Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“7 лістапада было весела: парторг разьліваў гарэлку, прафорг рэзаў каўбасу”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Дзень 7 лістапада — гадавіну расейскай бальшавіцкай рэвалюцыі 1917-га, яшчэ два дзесяцігодзьдзі таму адзначалі як дзяржаўнае сьвята дзясяткі краінаў на розных кантынэнтах.

Сёньня гэты дзень застаўся ў календары галоўных палітычных сьвятаў толькі ў Беларусі — ад яго як ад сьвяточнай даты адмовілася нават Расея, дзе рэвалюцыю сплянавалі, ажыцьцявілі, і адкуль яе потым спрабавалі экспартаваць па цэлым сьвеце.

Пра тое, як гадавіну кастрычніцкай рэвалюцыі адзначалі ў савецкай Беларусі — кароткі ліст ад нашай слухачкі Алены Зарэмбы зь Менску. Яна піша:

“Пра тыя ўрачыстасьці і сьвяткаваньні савецкага часу я ўспамінаю зь лёгкім сумам і зь цеплынёй. Ну, і што, што прымушалі хадзіць на дэманстрацыі? Мы ж асабліва і ня ўпарціліся. Было шмат людзей. Сьпявалі песьні, было весела. Парторг разьліваў гарэлку, прафорг рэзаў каўбасу… Танцавалі на марозе.

Я не фанатка камуністычных ідэяў. Разумею, што нічога ня вернеш, што дзеці і ўнукі будуць жыць інакш. Ім ужо нават не растлумачыш, чаму самай вялікай марай маёй маладосьці былі амэрыканскія джынсы, і чаму ў чарзе па каўбасу трэба было стаяць гадзінамі. Але, калі цьвяроза разважыць, што кепскага было ў лёзунгах Вялікага Кастрычніка: “Зямлю — сялянам!”, “Заводы — рабочым!”, “Мір — народам!”?”

Лёзунгі бальшавікоў былі папулісцкія, народу падабаліся — тут вы, спадарыня Зарэмба, маеце рацыю. Менавіта яны дапамаглі так лёгка вывесьці людзей на вуліцу.

Але што з абяцанага камуністычныя правадыры, якія захапілі ўладу ў лістападзе 1917-га, выканалі?

Замест зямлі й заводаў сяляне і рабочыя атрымалі калгаснае рабства, раскулачваньне і бяспраўе; замест міру народы былой Расейскай імпэрыі на доўгія гады былі ўцягнутыя спачатку ў грамадзянскую вайну, потым — у паласу дыктатуры, рэпрэсіяў і страху. Ацэньваць палітыкаў варта ўсё ж не паводле лёзунгаў, а паводле рэальных справаў.

Наш слухач Віталь Крук зь Менску адклікнуўся на Сацыяльны марш, які адбыўся ў Менску ў мінулую нядзелю. Вынікі гэтай апазыцыйнай акцыі Віталь лічыць катастрафічнымі для апанэнтаў улады:

“Віншую “апазыцыю”. Цяпер ужо ня ўзьнікне сумневу, што ўсе ейныя акцыі — зусім марныя. Прайграюць толькі раз. Гэтак званая “апазыцыя” прайграла ўжо шмат разоў. Нават у асяродзьдзе “апазыцыянэраў” прыйшло разуменьне, што нічога і ніколі ў Беларусі ня зьменіш. Беларусь — гэта Куба ў Эўропе. Тое, што міліцыя не перашкаджае, сьведчыць пра сілу, а не пра слабасьць улады.

Можна з упэўненасьцю сказаць, што наступны марш, калі яшчэ прыйдзе камусьці да галавы яго праводзіць, не зьбярэ і паўтысячы чалавек. Калі надзея памірае апошняй, дык яе ўжо пахавалі ў траўні 1995 году”.

Свабода ў сваім эфіры падрабязна асьвятляла Сацыяльны марш і аналізавала яго вынікі. Чаму акцыя сабрала так мала людзей? Аналітыкі гавораць пра грамадзкія настроі, якія не спрыяюць масавым пратэстам, пра няўзгодненасьць дзеяньняў апазыцыі, пра арганізацыйныя хібы.

