Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нават папа пакаяўся за злачынствы інквізыцыі, а камуністы маўчаць”


Уладзімер Глод, Менск Ці варта адзначаць дзень 7 лістапада? Ці вы асабіста адзначаеце гэты дзень? "Свабода" апытала вядомых людзей.

Міхаіл Чыгір, былы прэм’ер-міністар, тлумачыць, чаму для яго сёньняшні дзень не зьяўляецца сьвяточным:

“Я гэты дзень не адзначаю. Тым больш, што мая цешча была рэпрэсаваная. Якое тут можа быць сьвята? Нават па тэлебачаньні днямі прагучала, што семдзесят гадоў таму сто найлепшых людзей Беларусі расстралялі ў “амэрыканцы”. Дык што тут сьвяткаваць?

Ня сьвята гэта для нас. Дый цешча не зразумела б гэтага. Таму што гэтыя ўспаміны ў яе акрамя сьлёз на вачах нічога не выклікаюць”.

Алену Скрыган, сакратара ЦК Партыі камуністаў беларускай, якую ачольвае Сяргей Калякін, мой званок засьпеў у адной зь менскіх кавярань:

“Мы цяпер знаходзімся ў кафэ і адзначаем гэтае сьвята. І ўжо нават выпілі за яго па чарцы гарбаты! (Сьмяецца.)

Адзначаецца дата такой зьявы, якая аказала гістарычнае ўзьдзеяньне на ўвесь сьвет. Тое, што капіталізм сацыялізаваўся, гэта ўплыў Вялікай кастрычніцкай рэвалюцыі.

І тыя лёзунгі, якія дала гэта рэвалюцыя, адпавядаюць марам чалавецтва. Але я лічу, яны дагэтуль не ўвасобленыя. І таму задача ня толькі нашага, але і будучых пакаленьняў — працаваць над іх увасабленьнем. І гэта дасьць магчымасьць усім людзям, усім народам жыць у спакойным сьвеце. Жыць так, каб было больш шчасьця”.

Станіслаў Шушкевіч, старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня, падчас майго тэлефанаваньня знаходзіўся за рулём сваіх “жыгулёў”. Разам зь сям’ёй ён ехаў на лецішча:

“Сьвяткаваць?! (Сьмяецца.) Такое мне ў галаву не прыходзіць. Хопіць зь мяне савецкага часу. Тады я доўга верыў, што гэта сапраўды сьвята. А цяпер ужо ні я, ні мая сям’я ня лічым гэты дзень сьвятам. Таму і не адзначаем, зразумела”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец гаворыць, што 7 лістапада ён традыцыйна ходзіць да бацькоў:

“Я бацьку клічу “чырвоным дырэктарам”. І для яго гэты дзень сьвяточны.

А сам я лічу, што пры ўсіх тых злачынствах, што нарабіла савецкая ўлада, асабліва ў гады сталінізму, было і значнае: перамога над фашыстамі, палёты ў космас. Гэта таксама было пры камуністах.

Але, відавочна і тое, што камуністы павінны публічна пакаяцца за тыя злачынствы, якія яны нарабілі. Нават папа рымскі знайшоў у сабе сілы пакаяцца за злачынствы інквізыцыі. А камуністы дагэтуль маўчаць”.





• 7 лістапада застаецца чырвонай датай толькі для Беларусі , 24.05.2007 • Прывід камунізму блукае па Беларусі , 11.07.2007
XS
SM
MD
LG