Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радзім Гарэцкі: “Не тарашкевіцу цугляць трэба, а мову ратаваць!”


Аляксандар Уліцёнак, Менск Грамадзкі рэдактар тыдня акадэмік Радзім Гарэцкі – сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, аўтар некалькіх кніжак. Што ён думае пра падзел беларускіх літаратараў? Ці бракуе нацыянальнага ў Нацыянальнай акадэміі навук? Хто для спадара Гарэцкага клясыкі ў сучаснай літаратуры?

Уліцёнак: “Казалі, што вы ўступілі ў пісьменьніцкі саюз назло…”

Гарэцкі: “…надменному соседу”. А суседам маім па лецішчы – Мікалай Чаргінец. Існаваньне некалькіх саюзаў – гэта нармальна. Аднак пры адной умове: калі яны ў аднолькавых умовах”.

Уліцёнак: “Хто для вас найбольш аўтарытэтны літаратар?”

Гарэцкі: “Перш, канечне, мой незабыўны сябар Янка Брыль. Алесь Адамовіч, Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Вярцінскі, Законьнікаў, Казько, Някляеў, Зуёнак… Ну, Быкаў канечне! Мы зь ім таксама добра сябравалі”.

Уліцёнак: “Як бы вы пракамэнтавалі выцісканьне са школьных праграмаў клясыкаў беларускай літаратуры?”

Гарэцкі: “Вельмі абураны, гэта проста дзікунства! Таму што іх жа ўсё роўна ня выкінеш! Як былі яны клясыкамі, так і застануцца. Хіба можна выкінуць вось тых жа, каго я назваў? Ніколі!”

Уліцёнак: “Ці бракуе нацыянальнага ў Нацыянальнай акадэміі навук?”

Гарэцкі: “Хоць яна завецца “нацыянальнай”, але беларускай мовы, Беларушчыны там усё меней і меней – яе зусім, можна сказаць, няма. Страшна ім, бо як ты беларускамоўны, то – апазыцыянэр. Шарахаюцца, як па-беларуску пачынаеш…”

Уліцёнак: “А ў чым праявілася тое на першым зьезьдзе навукоўцаў Беларусі?”

Гарэцкі: “Адзіны, хто карыстаўся на трыбуне родным словам, быў Рычард Смольскі”.

Уліцёнак: “Зараз дзяржава спрабуе нібыта ўмацаваць мову?”

Гарэцкі: “Закон аб правапісу і беларускай артаграфіі распрацоўвала камісія на чале зь міністрам адукацыі спадаром Радзьковым. Але ён ніколі не гаворыць па-беларуску. Як можа тады ўзначальваць такую камісію? Мне здаецца, мова зараз робіцца аб’ектам палітыкі. Што, канечне, няправільна. Той самы Радзькоў казаў прыблізна так: закон стане дзейным сродкам спыненьня практыкі непрадуманага супрацьзаконнага ўжываньня ў пэрыядычным друку тарашкевіцы. Гэта ж тыповая палітыка!”

Уліцёнак: “А што ўзамен яе?”

Гарэцкі: “Зараз трэба не вось такой законатворчасьцю займацца. Самае галоўнае для нас – захаваньне мовы. Яе пашырэньне ў штодзённым ужытку. Мову ратаваць трэба”.
XS
SM
MD
LG