І сапраўды, апазыцыянэры заклікалі людзей на вуліцу трэцюю нядзелю запар. Пры тым, што сацыяльныя льготы яшчэ не адмененыя, а кошты на камунальныя паслугі не падвышаныя.

Пра лёс зьняволенага апазыцыйнага палітыка, былога рэктара Белдзяржунівэрсытэту Аляксандра Казуліна разважае ў сваім электронным лісьце на “Свабоду” былы студэнт БДУ Сяржук Рогач зь Менску:

“Што думаюць з нагоды зьняволеньня Аляксандра Казуліна ва ўнівэрсытэце, якім ён кіраваў? Жахліва, але там пра гэта нават ня ведаюць... Прыйшоў я сёньня, 2 лістапада, ва ўнівэрсытэт атрымаць пэўныя дакумэнты (я адлічаны з 4-га курсу ў траўні 2007 году, паводле палітычных матываў). Давялося з супрацоўнікамі БДУ трохі пагутарыць і пра былога рэктара, Аляксандра Казуліна.

Памятаюць, што старанна працаваў, надзвычай шмат зрабіў для ўнівэрсытэту, для беларускай адукацыі ўвогуле. У той жа час, кажуць, сярод партрэтаў былых рэктараў у рэктараце няма толькі ягонага. І наагул, са зьвестак ёсьць толькі запіс у архіве, што быў рэктарам.

А цяпер — увага! Пра тое, што Аляксандар Казулін сядзіць у турме, ня ведаюць! Так, што быў зьняволены — чулі, але думаюць што адпусьцілі. Крыніца інфармацыі — чуткі. Навінаў не чытаюць, а праўладныя пацукі заўзята распаўсюджваюць інфармацыйны транквілізатар!

Вось так: чалавек адбывае пяць з паловай гадоў у турме, а ягоныя былыя падначаленыя думаюць, нібыта ён на волі і ўсё нармалёва.

Пакуль пішу гэты ліст, згадаліся плёткі, якія распаўсджаныя, у прыватнасьці, сярод супрацоўнікаў міліцыі і АМАПу пра зьніклых асобаў (Захаранку, Завадзкага, Красоўскага, Ганчара). Чуў гэта падчас размоваў зь імі ў “аўтазаках” ды РАУС: яны лічаць, нібыта зьніклыя палітыкі насамрэч проста ўцяклі некуды ў Лацінскую Амэрыку і там цяпер цудоўна жывуць”.

Увага да лёсу Аляксандра Казуліна ў сьвеце немалая. І знайсьці праўдзівыя зьвесткі пра тое, што здарылася з апазыцыйным палітыкам, у якіх умовах ён цяпер знаходзіцца, як перанес шматтыднёвую палітычную галадоўку, як у Беларусі і сьвеце дамагаюцца ягонага вызваленьня — ня так і цяжка. Для гэтага дастаткова ўмець карыстацца інтэрнэтам.

Ня думаю, што сярод выкладчыкаў і пэрсаналу Белдзяржунівэрсытэту надта шмат тых, для каго кампутар ды інтэрнэт — экзотыка, а адзіная крыніца інфармацыі — дзяржаўныя мэдыі.

Іншая рэч, Сяржук, што не заўсёды варта разьлічваць на шчырасьць у размовах з малазнаёмымі людзьмі на такія тэмы, якія многія ў сёньняшняй Беларусі лічаць небясьпечнымі. Тым больш, калі гэтыя людзі на дзяржаўнай службе, і баяцца любога неасьцярожнага слова, якое можа каштаваць ім пасады.

Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў у сваім чарговым лісьце распавядае пра першых ахвяраў новай кампаніі, распачатай нядаўна беларускімі ўладамі. Размова ідзе пра барацьбу зь незаконнымі пабудовамі ў маляўнічых мясьцінах, на ўзьбярэжжы азёр і рэк:

“Недзе каля трох гадоў таму на беразе маляўнічага возера Пліна ля Вушачаў пачалося будаўніцтва шыкоўнага аб’екту, які вядомы мясцовым жыхарам пад кодавай назвай “Дача Канаплёва”.

