Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прывід камунізму блукае па Беларусі


Юры Дракахруст, Прага 90 гадоў таму ў Расейскай імпэрыі адбылася бальшавіцкая рэвалюцыя, якая вызначыла аблічча сьвету ў ХХ стагодзьдзі.

Можна не сумнявацца, што ў Менску, Маскве, Кіеве, іншых сталіцах, якія ўваходзілі калісьці ў камуністычную імпэрыю, сьвяткаваць гадавіну кастрычніка прыйдуць пераважна старыя ды камуністы, якія эксплюатуюць настальгію гэтых старых.

Іронія гісторыі: ідэалёгія злому ўсіх традыцыйных сыстэмаў грамадзтва, якая абяцала ў сваім гімне “Інтэрнацыянале” “зрабіць з гісторыі чысты аркуш”, ператварылася ў нешта надзвычай кансэрватыўнае, у вобраз нейкага старога добрага (для кагосьці – так, менавіта добрага часу).

Нават у Віетнаме, на Кубе ці ў Кітаі – краінах, якія фармальна захоўваюць вернасьць камунізму і кіраваныя камуністычнымі партыямі, камуністычная ідэалёгія стала струхнелай заслонай.

А быў час, калі яна зьмятала троны і дэмакратыі, калі здавалася, што чырвонай сапраўды можа стаць уся зямная куля. Прывабнасьць камунізму была загадкай. Усе рэвалюцыі паўстаюць праз рэкі крыві, але бальшавіцкая рэвалюцыя была ў гэтым сэнсе рэкардсмэнам. Камуністычны тэрор як пачаўся 7 лістапада 1917 году, так і скончыўся фактычна толькі разам з канцом камунізму.

І ўсё ж была гэтая спакуса прывабнай, захоплівала людзей ад афрыканскіх плямёнаў да брытанскай арыстакратыі. Каго – стройнасьцю сваіх квазірэлігійных формулаў, каго – абяцаньнем шляху разьвіцьця ўздагон, а ўсіх, разважаючы па-філязофску, спакусай своеасаблівай зьдзелкі з д’яблам – абменам свабоды на зямны рай. Рай гэты больш нагадваў пекла , але ж хіба трымаў д’ябал калісьці свае абяцаньні?

Было і сплыло. Камунізм як такі памёр ва ўсім сьвеце. Аднак у нашых краёх ён пратрымаўся занадта доўга, мадэрн у краінах – былых частках СССР -адбыўся менавіта ў форме камунізму. Нашы беларускія заводы і ВНУ, гарады і дарогі – ўсё падчына той эпохі. Але самая цяжкая спадчына – у галовах і душах людзей. Калі казаць пра Беларусь, то тут ёсьць яшчэ адна асаблівасьць. На прасторах былога СССР паўсталі дзяржавы, многія зь якіх значна больш рэпрэсыўныя, чым цяперашняя беларуская. Але выключна ў Беларусі была зробленая спроба збудаваць ня толькі новую дзяржаву, але і нацыю на ідэі вернасьці камуністычнаму мінуламу.

Нават на бацькаўшыне камуністычнай рэвалюцыі, у Расеі, рэанімацыя камуністычных сымбаляў і словаў ня робіцца з такой фатаграфічнай дакладнасьцю, як у Беларусі.

“Прывід блукае па Эўропе – прывід камунізму” – пісаў Маркс у сваім “Маніфэсьце”. Зараз для нашых краёў гэта выказваньне можа больш дакладнае: прывід застаецца ад таго, хто ці што ўжо памерла, а ў Беларусі ці ў Расеі гэтая здань сапраўды блукае. Ані ў Расеі, ані ў Беларусі сыстэмы, што паўсталі праз паўтара дзесяцігодзьдзя пасьля сьмерці камунізму, ня ёсьць яго адраджэньнем ці вяртаньнем, ніхто не зьбіраецца несьці сьвету чырвоных ідэй па ўсёй плянэце і будаваць Гулагі, даволі банальныя дэспатыі кшталту беларускай існуюць і існавалі шмат у якіх іншых краінах, якія і ня зьведалі досьведу камунізму.

Але ўяўленьню пра тое, чалавек – нішто, а дзяржава – ўсё, досьведу хлусьні і таму самаму абмену свабоды на зямны рай, на чым уласна і грунтуецца цяперашняя сыстэма – гэтаму беларусы абавязаны свайму мінуламу, таму самаму прывіду, які ўсё блукае па беларускай зямлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG