паболей было б такіх акцыяў для насельніцтва, каб ведалі сваіх нацыянальных герояў, сваіх паэтаў пісьменьнікаў”.

Правесьці акцыю дапамагалі і дзьве дзяўчынкі Насьця ды Ірына. Яны чыталі пасажырам верш Цішкі Гартнага “Роднай краіне”. Яго пісьменьнік напісаў ў Магілёве ў 1910 годзе, калі працаваў тут гарбаром:

“Я люблю гэты вобраз краіны, Дзе відаць на абшары кругом Курганы, і пустыя раўніны, І балоты зарослыя мхом... Я люблю гэты вобраз бясконца, Тыя вёскі, балоты гаі, Бо радзіўся я ў гэтай старонцы І памру мо ў гэтай зямлі”

Вынікі акцыі падсумаваў Алег Дзячкоў:

“Мяне ўразіла, што палова людзей ведаюць пра Цішку Гартнага. Ведаюць, што ягоны лёс неяк зьвязаны з Магілёвам. Праўда, якім чынам – ня ведаюць. Некаторыя памятаюць, што ён пахаваны ў Магілёве.

Людзей акцыя крыху зьдзіўляла. Калі яны бачаць такую грамадзкую ініцыятыву, то ўспрымаюць яе так, што гэта абавязкова ініцыятыва з боку дзяржавы і прадзяржаўных структураў. Адна жанчына сказала, што нам заплацілі: Вы, маўляў, БРСМ, і нават школьнікаў забявазалі ўзяць у сьвяце ўдзел”.

Тралейбус імя Цішкі Гартнага ня першы ў Магілёве. Сёлета ўлетку актывісты суполкі ТБМ гэтак жа адзначылі юбілей Янкі Купалы. За тры гадзіны паездкі Алег Дзячкоў заплаціў тралейбуснаму парку семдзесят тысяч рублёў.

Магілёў, 07.11.2007.Насьця і Іра ў Тралейбусе імя Цішкі Гартнага чыталі вершы. Насьця і Іра ў Тралейбусе імя Цішкі Гартнага чыталі вершы

Магілёў, 07.11.2007. Тралейбус імя Цішкі Гартнага. Тралейбус імя Цішкі Гартнага

Магілёў, 07.11.2007. Тралейбус імя Цішкі Гартнага. Пасажыры задаволеныя Пасажыры рэагавалі па-рознаму

• У Магілёве адзначылі 120-я ўгодкі з дня нараджэньня Цішкі Гартнага , 4.11.2007 • Тралейбус Янкі Купалы ў Магілёве , 6.07.2007
XS
SM
MD
LG