На будоўлю ракой плылі будматэрыялы, а з будоўлі, адпаведна — неверагодныя чуткі пра трохпавярховы асабняк: мядзяныя трубы ацяпленьня, дубовыя шклопакеты за неверагодныя грошы, велічны жалезабэтонны пірс на возеры, “сьціплую” лазьню памерам 6 на 14 мэтраў і фарбу сто даляраў за бляшанку, якой фарбавалі плот вакол лецішча.

Але вось надышоў верасень 2007-га, а разам зь ім — адстаўка Канаплёва. Па райцэнтры папаўзьлі чуткі іншага кшталту. Быццам дача тая пабудаваная ня тое што ў водаахоўнай зоне, а нават у прыбярэжнай паласе. Быццам наагул ня існуе ніякага рашэньня аб адводзе зямельнага ўчастку. Быццам там парушаныя ўсе нормы і законы, якія толькі існуюць.

А 6 кастрычніка у раённай газэце “Патрыёт” зьявіўся артыкул “Захаваць для нашчадкаў” за подпісам начальніка раённай прыродаахоўнай інспэкцыі.

У публікацыі паведамлялася, што аб’ект на возеры Пліна пабудаваны з парушэньнямі, што лазьня, пірс і плот, якія знаходзяцца ў прыбярэжнай паласе возера, падлягаюць зносу да 2 лістапада. І што, калі гэта ня будзе выканана, то вышэйназваныя аб’екты ліквідуюць прымусова.

Цуд, дый годзе! Быццам толькі месяц таму даведаліся пра будаўніцтва, якое доўжыцца каля трох гадоў! Але самае цікавае і дзіўнае, што гаспадарамі ўсяго гэтага хараства ды багацьця чамусьці, згодна з артыкулам у раёнцы, аказаўся не Канаплёў, а дзьве нікому не вядомыя асобы…

А можа, і на самай справе Ўладзімер Мікалаевіч ня мае аніякага дачыненьня да гэтага шыкоўнага лецішча? Наўрад ці нам пашчасьціць даведацца праўду, бо ўжо як чыноўнікі ўмеюць вешаць локшыну на нашы разьвесістыя вушы, то гэта проста найвышэйшы пілятаж.

...А лазьню ўсё ж пачалі разьбіраць. Хто-кольвечы з маіх знаёмых ужо марыць, што ў наступным годзе зноў пашчасьціць падзарабіць на гэтай будоўлі — трэба ж і лазьню ізноў ставіць, і плот...

На заканчэньне павінен дадаць, што ў раёне гэта не адзінае лецішча такога кшталту і маштабу”.

У сярэдзіне 1990-х гадоў, толькі прыйшоўшы ла ўлады, Аляксандар Лукашэнка ўжо спрабаваў распачаць барацьбу з гаспадарамі палацаў, якія якраз тады шпаркімі тэмпамі пачалі расьці ў прадмесьцях Менску ды іншых буйных гарадоў.

Магчымасьць весьці маштабнае будаўніцтва ў той час мелі галоўным чынам чыноўнікі, якія выкарыстоўвалі доступ да дзяржаўных крэдытаў і да фактычна бясплатных зямельных участкаў. Буйныя крэдыты пад нізкі працэнт простаа праз год у выніку гіпэрынфляцыі ператвараліся ў мізэрныя сумы, якія чыноўнік вяртаў, не патраціўшы на гэта нават месячнай зарплаты.

Малады прэзыдэнт неаднойчы казаў, што з махлярамі разьбярэцца, і пабудаваныя такім чынам катэджы адбярэ.

Але пра адабраныя палацы зьвестак пасьля гэтага не было. А маштабнае будаўніцтва на пачатку новага стагодзьдзя аднавілася, у тым ліку ў запаведных мясьцінах, у водаахоўных зонах.

Цяпер вось улада ініцыявала новую кампанію барацьбы з гаспадарамі палацаў. Ці будзе яна плённай? Улічваючы тое, што фактычныя гаспадары многіх з гэтых катэджаў, лазьняў і пірсаў — самі высокапастаўленыя чыноўнікі, іхныя сваякі, сябры ды зьвязаныя зь імі бізнэсоўцы — наўрад ці.

Іншая рэч — апальныя чыноўнікі, якія страцілі пасады і ўплыў. Але такіх адзінкі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG