Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўнае шанаваньне бальшавізму захавалася толькі ў Беларусі


Ганна Соўсь, Менск Сёньня ў Беларусі выходны дзень з нагоды дзяржаўнага сьвята — Дня кастрычніцкай рэвалюцыі. Беларусь засталася адзінай краінай на постсавецкай прасторы, дзе афіцыйна сьвяткуюць угодкі бальшавіцкага перавароту.

Сёлета з нагоды гэтай даты не было ўрачыстых паседжаньняў. Толькі прадстаўнікі дзьвюх камуністычных партыяў, вэтэранскіх арганізацыяў і частка дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў усклалі кветкі да помніка Ўладзімеру Леніну на плошчы Незалежнасьці.

Сёньня вуліцы Менску паўпустыя, і толькі рознакаляровыя сьцягі нагадваць пра бальшавіцкае сьвята.

Раніцай у сталіцы і абласных цэнтрах сябры камуністычных партыяў і вэтэраны ўскладалі кветкі да помнікаў Леніну.

Некалькі гадоў таму ўлады не давалі дазволу камуністычным партыям на мітынгі з нагоды 7 лістапада альбо накіроўвалі іх на плошчу Бангалор.

Сёлета прадстаўнікі дзьвюх камуністычных партыяў абмежаваліся ўскладаньнем кветак да помніка Леніну на плошчы Незалежнасьці.

“Наперад, пад сьцягам ленінізму!“

Гаворыць старшыня Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін.

“Ніякіх перашкодаў не было і не магло быць. Таму мы спакойна ўсклалі кветкі да помніка правадыру рэвалюцыі, павіншавалі людзей са сьвятам. Там шмат сёньня стаіць і вянкоў, і кветак ля помніка. Я думаю, што гэта правільна.

Яшчэ раз хачу нагадаць, што кастрычніцкая рэвалюцыя дала дзяржаўнасьць Беларусі. Каб яе не было, не было б ні БНР, ні БССР і сёньняшняй Рэспублікі Беларусь”, — лічыць Сяргей Калякін.

Дарэчы, на помніку Леніну, да якога сёньня ўскладалі кветкі камуністы, надпіс на тарашкевіцы: “Наперад, пад сьцягам ленінізму!“ — зь мяккім знакам у слове “сьцяг”.

7 лістапада ў незалежнай Беларусі ня быў выходным днём да 1995 году, калі з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі гэта дата была вернута Вярхоўным Саветам ў сьпіс дзяржаўных сьвятаў.

Ва ўчорашнім афіцыйным віншаваньні з нагоды 90-й гадавіны рэвалюцыі Аляксандар Лукашэнка зазначыў, што “Кастрычнік 1917 году ня толькі зьмяніў лёс вялізнай краіны, але і ў многім вызначыў гістарычны шлях разьвіцьця ўсяго чалавецтва”.

“Адзначаць гэтую дату трэба, але толькі ў жалобнай форме, а не ў сьвяточнай”

Апошнія гады з нагоды 7 лістапада Аляксандар Лукашэнка адкрываў новыя аб’екты. У 2002 годзе — Менскую кальцавую дарогу, у 2005-м — станцыі мэтро “Кунцаўшчына” і “Каменная горка”.

Сёлета 7 лістапада былі адкрытыя новыя станцыі мэтро “Барысаўскі тракт” і “Ўручча”. Аднак ва ўрачыстым адкрыцьці ўдзельнічаў не прэзыдэнт, а кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Генадзь Нявыглас.

Дарэчы, гісторыкі сьведчаць, што 7 лістапада 1917 году ў Беларусі ўвогуле ніякіх падзеяў не было. А пра тое, што адбылося ў Петраградзе, даведаліся толькі ўвечары з тэлеграфных паведамленьняў.

Што да наступстваў кастрычніцкага перавароту, то гісторык Алег Трусаў ацэньвае іх гэтак:

“Кастрычніцкая рэвалюцыя ці пераварот меў для Беларусі двайное значэньне. З аднаго боку ён прынёс шматлікія рэпрэсіі, вынішчэньне нашай эліты. Але і ў Расейскай імпэрыі нам было нясоладка. І каб не кастрычніцкі пераварот — ці была б наагул Беларусь, ці гаварылі б мы з вамі па-беларуску?

Ён даў нам магчымасьць захавацца як нацыі — канечне, вельмі вялікімі ахвярамі. Адзначаць гэтую дату трэба, але толькі ў жалобнай форме, а не ў сьвяточнай”, — лічыць гісторык Алег Трусаў.





• Астравец: Ленін вярнуўся на гарадзкую плошчу , 07.11.2007 • Прывід камунізму блукае па Беларусі , 07.11.2007 • Ці адзначаеце вы дзень рэвалюцыі?, 07.11.2007
XS
SM
MD
LG