Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага:“Пасля працы, пагаліўшыся ў сваёй цырульні, калгаснікі ідуць адпачываць”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 7 лістапада ў розныя гады мінулага.

“Plotka Wilenska” на гэтым тыдні 1907 году друкуе анэкдот з кулюараў І Думы: “Знаны літаратар, пасол зь Меншчыны гутарыць з паслом-селянінам, таксама зь Меншчыны, па-беларуску. Падышоў пасол В. і зьвярнуўся да літаратара па-польску. “Я, — кажа пасол-літаратар, — хоць і жыву ў Варшаве, але лічу беларускую мову роднай”. “А ў сям’і вы таксама гаворыце па-беларуску?” “Ну, гэта нешта крыху іншае, у сям’і размаўляю па-польску”. “Дык, значыць, у пана дзьве родныя мовы? “ “Не, — сказаў пасол-селянін, — у яго адна родная мова, адно што на два бакі”.

“Вуліцы калгаса імя Тэльмана, Старадарожскага раёна, падобны на вуліцы горада, — апавядае ў 1937 годзе “Звязда” пад рубрыкай “Беларусь ордэнаносная”. — Вечарамі ва ўсіх кутках запальваюцца лямпачкі Ільіча. Калгаснікі звыкліся з электрычным святлом і зараз не могуць уявіць сабе, як гэта яны калісьці асвятлялі свае хаты лучынай і газніцамі. Пасля працы, пагаліўшыся ў сваёй цырульні, калгаснікі ідуць адпачываць у добра абсталяванае гукавое кіно, у чытальню, а многія — у калгасны парк культуры. Вуліцы поўняцца пералівамі гармоніка, маладымі задорнымі песнямі і смехам”.

“Имя” на гэтым тыдні 1997 году адзначае: “3 лістапада споўнілася сорак гадоў з дня вывядзеньня на арбіту першага ў сьвеце біялягічнага штучнага спадарожніка Зямлі. Упершыню жывая істота адправілася ў космас. Першы касманаўт — сабака Лайка, — які быў ўжо мёртвы, 2369 разоў абляцеў вакол Зямлі й пераадолеў адлегласьць больш як 100 мільёнаў кілямэтраў. Чалавецтва адзначыла яго сьмерць бурнай весялосьцю, у час якой слабы пратэст ангельскага таварыства аховы жывёл застаўся незаўважным”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG